Пошук

28.10.2019 17:02   Catholic.by

28 кастрычніка ў Пастырскім Цэнтры ККББ адбылося юбілейнае 75-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У чарговым пасяджэнні бралі ўдзел усе біскупы Канферэнцыі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек MIC і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

На пачатку слова ўзяў Апостальскі Нунцый, які як прадстаўнік папы Францішка ў нашай краіне звярнуў увагу сабраных на найбольш актуальныя справы жыцця Касцёла ў Беларусі.

Іерархі заслухалі справаздачу Старшыні ККББ Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адносна сустрэчы з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэем Кунцэвічам, якая адбылася 18 верасня. Падчас сустрэчы кіраўніка епіскапату з прадстаўніком уладаў былі закранутыя бягучыя і найбольш актуальныя пытанні жыцця Касцёла на Беларусі.

Беларускія біскупы заслухалі справаздачу біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з Пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы на тэму: «Еўропа, час прачнуцца? Прыкметы надзеі», якое праходзіла з 3 па 6 кастрычніка ў Сант’яга-дэ-Кампастэла (Іспанія).

Іерархі заслухалі справаздачу біскупа Юрыя Касабуцкага з Курса аб фінансавым менэджмэнце, які праходзіў у Чыкага (ЗША) з 30 верасня па 2 кастрычніка.

На пасяджэнні была заслухана справаздача ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB, які праінфармаваў каталіцкі епіскапат краіны пра Міжнародныя курсы павышэння кваліфікацыі па пастырскім планаванні, якія праходзілі з 27 па 28 верасня ў Ляскоўцы пад Мінскам.

Іерархі заслухалі справаздачу ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага з Кангрэсу Renovabis на тэму: «Душпастырства вялікіх гарадоў», які праходзіў з 11 па 13 верасня ў Мюнхене (Германія).

Біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі абмеркавалі і прынялі праграму ўдзелу ва ўрачыстасцях Маці Божай Міласэрнасці ў Вільні 16 лістапада. Пачатак набажэнства для вернікаў-беларусаў у 15.00 у касцёле св. Тэрэзы.

Іерархі абмеркавалі і прынялі тэму наступнага пастырскага года ў Касцёле на Беларусі, які будзе прысвечаны святому Яну Паўлу ІІ і пройдзе пад дэвізам: «Адчыніце дзверы Хрысту».

Каталіцкі епіскапат краіны прыняў рашэнне аб правядзенні ўсебеларускага Дня кансэкраванага жыцця, які плануецца арганізаваць 10 лютага 2020 года ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Пачатак мерапрыемства а 10-й гадзіне.

На пасяджэнні быў зацверджаны пераклад на беларускую мову «Літургіі гадзінаў. ІV том. Звычайны перыяд XVIII – XXXIV тыдзень», зроблены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ.

Наступнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі запланавана на 27 лютага 2020 года ў Мінску.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.