Пошук

28.11.2022 16:44   Фота: «Радыё Марыя» Беларусь; з парафіяльных архіваў / Catholic.by

27 лістапада, у Першую нядзелю Адвэнту, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў тры парафіі Магілёўскага дэканата: святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове, Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фашчаўцы і Маці Божай Бялыніцкай у Горках.

У прамоўленых гаміліях заслужаны іерарх найперш павіншаваў вернікаў з пачаткам новага літургічнага года, які назваў «365-дзённай мегапілігрымкай па таямніцах нашага збаўлення».

«Гэтае падарожжа распачынаецца Адвэнтам, падчас якога будзем разважаць над першым прыйсцем Збаўцы, яго штодзённым прыйсцем у Божым слове, сакрамэнтах, учынках міласэрнасці і іншай касцёльнай дзейнасці, а таксама пра другое прыйсце Хрыста ў хвале, каб судзіць жывых і памерлых», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

 

Ён дадаў, што адвэнтавыя літургічныя чытанні са Святога Пісання прадстаўляюць праўду пра часовае і вечнае вымярэнні чалавечага жыцця.

«На часовасць трэба глядзець з перспектывы вечнасці, а да вечнасці ісці праз часовасць. Мы жывем у рэальным свеце і святымі становімся не на небе, а на зямлі. Таму неабходна звяртаць большую ўвагу на заклік святога Яна Хрысціцеля падрыхтаваць дарогу Збаўцы, які прыходзіць. Зрабіць гэта магчыма праз сакрамэнт пакаяння, малітву і ўчынкі міласэрнасці, удзел у адвэнтавых рэкалекцыях, пакаянных набажэнствах, Раратах і іншых пабожных справах», — растлумачыў арцыпастыр.

Каметуючы словы Хрыста з нядзельнага Евангелля пра тое, што ў часы Ноя людзі, якія не пакаяліся, былі знішчаны патопам, іерарх заўважыў што сёння «грахоўны патоп залівае нашае жыццё, і нам патрэбны боскі каўчэг, каб не ўтапіцца. Гэтым каўчэгам ёсць Божая ласка.

Мы павінны чуваць, каб каўчэг Божай ласкі не патануў на ўзбураным акіяне амаральнасці сучаснага свету. Для гэтага неабходна з Божай дапамогай супрацьстаяць спакусам, заставацца чалавекам сумлення, жыць згодна з Божым законам, зло называць злом, а дабро — дабром», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Паводле яго, усё жыццё чалавека напоўнена чаканнем. «Мы рыхтуемся да розных падзей і іх чакаем. Але ці чакаем Бога? Ці Бог на першым месцы ў гэтым чуванні? На гэтыя і падобныя пытанні неабходна даць адказ, ад якога будзе залежаць часовае шчасце і наша вечнасць. На жаль не Бог, а справы гэтага свету з’яўляюцца прыярытэтам сучаснага чалавека, і таму перыяд Адвэнту — адпаведны час для таго, каб гэта змяніць», — заўважыў арцыбіскуп. Ён дадаў, што вонкавая падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння не самая важная: неабходна падрыхтоўка духоўная, якая павінна праяўляцца ў перамене жыцця з грэшнага на жыццё ў Божай ласцы.

«Таму неабходна выкарыстаць час Адвэнту для таго, каб Езус сваёй ласкай нарадзіўся ў нашых сэрцах з мэтай змены нашага жыцця на лепшае. Свята Божага Нараджэння толькі тады будзе мець сэнс, калі нашыя душы стануць Бэтлеемам ХХІ стагоддзя», — заахвоціў вернікаў Магілёўшчыны заслужаны іерарх.

Шклоўскім парафіянам на чале з іх пробашчам ксяндзом Міхалам Бубенам ён пажадаў «быць Пятрамі і Паўламі нашага часу, жыць паводле словаў князя апосталаў: „Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця“, і апостала народаў: „Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус“».

Вернікам Фашчаўкі і Горак арцыпастыр скіраваў пажаданне браць прыклад з Найсвяцейшай Панны Марыі, заўсёды згаджацца з Божай воляй і быць слугамі Бога і бліжняга.

Увечары разам з ксяндзом Міхалам Бубенам арцыбіскуп Кандрусевіч наведаў дэкана Магілёўскага ксяндза Андрэя Кеўліча, які знаходзіцца ў шпіталі ў Магілёве. Святар пасля перанесенай хваробы адчувае сябе лепш і ідзе на папраўку.

28 лістапада раніцай іерарх узначаліў цэлебрацыю раратняй святой Імшы ў магілёўскім касцёле святога Антонія. У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікауў вернікаў «наследаваць прыклад Марыі, каб дазволіць Езусу сваёй ласкай нарадзіцца ў сэрцы».

 

Абноўлена 28.11.2022 20:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.