Пра гэта 10 снежня падчас круглага стала «За нараджэнне» паведаміла журналістам загадчыца паліклінікай установа аховы здароўя «Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр» Святлана Разіна.
Як перадае агенцтва БЕЛТА, з 2 снежня ў перынатальным цэнтры рэалізуецца праект «Клініка без абортаў».
У гэтай установе аховы здароўя не праводзяць перарыванне цяжарнасці да 12-і тыдняў па жаданні жанчыны ні інструментальным, ані медыкаментозным спосабам.
«Праблема абортаў актуальная для ўсяго свету; яна мае і эканамічнае, і сацыяльнае, і этычнае значэнне. Уплывае яна і на дэмаграфію. У Гродзенскай вобласці, на жаль, як і ва ўсёй краіне, нараджальнасць зніжаецца. У 2018 годзе ў рэгіёне нарадзілася на 9% менш дзяцей, чым на год раней», — адзначыла Святлана Разіна. Яна падкрэсліла, што праект «Клініка без абортаў» у тым ліку скіраваны на павышэнне нараджальнасці.
«У рэгіёне ў гэтым кірунку і раней было зроблена нямала.
У Гродзенскай вобласці адзначаецца штогадовае зніжэнне колькасці абортаў. Толькі за апошнія тры гады іх стала менш на 13%, — распавяла Святлана Разіна. — Стабільна зніжаецца колькасць абортаў і сярод жанчын, якія зацяжаралі ўпершыню».
З усімі цяжарнымі жанчынамі працуюць псіхолагі і псіхатэрапеўты. Дзякуючы перадабортным псіхалагічным кансультацыям у 2018 годзе 21% жанчын адмовіліся забіваць сваё ненароджанае дзіцятка. Па выніках дзевяці месяцаў бягучага года гэты паказчык склаў амаль 26%.
Падчас круглага стала адзначалася, што кожная перарваная цяжарнасць — гэта праблема не проста жанчыны і сям’і, але і ўсяго грамадства. Пытанні фармавання станоўчага бацькоўства, выхавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, адказных адносінаў да цяжарнасці сталі галоўнымі тэмамі для абмеркавання. У працы круглага стала «За нараджэнне» ўзялі ўдзел не толькі медыкі-практыкі і спецыялісты з гэтай галіны, але і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і святары.
На базе перынатальнага цэнтра для аказання комплекснай спецыялізаванай дапамогі жанчынам і сужэнскім парам створана абласное кансультацыйна-дыягнастычнае аддзяленне «Шлюб і сям’я». Тут увага ўдзяляецца планаванню цяжарнасці і далейшаму яе суправаджэнню для нараджэння здаровага дзіцяці.
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вітае і падтрымлівае ініцыятыву гродзенскіх медыкаў, а таксама заклікае распаўсюдзіць яе як мага шырэй, каб не толькі адна клініка, але ўся Беларусь як найхутчэй стала краінаю без абортаў.
Аборт з пункту гледжання хрысціянскай і агульначалавечай маралі абсалютна недапушчальны, паколькі з’яўляецца не чым іншым, як жорсткім забойствам ненароджанага безабароннага дзіцяці. Каталіцкі Касцёл у супрацоўніцтве з Праваслаўнай Царквой, прадстаўнікамі іншых канфесій, рэлігійных і грамадскіх арганізацый прыкладае вялікія намаганні для таго, каб распаўсюджваць у свеце цывілізацыю жыцця і павагі да яго з моманту зачацця чалавека і да моманту яго натуральнай смерці.