Пошук

08.10.2019 11:42   Тэкст: А. Раман Шульц ОР / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Фота: Вольга Муская / Catholic.by

Як мы ўжо паведамлялі, 5 кастрычніка ў Магілёве прайшоў Трэці Ружанцовы кангрэс, арганізаваны айцамі з Ордэна Дамініканаў, які сабраў у горадзе на Дняпры больш за 300 удзельнікаў.

Падрыхтоўка да кангрэсу ішла цэлы год. Асабліва працаёмкім быў працэс выдання пяці (!) кніг, якія кожны ўдзельнік кангрэсу ў Магілёве атрымаў як падарунак і адначасова як заданне.

Фота а. Рамана Шульца ОР

Заданне заключаецца ў тым, каб не проста паставіць кнігі на паліцу, але ўважліва іх прачытаць і дазволіць Духу Святому, які праз іх прамовіць, штосьці змяніць у сваім жыцці.

На Ружанцовым кангрэсе прагучалі даклады чатырох дамініканаў і адной сястры святога Дамініка. Іх мэтаю было не столькі паглыбіць веды ўдзельнікаў адносна ружанцовай малітвы і духоўнасці, колькі заахвоціць іх да больш глыбокага духоўнага жыцця.

Гэтае запрашэнне «выплысці на глыбіню», як фармулюе яго сам Хрыстус, на сёлетнім кангрэсе было шчыльна звязана з дамініканскай духоўнасцю, што падтрымлівае вернікаў, якія любяць ружанцовую малітву.

Адна з падрыхтаваных спецыяльна да кангрэса кніг называецца «Паўната малітвы». Гэты твор выдатнага таміста пачатку ХХ стагоддзя а. Яцэка Варанецкага прэзентаваў настаяцель беларускіх дамініканаў а. Браніслаў Дашкевіч ОР.

Сястра Юлія Бугай ОР з кангрэгацыі Сясцёр святога Дамініка ў сваім дакладзе заахвоціла заглыбіцца ў «Разважанні» святога Тамаша Аквінскага пра Дзесяць Божых запаведзяў.

«Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі» святога Людвіка-Марыі Грыньён дэ Манфора, а таксама асобу самога аўтара, які належаў да Трэцяга Ордэна святога Дамініка, прадставіў айцец Марыюш Возняк ОР, які нясе служэнне ў Харкаве ва Украіне.

Да трактату святога Людвіка, які сфармаваў марыйную духоўнасць многіх асобаў, у тым ліку і святога Яна Паўла ІІ (менавіта адсюль ён запазычыў свой дэвіз Totus Tuus — «Увесь Твой»), быў дададзены Трэці раздзел Дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл Другога Ватыканскага Сабору Lumen Gentium («Святло народам»), у якім падаецца афіцыйнае веравучэнне пра ролю Панны Марыі ў таямніцы Хрыста і Касцёла. Каб сучасныя чытачы гэтага аскетычнага твору маглі лепш зразумець духоўнасць святога Людвіка, якая акрамя сваёй глыбіні спалучана са складанымі гістарычнымі рэаліямі, да бібліятэчкі ўдзельніка была дадзена невялікая, але вартая ўвагі брашура заснавальніка «Легіёну Марыі» Фрэнка Дафа «Шляхам дэ Манфора».

З энтузіязмам была прынята таксама кніжка «Ружанец з благаслаўлёным Фра Анджэліко». Яе прадставіў айцец Марэк Урбаноўскі ОР. Чэрапючы разважанні з багацця тэалагічнай думкі святога Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI, Уілфрыда Стынісэна OCD і Ран’еро Каталамэса OFMCap, кніжка прапануе ў якасці дапамогі для медытацыі над жыццём Езуса і Марыі абразы, намаляваныя знакмітым італьянскім мастаком эпохі Адраджэння дамініканінам Фра Анджэліко (Джаванні да Ф’езале), якога папа Ян Павел ІІ абвясціў апекуном мастакоў.

У гэтым зборніку змешчаны разважанні і малюнкі, а таксама перакладзеныя на беларускую мову кароткія вершаваныя двухрадкоўі пра ружанцовыя таямніцы, якія можна нават спяваць на мелодыю папулярнай рэлігійнай песні.

Цікавыя даклады (паслухаць якія ў аўдыёфармаце можна на сайце нашых віцебскіх калегаў Catholicnews.by) паказалі багацце дамініканскай духоўнай спадчыны, якая можа плённа дапамагчы ў глыбокім перажыванні ружанцовай малітвы.

Ружанцовы кангрэс праводзіцца дзеля таго, каб шчодры плод гэтай малітвы з’явіўся не толькі ў жыцці паасобных удзельнікаў, але і ў супольнасці Касцёла на Беларусі і ва ўсім свеце.

Падчас кангрэсу ў Магілёве яго ўдзельнікі разам памаліліся Ружанец метадам дапаўненняў. Ён заключаецца ў тым, што пасля слова «Езус» у малітве Анёльскага прывітання дадаецца кароткая фраза са Святога Пісання, якая падкрэслівае біблійны і хрыстацэнтрычны характар гэтай малітвы.

Акрамя таго, некалькі чалавек далі свае сведчанні пра тое, як у іх жыцці праз заступніцтва Марыі дзейнічала Божая ласка.

Шмат хто маліўся ў гэтыя дні ў інтэнцыі кангрэсу. У іспанскім горадзе святога апостала Якуба Сант’яга-дэ-Кампастэла сваёю малітваю яго ахінуў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які аказаў вялікую падтрымку ініцыятыве правядзення кастрычніцкага кангрэсу.

Некалькі чалавек памаліліся ў інтэнцыі кангрэсу Пампейскай навэннай, у тым ліку брат Людвік OPs з Трэцяга Ордэна святога Дамініка з Мінска. Маліўся ў гэтай інтэнцыі і брат Ян, адзіны камедул з Беларусі. Малітоўную падтрымку кангрэсу аказалі таксама сёстры з некалькіх дамініканскіх кляштараў у Ірландыі, Літве і Польшчы.

Менавіта малітва стала самаю вялікаю дапамогаю ў гэтай Божйа справе.

Манашкі з Драэды ў Ірландыі, дзе ў кляштары знаходзяцца дзве сястры з Беларусі, сваімі рукамі зрабілі 400 ружанцаў для ўдзельнікаў Ружанцовага кангрэсу. Удзельнікі атрымалі таксама ўручную сплеценыя з каляровых шнюрочкаў ружанцы, якія зрабілі дзяўчаты з Выхаваўчага цэнтра сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Кракаве (Польшча), каб маліцца на іх за дзяцей і моладзь, якім сёння пагражае шмат спакусаў.

 

   

Такая значная духоўнгая падзея, якой стаў Ружанцовы кангрэс у Магілёве, у многіх людзях абудзіла патрэбу далучыцца да гэтай справы. Нельга не ўзгадаць пра тых, хто прыгатаваў абед і спёк слодычы для ўсіх удзельнікаў, а таксама пра катэдральны хор і яго кіраўніка, які сваім спевам упрыгожыў урачыстасць.

Аднак самы вялікі Божы дар — гэта ўдзел вялікай колькасці духавенства, кансэкраваных асобаў і іншых вернікаў, адданых ружанцовай малітве.

Завяршыўся Ружанцовы кангрэс урачыстай святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У прамоўленым Божым слове арцыпастыр звярнуў увагу на вялікую патрэбу ружанцовай малітвы ў сённяшні складаны час.

Абноўлена 08.10.2019 17:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця