Пошук

22.11.2019 14:34   Catholic.by

22 лістапада ў віленскай катэдральнай базыліцы святога Станіслава і святога Уладзіслава адбылася святая Імша пры трунах з парэшткамі Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў вызвольнага паўстання 1863–1864 гг., пасля якой са словам да ўдзельнікаў цырымоніі перапахавання звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Глыбокапаважаныя спадары Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда,
Ваша Эксцэленцыя арцыбіскуп Гінтарас Грушас, Мітрапаліт Віленскі,
шаноўныя Эксцэленцыі,
паважаныя кіраўнікі афіцыйных дэлегацый Беларусі, Латвіі і Украіны,
прадстаўнікі дзяржаўных уладаў,
духоўныя асобы, вернікі, умілаваныя браты і сёстры, у тым ліку пілігрымы з Беларусі!

Божы Провід дазваляе нам браць удзел у перапахаванні парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў. Гара Гедыміна — сімвал Вільні — два гады таму адкрыла нам сваю таямніцу. Нарэшце скрытыя на працягу паўтараста гадоў парэшткі герояў паўстання былі адшуканыя і сёння з пашанай пераносяцца на месца вечнага спачынку на могілкі Роса ў Вільні.

У Бога няма выпадковасцяў. Магчыма, так трэба было, каб мы зноў узгадалі пра тых, хто аддаў сваё жыццё ў трагічных абставінах, імкнучыся здабыць волю.

Паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнанняў. Але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў і за іх агульную свабоду — змагаліся «за нашу і вашу свабоду».

Сярод іх Кастусь Каліноўскі, сын беларускага народа, лідар нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся надзвычайнаю сілаю духа і з’яўляўся адным з кіраўнікоў паўстання. Таму сённяшняя падзея мае вялікае значэнне таксама і для Беларусі.

Кастусь Каліноўскі належыць нашай гісторыі як той, хто заклаў аснову самасвядомасці беларусаў як асобнай еўрапейскай нацыі, якая мае права на самавызначэнне.

У ім і яго паплечніках мы бачым узор альтруізму, самаахвярнасці, усведамлення ўласнае годнасці.

Хоць у жыцці і барацьбе паўстанцаў былі разнастайныя аспекты, якія цяжка ахапіць у некалькіх сказах, і хоць само паўстанне не прынесла жаданага плёну, тым не менш яно пакінула свой след у гісторыі.

Узгадваючы тыя далёкія гістарычныя падзеі, мы не імкнемся раздзіраць загоеныя раны і пасыпаць іх соллю. Наадварот, мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесці адсутнасць любові да бліжняга і павагі да яго правоў, якія ён атрымаў ад Бога, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася.

Мы таксама жадаем маліцца за паўстанцаў-мучанікаў, магілы якіх яшчэ зусім нядаўна не былі вядомыя, і аднавіць братэрскія адносіны з суседнімі народамі і вернікамі розных веравызнанняў. Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў.

Сімвалічна, што перапахаванне парэшткаў паўстанцаў адбываецца ў Вільні — горадзе Божай Міласэрнасці. Cваімі малітвамі мы спадарожнічаем загінулым паўстанцам і даручаем іх душы міласэрнаму Богу.

Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі. Амэн.

Абноўлена 22.11.2019 20:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця