У сераду 31 мая Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў парафію Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёна, дзе ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць.
Разам з іерархам у святкаванні ўзялі ўдзел святары, якія нясуць служэнне на Магілёўшчыне: дэкан Магілёўскі ксёндз Андрэй Кеўліч з Горак, настаяцель супольнасці ксяндзоў марыянаў у Беларусі ксёндз Вадзім Мізэр МІС з Оршы, ксёндз Ежы Вежхоўскі CMF і айцец Раман Шульц ОР з Магілёва, а таксама ксёндз Павел Адамовіч з Крычава. Біскупа, святароў, парафіянаў і гасцей прывітаў пробашч парафій у Фашчаўцы і ў Шклове ксёндз Міхал Бубен.
На пачатку літургіі біскуп Яшэўскі ўрачыста ўнёс у капліцу рэліквіі святога Андрэя Баболі, святара і мучаніка, падараваныя фашчаўскай парафіі.
Жыццё гэтага святога было звязана з Магілёўшчынай: ён пэўны час правёў у езуіцкай супольнасці ў Бабруйску, пры касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла, таму духоўна блізкі мясцовым вернікам, якія цяпер маюць магчымасць ушаноўваць мучаніка ў сваёй парафіяльнай святыні і праз яго заступніцтва прасіць Бога аб патрэбных ласках для сябе і сваіх блізкіх.
У прамоўленай гаміліі іерарх звярнуў увагу прысутных на тое, што Найсвяцейшая Панна Марыя хоча, каб людзі звярталіся да Яе па навуку хрысціянскага жыцця і ўмацаванне ў веры.
«Толькі ў святле веры мы разумеем годнасць і пакліканне чалавека, які, будучы па сваёй прыродзе стварэннем і слугой, быў узнесены ласкай на вышыні Божага жыцця, каб стаць дзіцем Божым. Такім чынам, вера — гэта не ўбоства і абмежаванасць розуму, але яго ўзбагачэнне новым пазнаннем, што з’яўляецца пачаткам вечнага шчасця», — падкрэсліў пастыр.
На заканчэнне гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў прысутных вернікаў даверыць сваю веру Марыі і Яе Беззаганнаму Сэрцу, па Яе прыкладу захоўваць у сэрцах праўды веры і разважаць над імі.
Парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёна існуе з 1639 года. У 1967 годдзе мураваны касцёл быў знішчаны савецкімі ўладамі. Год таму Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўрачыста пасвяціў капліцу Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.