30 лістапада, у свята святога Андрэя, апостала, у парафіі св. Антонія ў Слуцку прайшлі дыяцэзіяльныя «Андрэйкі».
«Андрэйкамі» прынята называць інтэграцыйныя сустрэчы напярэдадні Адвэнту.
У гэтай падзеі ўдзельнічала пераважна моладзь старэйшага школьнага ўзросту з Мінскай вобласці: Мінска, Асіповічаў, Нясвіжа, Салігорска і Слуцка.
Арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму, якая спалучала малітоўную і забаўляльную часткі.
Моладзь чувала перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ўдзельнічала ў святой Імшы. У яе быў час на тое, каб патанцаваць, праверыць веданне Святога Пісання, пазнаёміцца і г.д. Маладыя вернікі парафіі св. Сымона і св. Алены ў Мінску прадставілі сцэнку пра пакліканне святога Андрэя да апостальства.
Падчас Імшы кс. Кірыл Бардонаў распавёў пра постаць гэтага святога і пра значэнне Адвэнту, а таксама заахвоціў прысутных у першую чаргу быць гатовымі да сустрэчы з Хрыстом у канцы часоў.
Арганізаваць сёлетнія «Андрэйкі» дапамагалі браты францішкане і сёстры святой Ядвігі (ядвіжанкі), якія нясуць служэнне ў гэтай слуцкай парафіі.
У 2020 годзе дыяцэзіяльныя «Андрэйкі» пройдуць у парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранка).