Пошук

17.11.2019 21:45   Тэкст: Анастасія Грышан / Catholic.by

17 лістапада ў Вільні адбыліся заключныя набажэнствы, якімі завяршыліся сёлетнія ўрачыстасці Апекаў Маці Божай Вастрабрамскай. Святую Імшу ў Вострай Браме цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Напярэдадні, у сам дзень урачыстасці Маці Міласэрнасці, у касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме адбылася святая Імша для беларускіх вернікаў і пілігрымаў з Беларусі, якая сабрала такую вялікую колькасць удзельнікаў, што зрабіла вялікае ўражанне на літоўскіх біскупаў і святароў.

У заключны дзень Апекаў, якія працягваліся цэлы тыдзень, дзве ўрачыстыя цэлебрацыі адбыліся пры адчненым вакне ў Вастрабрамскай капліцы перад цудатворным абразом Маці Міласэрнасці.

Адну з іх, на літоўскай мове, узначаліў Апостальскі Нунцый у Літве арцыбіскуп Петар Антун Ражыч, а другую, па-польску, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які калісьці ў парафіі пры Вострай Браме распачаў шлях свайго святарскага служэння, а сёлета дзякуе за 30 гадоў свайго біскупства. У цэлебрацыі ўзялі ўдзел Мітрапаліт Віленскі арцыбіскуп Гінтарас Грушас, іерархі і духавенства з Літвы, Польшчы і Беларусі, у тым ліку біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Вастрабрамскай — «благаслаўлёны час, калі ў гэтым славутым віленскім санктуарыі мы можам адкрыць сэрцы на таямніцу з’яднання Марыі з Яе Сынам і нашым Збаўцам Езусам Хрыстом, а тым самым на таямніцу Божай міласэрнасці».

Іерарх дадаў, што «міласэрнасць — найважнейшая рыса Бога», «з любові да чалавека Бог стварыў свет і яго самога», а ў часы Новага Запавету Божая міласэрнасць «асаблівым чынам праяўляецца праз пасрэдніцтва Марыі».

«Як наша духоўная Маці Марыя застаецца ёю надалей. Яна з’яўляецца быццам каналам, праз які Божая міласэрнасць сыходзіць на чалавецтва»,

— сказаў арцыбіскуп.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі нагадаў, што 30 гадоў таму ўпала сцяна ваяўнічага атэізму, што дало свабоду рэлігіі. Іерарх падкрэсліў, што свабода — «вялікі дар, але адначасова адказнасць», «мы павінны жыць паводле парадку, які ўстанавіў Бог, а не свайго», а гэта «ўяўляе сабой вялікую праблему для сучаснага свету».

«Касцёл заклікае, каб мы даверыліся Богу і не памыліліся ў штодзённых выбарах каштоўнасцяў, нават калі свет будзе нас спакушаць міражамі шчасця», — звярнуў увагу арцыпастыр.

Ён нагадаў, што апошні дзень сёлетніх адпустовых урачыстасцяў Маці Божай Вастрабрамскай прысвечаны тэме «Сыну свайму нас аддавай». Гэта апошнія словы малітвы «Пад Тваю абарону ўцякаем». Яны, як адзначыў арцыбіскуп, «указваюць нам шлях да сапраўды хрысціянскага жыцця, якое ў Езусе, які мае словы жыцця вечнага і які ёсць дарога, праўда і жыццё».

«Да Яго мы павінны ўцякаць у нашых патрэбах і жыць Яго праўдай, — дадаў іерарх. — У Ім у найвышэйшай ступені праявілася Божая міласэрнасць, якая, паводле словаў Яна Паўла ІІ, з’яўляецца адзінай надзеяй свету».

Шлях жа да Езуса, як падкрэсліў арцыбіскуп, указвае Марыя — Маці Міласэрнасці.

«У крызісных сітуацыях сучаснага свету аддадзімся ў Яе матчыны рукі, а Яна прывядзе да свайго Сына, міласэрнага Збаўцы, які адновіць нас духоўна, каб мы баранілі Евангелле і нашым хрысціянскім жыццём сведчылі, што ёсць іншы свет, іншыя каштоўнасці, іншы парадак жыцця. Што наш Пан — Хрыстус, правадыр па грэшных джунглях свету. Што гэта Яго маральныя прынцыпы паходзяць з крыніцы Божай любові і гарантуюць сапраўднае шчасце», — заахвоціў іерарх.

«Пасля ўзнёслых вастрабрамскіх урачыстасцяў, згодна са словамі вялікага шанавальніка Марыі св. Яна Паўла ІІ, мы вяртаемся ў нашы дамы, на месцы працы, вучобы і адпачынку з сэрцам, напоўненым надзеяй на перамогу жыцця над смерцю, дабра над злом, святла над цемрай, духоўнай свабоды над няволяй граху.

На гэтай дарозе няхай нам спадарожнічае Тая, якая, як сказаў вялікі Адам Міцкевіч, свеціць у Вострай Браме, каб святло Евангелля Яе Сына асвятляла шляхі нашага жыцця», — пажадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 17.11.2019 23:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця