5 кастрычніка ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прайшоў Трэці Ружанцовы кангрэс.
Мэта арганізаванага айцамі дамініканамі кангрэса — паглыбленне духоўнага і інтэлектуальнага развіцця асобаў, якія моляцца на ружанцы. Сёлетні форум, які адбыўся ў Магілёве ўжо ў трэці раз, праходзіў пад дэвізам, словы якога былі ўзятыя з «Трактата аб сапраўдным пабожным ушанаванні Дзевы Марыі» святога Людвіка-Марыі Грыньён дэ Манфора:
«Маліцеся, „калі маеце час, увесь Ружанец штодзённа — і ў гадзіну сваёй смерці вы будзеце благаслаўляць той дзень і тую хвіліну, калі мне паверылі“»
(пар. «Трактат», 254).
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч шчыра падзякаваў айцам дамніканам за арганізацыю і правядзенне чарговага Ружанцовага кангрэсу. Падтрыманая Біскупскім вікарыем для г. Магілёва і Магілёўскай вобл. біскупам Аляксандрам Яшэўскім ідэя манахаў з ордэна святога Дамініка, асабліва адданых ружанцовай пабожнасці, паспяхова ажыццяўляецца і прыцягвае ўвагу ўсё большай колькасці вернікаў, перадусім удзельнікаў ружанцовых колаў.
Звяртаючыся да арганізатараў і ўдзельнікаў кангрэсу, арцыпастыр адзначыў, што дзякуючы ў тым ліку і такім сустрэчам вернікі ўсё глыбей усведамляюць значэнне гэтай вельмі простай і адначасова дзейснай малітвы, актуальнай і ў наш час. У сваіх аб’яўленнях Марыя ў Люрдзе, Фаціме, Ля-Салет і іншых месцах заахвочвала да ружанцовай малітвы.
«Нездарма Марыю называюць Каралевай святога Ружанца», — падкрэсліў іерарх.
«Ружанец моцна закараніўся ў рэлігійнай практыцы нашага народа. Разам з каляднымі батлейкамі, Крыжовым шляхам, фрэскамі і вітражамі, асабліва ў старажытных святынях, ён з’яўляецца дзейснай прыладай катэхізаці і евангелізацыі, вывучэння гісторыі збаўлення», — нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Іерарх заярнуў увагу на тое, што Ружанец вядомы не толькі як вельмі простае набажэнства, вельмі папулярнае ў народжнай пабожнасці. Ён складаецца з малітваў, узятых неапасрэдна з крыніцы нашай веры — Святога Пісання, а таксама з першаснай апостальскай Традыцыі.
«Цэнтральнай часткай Ружанца з’яўляецца малітва „Вітай, Марыя“, якой мы ўшаноўваем Марыю, а яна вядзе нас свайго Сына — адзінага Збаўцы свету», — зазначыў арцыбіскуп.
Ён параўнаў Ружанец з вітражом, які прадстаўляе нейкую біблійную сцэну або вывяву святога. Святло, праходзячы праз шмат рознакаляровых шкельцаў, стварае цэласны прыгожы абраз.
«Падобна адбываецца і з Ружанцам. Хто гэтага не разумее, той бачыць у ім „нудную малітву“, у якой бясконца паўтараюцца тыя самыя словы. Для таго, каб зразумець ружанцовую малітву, неабходна ўвайсці ў яе сэнс, падобна як чалавек уваходзіць усярэдзіну касцёла, каб убачыць прыгажосць выяваў на вітражах, нябачную звонку», — дадаў арцыбіскуп.
Ружанец, у якім паслядоўна раскрываюцца таямніцы збаўлення і адкрываецца перспектыва шчаслівай вечнасці з уваскрослым Хрыстом — гэта, паводле яго, не толькі ўспамін мінулых падзеяў, але і духоўны позірк у будучыню.
«Дзякуючы ружанцовай малітве нашыя продкі ў часы ганенняў захавалі веру і жылі надзеяй на свабоду веравызнання. Сёння, калі іх мары здзейсніліся і калі афіцыйна няма палітыкі атэізму, мы сутыкаемся з новым спосабам пераследу — лібералізмамам і маральным рэлятывізмам. Таму нам неабходна Божая дапамога, якая прыходзіць праз Марыю.
У новых умовах ганення на веру і вельмі небяспечных выклікаў нам трэба зноў даверыцца Марыі, якая ў Фаціме заклікала да ружанцовай малітвы, каб ажыццявілася Яе абяцанне аб навяртанні нашага народа да Бога — адзінай крыніцы шчасця», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.