Пошук

16.12.2019 12:58   Тэкст: Аляксей Заічанка / Фота: Аляксандра Шчыглінская, Міхаіл Сідаровіч, Вікторыя Рыхтэрс / Catholic.by

14 снежня, ва ўспамін святога Яна ад Крыжа, у пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі дыякан Януш Чарнамораў прыняў сакрамэнт прэзбітэрскага пасвячэння, які ўдзяліў яму біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец і канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі.

Падзяліць радасць прыняцця святарства з дырэктарам рэлігійнай місіі Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Пінскай дыяцэзіі Янушам Чарнаморавым прыбылі таксама яго калегі: дырэктар рэлігійнай Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі брат Андрэй Жылевіч OFMCap і дырэктар Caritas Беларусь ксёндз Віталій Дабраловіч.

З гэтай нагоды ў пінскай катэдры сабраліся шматлікія святары, законныя сёстры і сотні вернікаў: як з роднай парафіі новапрэзбітэра, так і з іншых куткоў дыяцэзіі і Беларусі. На пачэсным месцы ў касцёле размясціліся бацькі кандыдата, яго сваякі і сябры.

У прамоўленай гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка падкрэсліў, што для Пінскай дыяцэзіі гэта быў асабліва радасны і ўрачысты дзень, паколькі святарская супольнасць папоўнілася яшчэ адным святаром.

У Божым слове пастыр дыяцэзіі разважаў над тым, хто з’яўляецца сапраўдным Добрым Пастырам, як стаць добрым пастырам на ўзор Хрыста і як прапаведаваць Добрую Навіну, каб у людзях абуджаць веру. Кандыдату да святарства і свайму будучаму супрацоўніку біскуп даў такі наказ:

«Дарагі браце, сакрамэнт пасвячэння дасць табе магчымасць удзелу ў місіі самога Хрыста. Тваім заданнем будзе сеяць зерне Божага Валадарства і быць распарадчыкам святых сакрамэнтаў.

Каб быць верным слугою Бога, ты павінен сам спажываць Эўхарыстыю, якая з’яўляецца крыніцай і вяршыняй хрысціянскага жыцця. Прыступаючы да алтара тваёй штодзённай школы святасці, ты будзеш адкрываць багацце і любоў Боскага Настаўніка, які кліча цябе да больш глыбокага сяброўства.

Калі будзеш паслухмяны Яму, калі будзеш наследаваць Яго, то навучышся ў сваім жыцці і душпастырскім служэнні Яго любові і клопату аб збаўленні душаў. Тады з Божай дапамогай будзеш добрым пастырам, гатовым за яго аддаць сваё жыццё, калі будзе такая неабходнасць».

На заканчэнне святой Імшы ксёндз Януш звярнуўся да прысутных са словамі падзякі.

Пасля новапрэзбітэра з пастырскім словам да сабраных звярнуўся адзін з найстарэйшых святароў Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, а напрыканцы біскуп Антоні ўручыў маладому святару дакумент, які пацвярджае прынятае пасвячэнне і дазвол на выкананне святарскай паслугі.

Са словамі віншавання звярнуліся да новапрэзбітэра дзеці пінскай катэдральнай парафіі, дзе ксёндз Януш з’яўляецца катэхетам, а таксама дырэктар і супрацоўнікі Лагішынскага Дома міласэрнасці і парафіяне з Лагішына.

 

Абноўлена 16.12.2019 15:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця