Пошук

15.11.2019 16:54   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Аляксандра Шчыглінская

13 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася пастырская сустрэча святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, святары сабраліся, каб паслухаць настаўленне, разам адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт, а таксама цэлебраваць са сваімі біскупамі Эўхарыстыю.

З духоўным настаўленнем звярнуўся да прысутных кс. Тадэвуш Крыштопік, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы.

Ён закрануў тэму небяспекі духоўнага сінкрэтызму. Святар растлумачыў, што сінкрэтызмам з’яўляецца спалучэнне розных, часта непадобных і спрэчных поглядаў.

Прыхільнікі рэлігійнага сінкрэтызму думаюць, што канкрэтная рэлігія не ахоплівае ўсяго і трэба стварыць адну «ўніверсальную рэлігію» для ўсіх людзей. Гэта павінна быць «рэлігія ўсіх рэлігій, змяшанне таго, што найлепшае для ўсіх рэлігій».

Пробашч парафіі ў Квасоўцы дадаў, што святары не змяняюць сваю рэлігію, але могуць моцна пашырыць свой монатэізм, далучаючы да сваёй веры іншыя канцэпцыі Бога і духоўнага жыцця. Ён падкрэсліў, што толькі Езус з’яўляецца Богам і Збаўцам і было б блюзнерствам і памылкай дапаўняць веру ў Яго сінкрэтызмам.

Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

З нагоды навэнны перад урачыстасцю Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, якая адбываецца акурат у гэтыя дні, сабраныя маліліся асабліва за ўвесь Касцёл на Гродзеншчыне.

У гаміліі біскуп Кашкевіч заахвоціў святароў, распарадчыкаў Эўхарыстыі, адказаць сабе на пытанне пра веру ў прысутнасць Езуса сярод нас у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Іерарх адзначыў, што святары знаходзяцца найбліжэй да Хрыста Эўхарыстычнага, прысутнага ў постацях хлеба і віна, прымаюць Яго кожны дзень у свае сэрцы, раздаюць вернаму люду.

Аднак, як зазначыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, «нам самім, можа, больш, чым нашым парафіянам, пагражае руціна, і нават абыякавасць да гэтай вялікай таямніцы веры, найцудоўнейшага дару, якім з’яўляецца сапраўдная прысутнасць Езуса Хрыста ў сакрамэнце Эўхарыстыі».

Біскуп заклікаў духавенства Гродзенскай дыяцэзіі, углядаючыся ў аблічча Марыі, якая з верай адаруе нябачнага для чалавечых вачэй Сына, прасіць таксама для сябе аб дары жывой і гарачай веры ў Божую прысутнасць у сакрамэнце алтара.

«Якім жа сумным, нават трагічным было б святарства чалавека, занятага выключна сабой, які мае розныя інтарэсы, за выключэннем справаў веры, не знаходзіць часу на малітву, на штодзённую адарацыю Езуса Эўхарыстычнага, на паглыбленне ўласнага сяброўства з Богам», — дадаў іерарх.

Сустрэча завяршылася аб’явамі Гродзенскай курыі пра актуальныя і будучыя падзеі ў дыяцэзіі.

Абноўлена 15.11.2019 17:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.