Пошук

21.11.2019 15:46   Тэкст: Ганна Якімовіч / Фота: Людміла Чэканава / Catholic.by

19–20 лістапада ў Мінску адбыўся Міжнародны форум Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas па абароне дзяцей, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі Расіі, Украіны, Літвы, Малдовы, Польшчы, Аўстрыі, Грузіі і Беларусі.

У апошнія гады Caritas надае асаблівую ўвагу стварэнню бяспечнага і абароненага асяроддзя для дзяцей. Міжнародны форум меў на мэце аб’яднаць намаганні дабрачыннага каталіцкага таварыства і ключавых партнёрскіх арганізацый у галіне абароны дзяцей.

Форум у Мінску быў арганізаваны Caritas Беларусь пры падтрымцы Caritas Лінц (Аўстрыя).

20 лістапада — дзень прыняцця асноватворных міжнародных дакументаў у галіне абароны правоў дзіцяці. Прынятая ў 1989 годзе Канвенцыя па правах дзіцяці — першы і асноўны міжнародна-прававы дакумент, дзе правы дзіцяці сталі разглядацца на ўзроўні міжнароднага права. Артыкулы Канвенцыі дэталізуюць індывідуальныя правы дзяцей на поўнае развіццё сваіх магчымасцяў ва ўмовах, вольных ад голаду і нястачы, жорсткасці, эксплуатацыі і іншых формаў злоўжыванняў.

«Калі мы проста пройдзем міма праблемы, яна не будзе вырашана. Але мы не зможам сказаць, што мы яе не бачылі або пра яе не ведалі, — такімі словамі адкрыў форум Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Сёння дастаткова сродкаў масавай інфармацыі, дастаткова штодзённай практыкі, якая кажа, што мы не можам быць глухімі да праблемы абароны дзяцей. Мы сутыкаемся з ёю паўсюль — у школе, універсітэце, арміі, Касцёле і сям’і.

Сям’я — гэта базіс, фундамент кожнага грамадства, але яна таксама схільная да гэтых праблемаў, і статыстыка гаворыць, што больш за ўсё насілля над малалетнімі здзяйсняецца ў сям’і. Гэта праўда, якой трэба глядзець у вочы. Другі аспект гэтай праблемы — юрыдычны. Мы, як людзі Касцёла, людзі маралі, павінны памятаць, што ў такой сітуацыі павінны супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі».

Іерарх падзякаваў арганізатарам форуму, спікерам і ўдзельнікам і пажадаў Божага благаслаўлення, каб дзеці ва ўсіх краінах жылі ў бяспецы і любові, не галадалі, каб супраць іх не здзяйсняліся супрацьпраўныя дзеянні ні ў сям’і, ні ў грамадстве.

Новыя стандарты Caritas Internationalis па бяспецы дзяцей прадставілі Андрэ Адзапардзі, кіраўнік па забеспячэнні бяспекі, старшыня Камісіі па бяспецы ў Мальце, і Сільвія Сінібальдзі, дырэктар па гуманітарных пытаннях Caritas Еўропа.

Кіруючы дырэктар і эксперт сеткі па прадухіленні жорсткага абыходжання і эксплуатацыі дзяцей ЕСРА Астрыд Вінклер у сваім дакладзе распавяла пра актуальныя і будучыя задачы па забеспячэнні бяспекі дзяцей і моладзі на міжнародным узроўні.

Пра сучасныя выклікі ў пытаннях абароны дзяцей на нацыянальным узроўні з удзельнікамі падзялілася кіруючы дырэктар грамадскага аб’яднання «Дзеці — не для насілля» Маргарыта Прахіна з Беларусі.

Ксёндз Адам Жак SІ, заснавальнік і дырэктар Цэнтра абароны дзяцей пры Ігнацыянскай акадэміі ў Кракаве (Польшча) распавёў пра асновы абароны, аховы і прэвентыўнай дзейнасці для дзяцей у Каталіцкім Касцёле.

Пра выклікі ў прэвентыўнай дзейнасці ў дыяцэзіі Лінц у Аўстрыі расказала Зігрыд Шпіндэльбек, праектны кіраўнік па праграмах у рэгіёне СНД і адказная за фонд пастаральных праектаў у сваёй дыяцэзіі.

Ксёндз Андрэй Зноска, дарадчык Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па прававых пытаннях, юрысконсульт Гродзенскай дыяцэзіі і дэлегат біскупа па абароне непаўнагадовых і недзеяздольных, выступіў з дакладам аб крымінальным праве і касцёльнай абароне правоў дзяцей.

Падчас працы ў групах у кожнага ўдзельніка форуму была магчымасць прадставіць свае праекты, падзяліцца ўнікальным досведам працы з дзецьмі, распавесці і прааналізаваць свае моцныя і слабыя бакі ў гэтай сферы, а таксама знайсці магчымыя кропкі судакранання і ідэі для будучых сумесных планаў і праектаў.

Былі створаны творчыя майстэрні для абмеркавання артыкулаў Канвенцыі па правах дзіцяці.

Арганізатары ўдзячныя ўсім, хто выступаў з дакладамі, партнёрам, удзельнікам, мадэратару Таццяне Жук, Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія цёпла прынялі гасцей форуму, а таксама Беларускаму дзяржаўнаму харэаграфічнаму ансамблю «Харошкі» за асаблівы настрой і атмасферу свята, салезіянам кс. Боско ў Беларусі (Бараўляны) за відэаінтэрв’ю з дзецьмі і ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі форуму.

 

Абноўлена 22.11.2019 12:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа