Пошук

16.11.2019 19:46   Тэкст: Анастасія Грышан / Фота: Wilnoteka.lt; с. Людвіка Суравікіна / Catholic.by

16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Міласэрнасці Вастрабрамскай, падчас традыцыйных Апекаў у касцёле святой Тэрэзы ў Вільні адбылася святая Імша на беларускай мове для пілігрымаў з Беларусі.

Цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім маліліся Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, святары і шматлікія вернікі з Вільні і з розных парафій Беларусі. 

Арцыпастыр сёлета адзначае 30-годдзе свайго біскупскага служэння. Менавіта з гэтай віленскай парафіі ён калісьці распачаў сваё служэнне ў якасці святара.

У гаміліі іерарх адзначыў, што вобраз Божай Маці Вастрабрамскай аб’ядноўвае вернікаў Беларусі, Літвы, Польшчы і іншых краін.

«Сёння мы жывем у розных краінах і розных сацыяльна-палітычных умовах. Аднак у той жа час мы аб’яднаныя не толькі супольнай гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, але і адной каталіцкай верай і культам Марыі», — сказаў арцыбіскуп, дадаўшы, што культ Марыі з Вострай Брамы вельмі распаўсюджаны на нашых землях.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падкрэсліў, што з самага пачатку Марыя, Маці міласэрнасці, была блізкая да чалавечых справаў. «У часы ваяўнічага атэізму ў ХХ стагоддзі вернікі з Беларусі ехалі ў Вострую Браму і маліліся аб свабодзе веравызнання. Віленскі санктуарый Маці Божай Міласэрнасці глыбока ўпісаўся ў гісторыю змагання за правы вернікаў», — нагадаў арцыпастыр.

«У канцы 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя свабода, аб якой людзі малілі Бога і Марыю, прыйшла. Трэба памятаць, што свабода — гэта не толькі Божы дар, але яшчэ і заданне, абавязак. На вялікі жаль, пра гэта людзі забываюцца.

У выніку чаго яны жывуць не свабодай Божага закону, а свабодай ад яго. А Бог заклікае жыць паводле вучэння Евангелля, а не паводле жадання самога чалавека чыніць усё тое, што яму хочацца»,

— заўважыў іерарх.

«Сёння, па прашэсці 30 гадоў з часу падзення Берлінскай сцяны і адначасова падзення сцяны атэізму і атрымання доўгачаканай свабоды веравызнання, мы нанава адкрываем, што час змаганняў не завяршыўся. Сведчаць аб гэтым ідэалогіі, якія ў імя фальшыва зразуметай свабоды імкнуцца валодаць сэрцамі і думкамі людзей, — адзначыў арцыбіскуп. — Змагаюцца з Богам створаным інстытутам сям’і, які адыходзіць ад традыцыйнай формы непарыўнага саюзу мужчыны і жанчыны. Змагаюцца з Божым дарам жыцця, выкарыстоўваючы самыя сучасныя дасягненні генетыкі».

«Гендарная ідэалогія прыходзіць і на нашу зямлю. У выніку чаго тое, што прадстаўляецца грамадскасці як талерантнасць, на самой справе з’яўлецца вяршыняй неталерантнасці. Мы, як хрысціяне, не можам быць абыякавымі перад абліччам такой антымаральнай пагрозы», — падкрэсліў арцыпастыр.

«У змаганні з гэтым злом нашага часу нам дапамагае Марыя. Сёння мы Яе праслаўляем у цудоўнай вастрабрамскай іконе, якая прадстаўляе Божую Маці без Дзіцяткі Езуса. Гэта вельмі сімвалічна, бо Марыя, як наша духоўная Маці, гатовая ўзяць на свае рукі кожнага з нас, каб даручыць свайму Сыну», — сказаў іерарх

Да Маці Міласэрнасці ён звярнуўся з такімі словамі:

«Прымі, Марыя, нашу ўдзячнасць за апеку над намі ў цяжкія часы ганенняў на веру. Дапамагай нам сёння, каб з-за абыякавасці да выклікаў сучаснасці, халоднасці нашых сэрцаў, канфармізму і недахопу адвагі мы не страцілі нашай хрысціянскай спадчыны і тоеснасці.

Дапамажы нам не адпасці ад евангельскай праўды, ёю жыць і яе мужна бараніць. Няхай Твой матчын позірк сведчыць аб тым, што Ты нас любіш і жадаеш шчасця. Няхай Твая любоў да нас будзе падмуркам перажывання нашай чалавечай годнасці, як створаных па вобразу і падабенству Божаму».

«Святы Айцец Францішак у мінулым годзе ў Вострай Браме сказаў, што Маці Міласэрнасці вучыць нас бараніць, не атакуючы,

— нагадаў арцыбіскуп. — У кожным, хто прыходзіць сюды, Марыя бачыць аблічча свайго Сына Езуса Хрыста, упісанае ў нашыя сэрцы. І мы такімі павінны быць. Марыя, дапамажы нам будаваць Божае Валадарства любові і справядлівасці, салідарнасці і міру».

 

Абноўлена 17.11.2019 11:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця