Пошук

31.10.2023 11:52   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

З 27 па 29 кастрычніка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для юнакоў і міністрантаў, якія знаходзяцца на шляху пошуку свайго паклікання.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, па традыцыі ўдзельнікі гэтых восеньскіх рэкалекцый правялі некалькі дзён разам з семінарыстамі згодна з асноўным распарадкам дня гэтай навучальнай установы.

Рэкалекцыі распачаліся адметным чынам. У першы дзень, які сімвалічна супаў з патранальным святам семінарыйнай супольнасці — святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, новапрэзбітэр Андрэй Юхнік, для якога гродзенская семінарыя — alma mater, цэлебраваў у яе капліцы прыміцыйную святую Імшу і ўдзяліў кожнаму індывідуальнае благаслаўленне.

Новапасвячаны ксёндз заахвоціў семінарыстаў і ўдзельнікаў рэкалекцый да адвагі і пільнага захоўвання сваёй хрысціянскай свядомасці, згодна са сваім пакліканнем.

Юнакі наведалі пустэльню і касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі і святога Юрыя ў вёсцы Пералом, якую называюць калыскай ордэна капуцынаў на нашай зямлі. У гэтым месцы распачалося служэнне братоў капуцынаў і знаходзіўся іх першы ў Беларусі кляштар.

Міністрант пакліканы быць сведкам Езуса ўсюды і кожны дзень — не толькі ў касцёле пры алтары, але і на вучобе, дома, падчас сустрэч з сябрамі і аднагодкамі. Таму, акрамя духоўных практыкаванняў, праграма рэкалекцый уключала час на сустрэчы са старэйшымі семінарыстамі — магчымасць для развіцця чалавечай фармацыі.

Старэйшыя студэнты семінарыі падзяліліся сведчаннем свайго паклікання і жыццёвага шляху, які прывёў іх у дом фармацыі будучых святароў Езуса Хрыста.

Наведванне музейных экспазіцый і Старога гродзенскага замка, помніка архітэктуры Рэнесансу, пабудаванага для караля Стэфана Баторыя ў XVI стагоддзі, стала для юнакоў нагодай для паглыблення знаёмства з культурнай спадчынай.

Скончыліся рэкалекцыі ў нядзелю ўрачыстай Імшой у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя.

Дні, праведзеныя ў семінарыі, сталіся для ўдзельнікаў магчымасцю пашырыць свае веды аб гісторыі Касцёла, семінарыйнай фармацыі, а для тых з іх, якія з’яўляюцца міністрантамі, — натхненнем да яшчэ больш стараннага служэння ў родных парафіях.

 

Абноўлена 31.10.2023 11:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.