Пошук


27–28 верасня ў цэнтры Сaritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Ляскоўцы адбыліся міжнародныя курсы павышэння кваліфікацыі па пастырскім планаванні «Разам будуем будучыню».

Правядзенне курсаў стала магчымым дзякуючы дапамозе дабрачыннага каталіцкага таварыства Сaritas дыяцэзіі Лінц (Аўстрыя), каардынатарам стала рэлігійна-каталіцкая місія «Таварыства св. Францішка Сальскага» на чале з рэгіянальным настаяцелем кс. Віктарам Гайдукевічам SDB. Прыняць удзел у курсах мог любы жадаючы, якi загадзя прайшоў рэгістрацыю.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі шматлікія святары і сёстры законныя, а таксама свецкія асобы з розных краін, якіх цікавяць пытанні пастырскага планавання.

Сярод удзельнiкаў былі Мiтрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Пачалося мерапрыемства святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Нашы продкі захавалі веру і перадалі яе маладому пакаленню дзякуючы народнай пабожнасці. Яны добра разумелі, што ва ўмовах пераследу ніхто іншы, акрамя іх, не зможа выхоўваць дзяцей у духу Евангелля, — адзначыў арцыбіскуп у гаміліі. — Гэта быў іх пастырскі план, калі так можна сказаць. Нашы бабулі і дзядулі планавалі, як і якім чынам перадаваць веру маладому пакаленню».

У 90-я гады ХХ стагоддзя пачалося адраджэнне Касцёла, і тады першачарговай задачай было адраджэнне яго структур, аднаўленне святыняў, падрыхтоўка святароў, неабходнай літаратуры і да т.п. Былі дасягнуты немалыя поспехі, дадаў іерарх, «аднак неабходна чытаць знакі часу і адказваць на яго выклікі, каб веруючы народ не быў ананімным, а тым, для каго Езус Хрыстус з'яўляецца Месіяй».

«Для паспяховага ажыццяўлення пэўнага маштабнага праекту неабходны паэтапны план яго рэалізацыі. Падобна і ў пастырскай дзейнасці. Прайшоў час спантаннасці, неабходная карпатлівая праца па пастырскім планаванні»,

— падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён пажадаў, каб гэтыя курсы далі «новы імпульс у пастырскім планаванні, асабліва ў сферы абвяшчэння вечна жывога і актуальнага Божага слова, цэлебрацыі сакрамэнтаў, спецыялізаванага душпастырства з мэтай навучыць Божы народ у Хрысце бачыць Месію, як адзінага Збаўцу свету і нашага сябра».

З уступным словам да ўдзельнікаў звярнуліся кс. Віктар Гайдукевіч SDB і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевiч.

Першы даклад быў прысвечаны тэме «Святое Пісанне як аснова і арыенцір у працэсе пастаральнага планавання».

Пасля абеду сабраным быў прапанаваны даклад «Спосабы планавання пастаральнай працы. Прыклады пастаральных праектаў і навуковая аснова, распрацаваная на вопыце Славакіі». Затым адбылася праца ў групах, дзе была абмеркавана пастырская сітуацыя і актуальныя выклікі ў грамадстве. Першы дзень курсаў завяршыўся прадстаўленнем вынікаў працы.

Удзельнікам была прапанавана таксама культурна-забаўляльная праграма — экскурсія па Мiнску на двухпавярховым аўтобусе з наведваннем Усіхсвяцкай царквы і архiкатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі.

На пачатку другога дня былі падведзены вынікі курсаў. Таксама прысутныя паразважалі аб мiсii Касцёла і перспектывах на будучыню. Пасля быў заслуханы апошні даклад пад назвай «Зрабіць магчымае і не баяцца эксперыментаў. Канцэпцыя і вопыт пастаральнага планавання ў зменлівых абставінах».

Адбыліся дыскусіі ў групах па тэме «Фарміраванне пастаральнай працы ў сучасных умовах». Вынікі працы па групах былі прадстаўлены на агульным форуме, дзе і падвялі канчатковыя вынікі і падсумавалі агульную працу падчас курсаў.

Пасля ўдзельнікі падзякавалі Богу за два плённыя дні, падчас якіх атрымалася здабыць новыя знаёмствы і карысныя веды, на святой Імшы, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У вігілію свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала іерарх звярнуў увагу ў гаміліі на св. Міхала.

«Для арханёла Міхала найважнейшым быў Бог і яго закон. А як у нас?

Як часта Богам становіцца пасада, матэрыяльныя каштоўнасці ці прыемнасці?» — паставіў пытанне арцыбіскуп.

 

Дадаўшы, што святы Міхал узняўся на барацьбу з анёламі, якія ўзбунтаваліся, іерарх спытаў: «Ці заўсёды ў нашай пастырскай дзейнасці і хрысціянскім жыцці мы змагаемся з праявамі зла і парушэннем Божага закону?»

Ён заклікаў браць прыклад са святога Арханёла і так праводзіць пастырскую працу, каб яна вяла людзей да Бога як найвышэйшага дабра; бараніць веру і па прыкладу анёлаў несці святло Евангелля ў сучасны свет.

Пасля Імшы ўдзельнікі курсаў мелі магчымасць падзяліцца ўражаннямі і падыскутаваць у індывідуальным парадку.

Абноўлена 01.02.2022 16:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця