Пошук

19.01.2023 11:37   Тэкст: кс. Андрэй Кеўліч / Фота: кс. Андрэй Кеўліч кс. Павел Сідарэнка / Catholic.by

18 студзеня ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай ў Горках прайшла першая ў 2023 годзе пастырская сустрэча з удзелам святароў і кансэкраваных асоб Магілёўскага рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на чале з Генеральным вікарыем архідыяцэзіі біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB.

У гэты дзень прэзбітэры, законнікі і законніцы па традыцыі супольна маліліся Літургію гадзінаў, паслухалі фармацыйнае настаўленне, узялі ўдзел у супольнай Эўхарыстыі і абмеркавалі бягучыя справы.

Пасля супольнай малітвы аскетычную канферэнцыю прамовіў духоўны айцец Магілёўскага рэгіёна ксёндз канонік Андрэй Далянскі з Касцюковічаў. У сваім настаўленні святар засяродзіў увагу на дэвізе Пастырскага года ў 2023 годзе: «Апостальства свецкіх — знак надзеі для Касцёла ў Беларусі». Духоўны айцец звярнуў увагу на неабходнасць зрабіць рахунак сумлення святарам і кансэкраваным асобам, задаючы сабе пытанні: як я адношуся да свецкіх людзей? ці заўважаю тое дабро, якое яны робяць для нас і для парафіі?

Святар падкрэсліў, што «людзі для нас з’яўляюцца дарам, але таксама таямніцай, якую трэба пастаянна адкрываць. Ці мы молімся за нашых парафіянаў, а таксама за ўсіх людзей, у духу любові і адказнасці за ўсіх, хто даручаны нам?» — прапанаваў паразважаць ксёндз Андрэй Далянскі.

Наступным пунктам сустрэчы была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі мелі магчымасць у цішыні засяродзіцца ў малітве, а таксама прыступіць да сакраманту пакаяння.

Пасля распачалася Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Яшэўскі. У прамоўленым Божым слове іерарх працягнуў разважанне над пакліканнем духоўных і кансэкраваных асоб да пастаяннага дыялогу з Богам, «бо нашае пакліканне да святарства і да манаства — гэта пакліканне да дыялогу з Тым, хто выбраў нас, асвяціў і паслаў.

Бог паклікаў нас да супрацоўніцтва з Ім у справе збаўлення людзей і перамянення свету. Нельга быць супрацоўнікам Бога без дыялогу з Ім, без размовы з Ім», — зазначыў іерарх.

На думку біскупа, ключавым элементам пастырскіх праграм павінна быць выхаванне да малітвы. «Калі мы святары і манаскія асобы, то мы выхавацелі ў малітве. Таму мы самі ў першую чаргу павінны быць людзьмі малітвы», — падкрэсліў біскуп Яшэўскі.

Пасля Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы. У прыватнасці, дэкан Магілёўскі ксёндз Андрэй Кеўліч у межах літургічнай фармацыі прадставіў некаторыя моманты, звязаныя з плённым перажываннем святой Імшы духавенствам, нагадаўшы словы Бэнэдыкта XVI аб тым, што эўхарыстычная цэлебрацыя сама ў сабе з’яўляецца найвялікшым актам адарацыі Касцёла.

На сустрэчы былі таксама абмеркаваныя некаторыя бягучыя справы з жыцця архідыяцэзіі, а таксама звязаныя з развіццём Касцёла на Мінскай і Магілёўскай зямлі. Біскуп Яшэўскі перадаў прывітанне ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, а таксама агучыў бліжэйшыя пастырскія ініцыятывы.

Таксама Генеральны вікарый архідыяцэзіі, адказны за Магілёўшчыну, патлумачыў сітуацыю з касцёлам у Бабруйску, якая шмат абмяркоўвалася ў апошні час. Іерарх, між іншым, паведаміў: «Рыма-каталіцкая парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Бабруйску не з’яўляецца ўласнікам адзінага дзеючага касцёла ў гэтым горадзе. Па гэтай прычыне яна атрымала пастанову ад выканкама Ленінскага раёна горада Бабруйска, што з 1 студзеня 2023 года неабходна заключыць дамову аб арэнднай плаце за тыя памяшканні, якімі карыстаецца парафія для сваіх мэтаў, паколькі бязвыплатнае карыстанне гэтымі памяшканнямі больш немагчымае паводле заканадаўства. За памяшканні прыбудаванага будынку былога „Бобруйскстройкомплекс“, якімі парафія не карыстаецца, арэнда выплочвацца не будзе.

Пасля падліку арэндаванай плошчы, бабруйская парафія падпіша дамову з уласнікам будынку на мінімальны тэрмін у шэсць месяцаў, каб плаціць арэнду, і будзе чакаць распараджэння ўладаў аб перадачы касцёла ў бязвыплатнае карыстанне. Тая самая працэдура была здзейснена ў адносінах да магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, дзе парафія больш за год аплочвала будынак касцёла, гаража і прылеглай тэрыторыі, а потым атрымала вышэйзгаданыя аб’екты на пяць гадоў у бязвыплатнае карыстанне.
Наступным крокам стане просьба аб перадачы ва ўласнасць будынку касцёла, які быў пабудаваны і адрамантаваны каталіцкімі вернікамі горада Бабруйска і шматлікімі дабрачынцамі парафіяльнай супольнасці», — сказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

На заканчэнне іерарх нагадаў, што 23 лютага ў Мінску адбудзецца чарговая пастырская сустрэча духавенства архідыяцэзіі, якая пройдзе ў архікатэдры.

 

 

Абноўлена 19.01.2023 17:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа