Пошук

22.10.2019 13:47   А. Раман Шульц ОР / Catholic.by

У суботу 19 кастрычніка шэсць вернікаў з трох магілёўскіх парафій наведалі санктуарый Маці Божай Фацімскай у Жодзіне ў інтэнцыі падзякі за Ружанцовы кангрэс, які ў гэтым месяцы прайшоў у горадзе на Дняпры.

Па дарозе пілігрымы памаліліся ўсе чатыры часткі Ружанца, як да гэтага заклікае святы Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор: «Маліцеся, калі маеце час, увесь Ружанец штодзённа — і ў гадзіну сваёй смерці вы будзеце благаслаўляць той дзень і тую хвіліну, калі мне паверылі». Менавіта гэтыя словы з яго трактата, прысвечанага сапраўднаму ўшанаванню Маці Божай, сталі дэвізам сёлетняга Ружанцовага кангрэсу ў Магілёве.

Цэтральнай падзеяй пілігрымкі стала святая Імша ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне.

Падзякі ніколі не бывае зашмат, і пілігрымка дапамагла яе ўдзельнкам глыбей зразумець цудоўнае дзеянне Бога, Маці Божай і дапамогу вялікай колькасці людзей, без якіх Ружанцовы кангрэс не змог бы адбыцца.

Галоўным «рухавіком» Ружанцовага кангрэсу была малітва. У інтэнцыі яго падрыхтоўкі і паспяховага правядзення малілася шмат людзей у Беларусі і за яе межамі. Справу кангрэсу ў Магілёве малітоўна падтрымлівалі сёстры дамініканкі з розных кляштараў, манахі аднаго з самых суровых каталіцкіх ордэнаў — айцы камедулы, сёстры з супольнасці Малых сясцёр Езуса, вернікі парафій, якімі духоўна апякуюцца айцы дамінікане, удзельнікі Трэцяга ордэна святога Дамініка і шмат іншых асобаў. Некаторыя з іх нават памаліліся Пампейскую навэнну ў інтэнцыі Ружанцовага кангрэсу.

Падводзячы вынікі Ружанцовага форуму, які прайшоў у Магілёве ўжо ў трэці раз, немагчыма не ўзгадаць неацэннай падтрымкі іерархаў — Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.

Да справы прычыніліся таксама шматлікія святары, сёстры законныя і семінарысты. Вернікі магілёўскай катэдральнай парафіі сардэчна і гасцінна прынялі ўдзельнікаў Ружанцовага кангрэсу, якія сабраліся з розных куточкаў нашай краіны. З вялікім прафесіяналізмам і ахвярнасцю супрацоўнікі выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і іншыя спецыялісты працавалі над тым, каб падрыхтаваць і выдаць чатыры кніжкі, якія атрымалі ў падарунак удзельнікі кангрэсу.

Усіх, хто прычыніўся да яго правядзення, немагчыма нават агульна ўзгадаць у кароткім матэрыяле, але ўсіх іх ахапілі пілігрымы сваёю малітваю.

     

За дар усіх гэтых людзей шчыра дзякавалі ўдзельнікі магілёўскай пілігрымкі ў Жодзіне, якіх гасцінна прыняў пробашч парафіі Маці Божай Фацімскай кс. Міхал Цвячкоўскі МІС.

Вяртаючыся ў Магілёў, пілігрымы наведалі хатнюю капліцу праваслаўных вернікаў у Барысаве, парафію святога Юзафа ў Крупках і касцёл святога Антонія Падуанскага ў Талачыне.

Абноўлена 22.10.2019 15:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа