У суботу 4 чэрвеня ў вёсцы Фашчаўка, што ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўрачыста пасвяціў капліцу Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.
У вёсцы, дзе да гэтага часу жыве нямала католікаў, калісьці існаваў прыгожы мураваны касцёл, пабудаваны ў XVIII стагоддзі, які быў знішчаны злачыннай савецкай уладай у 1967 годзе.
Намаганнямі мясцовых парафіянаў і іх душпастыраў, у тым ліку цяперашняга фашчаўскага пробашча ксяндза Міхала Бубена, узамен знішчанай бязбожнаю рукою святыні ў вёсцы была пабудавана невялікая, але зграбная і ўтульная капліца.
Яе пасвячэнне адбылося падчас урачыстай святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Ва ўрачыстасці бралі ўдзел святары Магілёўскага дэканату, вернікі парафіі і госці з наваколля.
Пасля прывітання хлебам-соллю пры ўваходзе, арцыбіскуп тройчы пастукаўся ў дзверы капліцы і папрасіў першай увайсці ў новы Дом Божы найстарэйшую фашчаўскую парафіянку — 91-гадовую Марыю Платоненка, якая нямала зрабіла для адраджэння парафіі і добраўпарадкавання новазбудаванай святыні.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі ўзгадаў, што Фашчаўка калісьці была вялікім духоўным цэнтрам. Сюды, да цудадзейнага абраза Маці Божай, сцякаліся пілігрымы, а сам касцёл быў адным з найбольшых на тэрыторыі Беларусі.
Арцыпастыр пераказаў гісторыю, якая сведчыць пра вялікую адданасць тутэйшых вернікаў. Гісторыя апавядае, як аднойчы новапрызначаны пробашч упершыню ехаў у Фашчаўку, і па дарозе яму трапіўся пэўны чалавек. Святар запытаўся, ці ён католік, ці наведвае ў нядзелю касцёл, а ў адказ пачуў здзіўленае: «Я ж з Фашчаўкі!» Іерарх выказаў пажаданне, каб і ў цяперашні час выраз «я з Фашчаўкі» азначаў наяўнасць сталай і свядомай веры, быў своеасаблівым «знакам якасці».
Арцыбіскуп таксама пажадаў, каб дарога да фашчаўскай капліцы не зарасла, а сама святыня была для вернікаў парафіі месцам пастаяннай сустрэчы з Божай ласкай, тым больш, што зруйнаваны будынак касцёла ў літаральным сэнсе стаў дарогай — яе насыпалі з цэглы разбуранай святыні. Людзі, якія хадзілі па гэтай дарозе, усё ж дайшлі да адраджэння веры.
У Фашчаўцы ёсць не толькі крыж на месцы трагедыі бязбожнага часу: цяпер тут ёсць новая святыня, якая будзе надзеяй для ўсіх сэрцаў, што прагнуць Бога.
Пасля ўрачыстай Імшы святкаванне працягнулася сумесным пачастункам, падчас якога гучалі віншаванні і спевы. Пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сам праспяваў для прысутных парафіянак-маці песню «Родна маці мая» ва ўласным перакладзе на беларускую мову. Спеў пыдтрымалі прысутныя парафіяне, і высветлілася, што пры жаданні ў парафіі можна будзе стварыць ладны хор.
…Над новапасвячанай капліцай плылі аблокі і гукі спеваў, а ў сэрцах прарастала перакананне, што Маці Божая радуецца сёння і благаслаўляе беларускі край. Пасвячэнне капліцы ў Фашчаўцы ўмацавала надзею на тое, што гэтае месца веры зноў будзе агменем Божага святла на нашай зямлі.