Пошук

12.09.2019 12:55   Паводле: Vatican News
Фота: renovabis.de

11–12 верасня ў нямецкім Мюнхене праходзіць 23-і міжнародны кангрэс Renovabis — дабрачыннай арганізацыі, якая дапамагае ў развіцці Касцёла ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым ліку і ў Беларусі.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сёлетні форум, які сабраў удзельнікаў ад Брусэля да Тбілісі і ад Чыкага да Мюнхена, прысвечаны выклікам, якія стаяць перад Касцёлам у вялікіх гарадах.

Духавенства, тэолагі, эксперты вырашылі звярнуць увагу на так званы «касцёльны ландшафт», які значна змяніўся ў XX стагоддзі.

Рэч у тым, што раней рэлігійнае жыццё было сканцэнтравана ў сельскай мясцовасці ў т.зв. «класічных» парафіях. Але потым адбылася хуткая індустрыялізацыя і як наступства — урбанізацыя: жыхары сталі масава з’язджаць з мястэчак і вёсак у мегаполісы. А гэта павінна змяніць і падыходы ў душпастырскай дзейнасці Касцёла.

Так лічыць кс. Дзмітрый Пухальскі, прадстаўнік арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на кангрэсе:

«Сітуацыя развіваецца так, што сёння да 70% католікаў жыве ў вялікіх гарадах.

Яшчэ 30 гадоў таму прапорцыя была зусім іншай. Раней людзі з вялікіх гарадоў прыязджалі ў вёску да бацькоў і праходзілі там падрыхтоўку да сакрамэнтаў.

Сёння — зусім наадварот: чалавек з невялікага горада або вёскі імкнецца ў мегаполіс. Таму натуральна, што Касцёл змяняецца і змяняюцца душпастырскія патрабаванні. У наш час недастаткова класічнага сакрамэнтальнага душпастырства: неабходна, каб людзі, якія маюць адпаведны інтэлектуальны ўзровень, таксама знайшлі сваё месца ў Касцёле».

Касцёл таксама не можа не заўважаць змены ў палітычнай і грамадскай сітуацыі. Другая сусветная вайна, якая закранула амаль усе кантыненты, камунізм, наступствы якога Усходняя Еўропа адчувае да гэтага часу, секулярызацыя ў цэнтры і на захадзе Еўропы — усё гэта дыктуе новыя формы душпастырскай працы. Магчыма, розныя для Касцёла, напрыклад, у Германіі і ў Беларусі, але дзеля адзінай мэты. Сёння ўдзельнікі кангрэса жадаюць дзяліцца вопытам.

«Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі штогод распрацоўвае спецыяльныя душпастырскія праграмы, якіх прытрымліваюцца парафіі: там і культурныя ініцыятывы, і пілігрымкі — гэта і аднаразовыя, і доўгатэрміновыя праекты», — паведаміў кс. Дзмітрый.

Індустрыялізацыя і ўрбанізацыя назаўсёды змянілі вобраз каталіцкай парафіі. Тут і тэрытарыяльны разрыў паміж месцам працы і домам. Адсутнасць сувязяў паміж суседзямі, хуткасць і стыль самога жыцця ў мегаполісе, дзе больш праяўляецца рэлігійная абыякавасць і адсутнасць рэлігійных перакананняў. Сваю прыналежнасць да Касцёла шматлікія вернікі ўспрымаюць фармальна.

Краіны Заходняй Еўропы часта вызначаюць як секулярызаванае постхрысціянскае грамадства, дзе рэлігійныя адносіны ўжо не з’яўляюцца часткай грамадскага жыцця. Прасцей кажучы, грамадства пачынае меркаваць, што яно пераадолела этап хрысціянства, а такія каштоўнасці, як свабода, павага да чалавечай асобы, прызнанне яе ўнікальнасці, ісціна, справядлівасць перастаюць быць аксіёмай. Тут самай распаўсюджанай рэакцыяй на веру становіцца тое, што ад яе проста адмахваюцца. На першым плане — кар’ера, багацце.

Сітуацыя ўскладняецца полірэлігійнасцю. Іслам — другая па колькасці рэлігія, напрыклад, у Францыі. У Вялікабрытаніі жывуць мільёны асоб індыйскага паходжання, многія з іх мусульмане. Мусульмане, у асноўным туркі, жывуць у Германіі.

У Беларусі карціна іншая: тут хрысціянства — асноўная рэлігія, а існаванне іслама і юдаізма — гістарычная традыцыя. Але найперш буйныя гарады — проста цэнтр гэтага шматканфесійнага жыцця.

Як спраўляцца з душпастырскімі праблемамі ў гарадскіх раёнах, горад як «майстэрня» евангелізацыі — гэта толькі некалькі пытанняў, якія ўздымуць удзельнікі кангрэса. Шэсць працоўных груп абмяркуюць, як Касцёл рэагуе на асаблівыя патрэбы людзей, якія жывуць у горадзе. А абмен думкамі экспертаў з краін-партнёраў Renovabis у гэтыя два дні кангрэса будзе мець асабліва важнае значэнне.

Абноўлена 12.09.2019 13:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця