5 снежня ў касцёле мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай пробашч кс. канонік Францішак Рудзь сустрэўся з мусульманскай моладдзю з Туркменістана, якая атрымлівае адукацыю ў навучальных установах нашай сталіцы.
Беларусь з'яўляецца найбольш яркім прыкладам талерантнасці ў адносінах паміж рознымі рэлігіямі і культурамі ў свеце. Тут атрымліваюць адукацыю прадстаўнікі многіх краін і канфесій. Маладых людзей, якія прыязджаюць у Беларусь, сустракае нацыянальная гасціннасць і дабрыня. Аднак усе яны пачынаюць жыць у новых умовах і ўзаемадзейнічаць з прадстаўнікамі іншай традыцыі. Каб быць узаемаветлівымі, мы павінны як мага больш даведацца адзін пра аднаго. Гэта і стала асноўнай мэтай візіту мусульманскай моладзі ў каталіцкую святыню.
Моладзь, якая прыехала ў госці, ужо паспела прачытаць шмат літаратуры пра традыцыі беларускага народа, найважнейшыя помнікі культуры і шматканфесійнасць жыцця ў Беларусі. Аднак кнігі і інтэрнэт-рэсурсы не замяняюць жывога дыялогу са святаром.
Моладзь захацела лепш разабрацца і знайсці адказы на пытанні пра традыцыі Касцёла на Беларусі, сімволіку літургіі і ўзаемаадносіны паміж каталіцкай і мусульманскай канфесіямі ў нашай краіне.
У інтэрнэт-рэсурсах маладыя людзі знайшлі адрасы каталіцкіх парафій у Мінску. Даведаўшыся, што адна з іх звязана з культам Маці Божай Будслаўскай, фэст у гонар якой быў унесены у 2018 г. у Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА, моладзь патэлефанавала пробашчу і дамовілася аб сустрэчы.
Кругагляд маладых людзей прыемна здзівіў. Яны добра разбіраюцца ў канфесійнай сітуацыі ў свеце і нават прызналіся, што адным з вырашальных момантаў у выбары краіны для атрымання адукацыі сталі веды пра тое, што на тэрыторыі Беларусі на працягу ўжо больш за сем стагоддзяў у міры і згодзе жывуць хрысціяне і мусульмане. На нашай зямлі ніколі не было міжрэлігійных войнаў і буйных канфліктаў на рэлігійнай глебе. У дыялогу ў іх прасочвалася велізарнае жаданне знайсці як мага больш агульнага паміж нашымі рэлігіямі.
Найбольшую цікавасць выклікалі гісторыя санктуарыя ў Будславе, Адвэнт, традыцыі святкавання Калядаў і літургічнае адзенне святара.
Моладзь была ў захапленні, што актыўную прысутнасць Касцёла на Беларусі можна назіраць у самых розных сферах грамадскага жыцця.
Дабрачыннасць, падтрыманне нацыянальнай культуры і традыцый, развіццё сваіх СМІ, выдавецкая дзейнасць, распрацоўка і ўкараненне навучальна-выхаваўчых праграм, лекцыі і канферэнцыі, экуменізм даўно сталі асноўнымі вектарамі дзейнасці Касцёла ў нашай краіне.
У сваю чаргу ксёндз Францішак запрасіў на сустрэчу і Старшыню Савета імамаў Рэспубліканскага рэлігійнага аб'яднання Дзмітрыя Радкевіча. Імам распавёў студэнтам пра добрасуседскія адносіны, да якіх заклікаюць нашы рэлігіі. Напрыканцы размовы мусульманская моладзь адзначыла, што сёння ў свеце назіраецца нестабільнасць у міжрэлігійных адносінах. Таму зараз так важны і актуальны прыклад Касцёла на Беларусі. Ён стаіць на пазіцыі міжрэлігійнага дыялогу, мэтай якога з'яўляецца павага да кожнай рэлігійнай канфесіі і ўмацаванне міру.
Госці выказалі надзею на працяг дыялогу і запрасілі святара і парафіянаў з візітам у мячэць.