Пошук

15.08.2026 18:14   Тэкст і фота: Прэс-сакратарыят ККББ / Catholic.by

14 жніўня, пасля ўшанавання памяці ахвяр Лупалаўскага канцлагера на мемарыяльным комплексе ў Магілёве, Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа разам з Мітрапалітам Юзафам Станеўскім і біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB выказаў жаданне асабіста пазнаёміцца з жыццём каталіцкіх супольнасцяў Магілёўшчыны. Іерарх падкрэсліў, што для яго важна бачыць, у якіх умовах жывуць і служаць святары, а таксама ў якіх святынях моляцца вернікі.

Першым месцам, якое наведаў Апостальскі нунцый, стаў Шклоў — парафія святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе служыць пробашчам ксёндз Павел Сідарэнка. Святар распавёў высокаму госцю пра багатую гісторыю шклоўскага рэгіёна і пра адраджэнне парафіі, якая ў свой час у літаральным сэнсе адбудавала касцёл з руін.

Асаблівую ўвагу арцыбіскуп Чэффаліа звярнуў на алтар памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, якую асвяціў Мітрапаліт Юзаф Станеўскі, і памятную табліцу, якая была ўсталявана з благаслаўлення біскупа Аляксандра Яшэўскага. Алтар прысвечаны ўсім, хто аддаў сваё жыццё за шклоўскую зямлю — не толькі салдатам, але і мірным жыхарам. Святыня стала месцам, дзе памяць пра іх жыве і перадаецца наступным пакаленням.

Ксёндз Павел таксама адзначыў плённае супрацоўніцтва парафіі з мясцовымі органамі ўлады. Гэта, як зазначыў ён, спрыяе захаванню культурнай і духоўнай спадчыны рэгіёна.

Другім пунктам візіту стала парафія ў Горках, дзе служыць Магілёўскі дэкан ксёндз Андрэй Кеўліч. Візіт адбыўся ў асабліва сімвалічны момант: перад прыездам іерархаў у касцёле была запланавана вігілійная святая Імша з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Арцыбіскуп Чэффаліа, Мітрапаліт Юзаф і біскуп Аляксандр далучыліся да парафіяльнай Эўхарыстыі. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Юзаф, а казанне прамовіў біскуп Аляксандр. На завяршэнне Апостальскі нунцый звярнуўся да вернікаў са словамі падтрымкі і благаслаўлення ад Папы Льва XIV, падкрэсліўшы, што маленькія парафіі, якія жывуць верай і захоўваюць яе, з’яўляюцца сапраўднымі пярлінамі Касцёла.

Нунцый адзначыў:

«Важная не колькасць, а якасць веры, жыццё паводле Евангелля і здольнасць супольнасці падтрымліваць адзін аднаго на духоўным шляху».

Пасля Імшы ксёндз Андрэй Кеўліч разам з вернікамі выказалі шчырую падзяку Апостальскаму нунцыю за яго візіт, за ўвагу да маленькіх супольнасцяў і за словы падтрымкі.

У знак павагі і падзякі яны падарылі арцыбіскупу памятку пра касцёл, зробленую самім пробашчам — невялікі, але вельмі кранальны знак любові і ўдзячнасці, які адлюстроўвае духоўную цеплыню і адданасць парафіі.

Мітрапаліт Юзаф Станеўскі асабліва падкрэсліў служэнне ксяндза Андрэя Кеўліча, які як дэкан і пробашч адразу трох парафій — у Горках, Чавусах і Мсціславе — нясе пастырскую апеку на тэрыторыі, якая калісьці ўваходзіла ў склад найбуйнейшай у свеце Магілёўскай мітраполіі.

Кожныя выходныя і святы святар праязджае больш за 220 кіламетраў, каб дасягнуць усіх супольнасцяў і забяспечыць іх духоўнае жыццё. Гэта служэнне было адзначана як прыклад сапраўднай пастырскай адданасці і любові да вернікаў.

Абноўлена 15.08.2026 19:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа