Пошук

22.11.2019 22:19   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by

22 лістапада ў Вільні прайшла цырымонія дзяржаўнага перапахавання нацыянальнага героя Беларусі, Літвы і Польшчы Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў вызвольнага паўстання 1863–1864 гг. У цырымоніі ўзяў удзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў на перапахаванні беларускую касцёльную дэлегацыю, у якую ўвайшлі таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, пяць святароў лацінскага абраду і трое грэка-каталіцкіх прэзбітэраў.

Падчас працаў па ўмацаванні схілаў гары Гедыміна ў Вільні, якія вяліся са студзеня 2017 года, былі выпадкова знойдзены пахаванні. У выніку праведзеных даследванняў пацвердзілася прыналежнасць знойдзеных парэшткаў Кастусю Каліноўскаму і іншым удзельнікам вызвольнага паўстання пад яго кіраўніцтвам, якія былі пакараныя смерцю царскімі сатрапамі на Лукішскай плошчы.

У выніку далейшых пошукаў былі выяўлены парэшткі дваццаці кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання, якія былі з дзяржаўнымі пашанамі перапахаваныя на могілках Роса ў Вільні.

У цырымоніі дзяржаўнага перапахавання ўзялі ўдзел прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, а таксама прадстаўнічая дэлегацыя Беларусі на чале з віцэ-прэм’ерам Ігарам Петрышэнкам.

Раніцай адбыўся вынас трунаў з парэшткамі ўдзельнікаў паўстання з унутранага двору Палаца Вялікіх Князёў Літоўскіх на плошчу перад віленскай катэдрай, пасля чаго яны былі ўнесены ў віленскую катэдральную базыліку святога Станіслава і святога Уладзіслава. На працягу больш як гадзіны ў галоўным касцёле Віленскай архідыяцэзіі працягвалася грамадзянскае развітанне. У гэты час у катэдру прыбылі нашы шматлікія суайчыннікі, а таксама афіцыйныя асобы і замежныя дэлегацыі.

Апоўдні пры трунах з парэшткамі паўстанцаў распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Мітрапаліт Віленскі Гінтарас Грушас з удзелам духавенства з Літвы, Польшчы і Беларусі.

На плошчы перад катэдрай была арганізавана відэатрансляцыя для вернікаў, якія не змаглі трапіць у святыню, уваход куды быў абмежаваны.

На заканчэнне літургіі з кароткаю прамоваю да прысутных звярнуўся арцыбіскуп Юзаф Гуздэк, галоўны капелан Войска польскага.

Пасля яго як прадстаўнік Беларусі са словам звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Прывітаўшы шматлікіх удзельнікаў, якія прыбылі на цырымонію перапахавання з Беларусі, у сваёй кароткай прамове іерарх, між іншым, сказаў:

«Паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнанняў. Але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў і за іх агульную свабоду — змагаліся „за нашу і вашу свабоду“».

«Сярод іх Кастусь Каліноўскі, сын беларускага народа, лідар нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся надзвычайнаю сілаю духа і з’яўляўся адным з кіраўнікоў паўстання. Таму сённяшняя падзея мае вялікае значэнне таксама і для Беларусі», — адзначыў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

На заканчэнне арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў:

«Сімвалічна, што перапахаванне парэшткаў паўстанцаў адбываецца ў Вільні — горадзе Божай Міласэрнасці. Cваімі малітвамі мы спадарожнічаем загінулым паўстанцам і даручаем іх душы міласэрнаму Богу».

Пасля іерархаў прамовілі прэзідэнты Літвы і Польшчы, а таксама віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ігар Петрышэнка.

Пасля святой Імшы адбыўся вынас трунаў з катэдральнай базылікі, адкуль жалобная працэсія вырушыла на могілкі Роса. Па дарозе пахавальная працэсія спынілася каля Вострай Брамы, дзе адбыўся спеў антыфоны «Тваёй абароне аддаемся, святая Багародзіца» на літоўскай, польскай і беларускай мовах.

Па-беларуску і па-польску марыйную антыфону заспяваў парафіяльны хор з касцёла св. Сымона і св. Алены ў Мінску, шырока вядомага як Чырвоны касцёл.

Пасля таго, як працэсія з парэшткамі прыбыла на могілкі Роса, труны былі ўнесены ў капліцу, дзе адбыліся абрады апошняга развітання і даручэння спачылых Божай Міласэрнасці. З кароткімі прамовамі на могілках зноў выступілі прэзідэнты Літвы і Польшчы. Парэшткі Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў атрымалі вечны спачын у пахавальных нішах у капліцы на могілках Роса.

Паўстанне 1863–1864 гг. засталося ў памяці народаў як сімвал самаахвярнага змагання за грамадзянскія правы і рэлігійную свабоду. І ў наш час гэтыя каштоўнасці маюць асноватворнае значэнне для мірнага суіснавання і сумеснага будавання лепшай будучыні, пра якую марылі высакародныя героі Кастусь Каліноўскі і яго паплечнікі.

Абноўлена 23.11.2019 08:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.