Пошук

12.12.2019 09:35   Паводле: Андрэй Юхнік / Grodnensis.by / Фота: з асабістага архіву біскупа Юзафа Станеўскага / Catholic.by

Раніцай 11 снежня ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі цэлебраваў святую Імшу падзякі ў 25-ю гадавіну дыяканскага пасвячэння.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, усе прысутныя на Эўхарыстыі выхавацелі і семінарысты далучыліся да падзякі Богу за дар паклікання і дар паўнаты святарства для біскупа Юзафа.

8 снежня 1994 года ў гродзенскай катэдры біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў дыяканскае пасвячэнне студэнтам Гродзенскай семінарыі: Юзафу Станеўскаму, Юзафу Ганьчыцу, Антонію Клімантовічу, Яну Крэмісу і Андрэю Бародзічу.

Гэта было першае пасвячэнне семінарыстаў у гісторыі гродзенскай Alma Mater з часу яе заснавання.

Рэкалекцыі перад прыняццем сакрамэнту пасвячэння для тагачасных кандыдатаў праходзілі з 1 па 7 снежня ў Ішчалне (Шчучынскі дэканат), правёў іх ксёндз прэлат Вінцэнт Лісоўскі. Аб рэкалекцыях засталася памятка — абразік з подпісам ксяндза Вінцэнта, які да сённяшняга дня захаваў біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім брэвіярыі. З пасвячэння дыяканату біскуп захаваў і фотаздымкі.

«Пайшоў тады зрабіць гэтыя фотаздымкі ў атэлье. Дык у мяне спыталі: „А што гэта: вы ў жмуркі, лежачы, гуляеце?“ Тады яшчэ не разумелі гэтага», — прыгадаў з усмешкай біскуп.

Юбіляр дадаў, што гадавіну дыяканскага пасвячэння зазвычай ніхто не адзначае, але, перш за ўсё, дыяканат з’яўляецца першай і важнай ступенню пасвячэння, а таксама з моманту прыняцця дыяканату свецкі чалавек становіцца духоўным.

У наш час значэнне гэтага ўстаноўленага Апосталамі інстытута ва ўсім Касцёле паступова адраджаецца.

Калі да нядаўняга часу дыяканат быў толькі ступенню перад прэзбітэрскім пасвячэннем, сёння сталыя дыяканы, як і ў апостальскія часы, у многіх краінах нясуць уласцівае ім служэнне. Таксама і каталіцкія біскупы Беларусі вырашылі адрадзіць у нашай краіне служэнне сталых дыяканаў.

Фота Паўла Леановіча

Абноўлена 12.12.2019 09:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця