1 снежня копія фігуры св. Міхала Арханёла з Гаргана (Італія) у межах перэгрынацыі па каталіцкіх парафіях Беларусі была перавезена ў Віцебскую дыяцэзію, а менавіта ў катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага.
Перад катэдрай фігуру сустрэў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч з пробашчам гэтай парафіі ксяндзом Валерыем Орсікам і вернікамі. Пасля малітвы папы Льва ХІІІ праз заступніцтва св. Міхала фігуру пад спеў вернікаў унеслі ў святыню. Згодна з праграмай перэгрынацыі, на пачатку, як і ў кожнай парафіі, прагучалі малітвы аб заступніцтве Арханёла: Літанія, малітва аб аздараўленні і вызваленні, малітва праз заступніцтва св. Міхала за Беларусь.
На пачатку Імшы біскуп Буткевіч падзякаваў Богу за ласку, што мы можам паразважаць аб заступніцтве і апецы святога Арханёла над Касцёлам і асабліва над Беларуссю.
Святы Міхал — галоўны апякун Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і Касцёла на Беларусі.
Гамілію прамовіў апякун і арганізатар перэгрынацыі фігуры Міхала Арханёла па парафіях Беларусі, пробашч і дэкан Стаўбцоўскага дэканату кс. Ігар Лашук. Ён адзначыў, што асноўная роля арханёлаў і анёлаў — данесці інфармацыю пра Бога і Яго пажаданні для таго, каб жыццё чалавека на зямлі працягвалася. Святар дадаў, што Пан Найвышэйшы ў сваёй Міласэрнасці падараваў цуд жыцця на планеце Зямля ўсяму Сусвету. Арханёл Міхал, па яго словах, нясе інфармацыю, што Богу належыць хвала і праслаўленне і нішто жывое нікому і нічому не павінна аддаваць Божай хвалы. Бог — Валадар усяго стварэння, і ніхто больш.
Перэгрынацыя, адзначыў кс. Лашук, павінна пакінуць след у чалавеку, сям’і, парафіі, Касцёле і грамадстве. Мы пазнаем і нанава адкрываем ролю Арханёла ў жыцці асобнага чалавека на зямлі і пасля смерці, яго заступніцтва над сям’ёю, заўважыў святар. Будзе вельмі карысна, дадаў ён, калі мужчына — галава сям’і — кожны ранак стане супрацоўнічаць, найперш праз малітву, з Міхалам у ратаванні сям’і ад уплываў злога.
Святар заахвоціў маліцца за Беларусь, каб святы Арханёл максімальна зменшыў або зусім спыніў уплыў сатаны і злых духаў на людзей, якія прымаюць адказныя рашэнні, бо гэтая непатрэбнасць адбірае ў Касцёла шмат часу і сродкаў, якія можна скіраваць на духоўную апеку над чалавецтвам. Усё гэта, дадаў кс. Лашук, мы павінны рабіць у адзінстве з Хрыстом і Яго Евангеллем.
Потым фігура ў суправаджэнні біскупа Буткевіча накіравалася ў парафію св. Піо з П’етрэльчыны ў Лёзне, якая знаходзіцца амаль на мяжы з Расіяй і дзе ёсць невялікі касцёл і даволі моцная, хоць і нешматлікая, парафіяльная супольнасць.
У малітвах прасілі святога Арханёла бараніць нашу краіну і асабліва яе палітычную незалежнасць.
Пасля фігура прыбыла ў цэнтр старога горада, на месца, дзе калісьці стаяў касцёл св. Антонія і кляштар францішканаў і дзе цяпер знаходзіцца фантан трох рэк. Усталяваўшы фігуру на месцы, дзе быў касцёл, прысутныя разам з біскупам прасілі апекі святога Міхала над горадам і магчымасці адрадзіць разбураную святыню.
Пасля сабраныя вярнуліся ў катэдру і працягнулі малітвы.
Перэгрынацыя ў катэдральнай парафіі працягнецца да 5 снежня, а адтуль фігура пераедзе ў старадаўні віцебскі касцёл святой Барбары.
Фігура з’яўляецца копіяй фігуры Міхала Арханёла з найстарэйшага санктуарыя ў свеце, прысвечанага гэтаму Арханёлу. Санктуарый знаходзіцца ў горным масіве Гаргана ў Італіі, на гары святога Анёла, на якой размешчаны гарадок з такой жа назвай. Культ святога Міхала ў гэтым месцы існуе з V стагоддзя.
Фігура знаходзілася пэўны час у пячоры Аб’яўлення святога Міхала і была благаслаўлена падчас урачыстасцяў Аб’яўлення 8 мая 2018 года. У гэты ж дзень яна была перавезена спецыяльным авіярэйсам у архікатэдральны касцёл у Мінску, дзе прабывала да 1 ліпеня 2018 года.
Падчас працэсіі Божага Цела фігура была пранесена па вуліцах нашай сталіцы, а 1 ліпеня перавезена ў Будслаўскі санктуарый на час адпустовых урачыстасцяў. 5 ліпеня 2018 года фігура прыбыла ў парафію св. Міхала Арханёла ў вёску Багданава Валожынскага раёна — парафію, для якой і была прывезена з Італіі.
З благаслаўлення Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча 29 верасня 2018 года фігура распачала перэгрынацыю па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і, са згоды каталіцкіх біскупаў у Беларусі, па парафіях іншых дыяцэзій нашай краіны. Перэгрынацыя пачалася з мінскага архікатэдральнага касцёла і парафій сталіцы.