16 кастрычніка ў Фашчаўцы (Магілёўскі дэканат) адбылася пастырская сустрэча духавенства Магілёўскага рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якую правёў Біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобл. біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Дата была выбрана невыпадкова: духавенства і кансэкраваныя асобы Магілёўшчыны сабраліся на сваю кастрычніцкую сустрэчу ў гадавіну абрання папам Яна Паўла ІІ. Другая нагода — 33-і дзень нараджэння пробашча парафій у Шклове, Фашчаўцы і Княжыцах кс. Александра Шупенькі, а трэцяя — свята нябеснай апякункі сясцёр ядвіжанак з Асіповічаў святой Ядвігі, законніцы.
Да сабраных у Фашчаўцы з аскетычным настаўленнем звярнуўся духоўны айцец святароў і законнікаў Магілёўскага рэгіёна кс. канонік Андрэй Далянскі, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Касцюковічах. Ён засяродзіў увагу на ўдзячнасці ў жыцці святара і кансэкраванай асобы, падкрэсліўшы, што ўменне дзякаваць выпрацоўвае ў чалавеку ўменне заўважаць дабро, а не засяроджвацца на тым, што дабром не з’яўляецца.
«Незадаволенасць, пастаянныя прэтэнзіі да іншых, асабліва да адказных, крытыканства, нараканні і абмовы вядуць да таго, што ўдзячнасць можа знікнуць з нашага жыцця. Менавіта ўдзячнасць дазваляе ўбачыць жыццё цудоўным, а людзей не такімі ўжо і дрэннымі», — адзначыў святар.
Падчас супольнай Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, ён павіншаваў ксяндза Аляксандра Шупеньку з днём народзінаў і дасягненнем «узросту Хрыста», а сясцёр ядвіжанак з Асіповічаў — са святам іх заступніцы святой Ядвігі.
Іерарх сардэчна прывітаў новапрыбылых на служэнне ў даручанай яго асабліваму пастырскаму клопату магілёўскай частцы архідыяцэзіі двух святароў і адну сястру законную.
З кастрычніка ў Магілёўскім рэгіёне распачалі служэнне кс. Міхал Бубен, прызначаны пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе, і кс. Валерый Даўгуль, прызначаны вікарыем катэдральнай парафіі ў Магілёве, а таксама сястра Вікторыя Жук MSF з Кангрэгацыі сясцёр місіянерак Святой Сям’і, якая распачала служэнне пры катэдральнай парафіі ў Магілёве.
У прамоўленай гаміліі біскуп Аляксандр працягнуў тэму ўдзячнасці, распачатую духоўным айцом. Ён прапанаваў удзельнікам сустрэчы разам паразважаць над словамі Псальму: «Хто прыносіць ахвяру падзякі, той Мяне шануе, і таму, хто беззаганны ў паводзінах, Я пакажу Божае збаўленне» (Пс 50 (49), 23).
«Нам прасцей прасіць Бога аб розных рэчах, чым дзякаваць Яму, — зазначыў іерарх. — Калі мы паслухаем свае малітвы, убачым, што шмат разоў з нашых вуснаў выходзіць цэлы шэраг просьбаў і значна менш падзякаў.
Ад гэтага можа скласціся ўражанне, што Бог нас не выслухоўвае, бо падзякі Богу гучаць значна радзей.
Чалавек, які не мае Духа Божага, можа толькі прасіць, але ў сэрцы яго няма ўдзячнасці. Чалавек жа, адроджаны Духам Святым, не толькі просіць, але і праслаўляе Бога, дзякуе Яму, узвялічвае Яго за тое, кім Бог ёсць і што зрабіў», — сцвердзіў пастыр.
Ён адзначыў, што нельга засяроджвацца толькі на тым, што мы атрымліваем, і не бачыць Таго, ад каго паходзяць дары, а таксама ўспрымаць іх як штосьці належнае.
«Часам я як біскуп думаю пра тое, што мы маем як супольнасць Касцёла на Магілёўшчыне, і павінен прызнаць, што маем дастаткова. Бывае, што я скарджуся Богу на адсутнасць вяртанняў і навяртанняў вернікаў, на недахоп святароў, касцёлаў, кляштараў. Але ж мы можам без вялікіх перашкодаў прапаведаваць Евангелле, практыкаваць і вызнаваць сваю веру, сведчыць аб ёй. У нас з 20-і раённых цэнтраў у 13-і вядзецца душпастырская дзейнасць дзякуючы ахвярнаму і адданаму служэнню святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў, якія нам дапамагаюць.
Ці дзякуем мы Богу за супольнасці Касцёла, няхай сабе і невялікія, якія яшчэ толькі развіваюцца, у якіх Бог нас паставіў, што вакол нас ёсць людзі, з якімі мы можам разам маліцца і славіць Бога?» — прапанаваў пытанне да роздуму сваім духоўным супрацоўнікам біскуп Аляксандр.
Іерарх таксама прапанаваў свой адказ на пытанне «Як на практыцы рэалізаваць удзячнасць у рэчаіснасці Магілёўшчыны», зададзенае духоўнаму айцу.
«Удзячнасць Богу і людзям не ўзнікне без глыбокага, сталага ўнутранага жыцця, дзе неабходная штодзённая малітва, разважанне над Божым Словам, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, штодзённы рахунак сумлення.
Па-другое, трэба перастаць наракаць на ўсё і на ўсіх. Па-трэцяе, трэба патрабаваць не толькі ад іншых, але і ад самога сябе. Па-чацвёртае, акрамя дрэннага, недахопаў і г.д., трэба заўважаць дабро і яго ставіць на першае месца.
Сапраўдная духоўная асоба — гэта той, хто служыць Богу так, як быццам хоча аддаць Яму доўг, хоць ведае, што ніколі аддаць яго не зможа. Гэта той, хто разумее, што Бог заплаціў самую высокую цану за яго свабоду і вечнае жыццё», — засведчыў пастыр.
Падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы былі вызначаны прыярытэты і складзены план мерапрыемстваў у галіне душпастырскай дзейнасці Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне на 2019–2020 год.
У межах літургічнай фармацыі кс. Андрэй Кеўліч, пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках, працягнуў цыкл лекцый на тэму літургіі Касцёла. Святар нагадаў пра некаторыя асаблівасці ў захаванні прадпісанняў цэлебрацыі Эўхарыстыі.