Пошук

17.10.2019 13:01   Фота: Church.by / Тэкст: Анастасія Грышан / Catholic.by

16–17 верасня ў Доме Масквы ў Мінску адбываецца праваслаўная кніжная выстава-форум «Радасць Слова». У яе адкрыцці па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, удзельнічаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які выступіў з прывітальным словам.

Каталіцкі іерарх падзякаваў за запрашэнне да ўдзелу ў адкрыцці выставы, на якой прадстаўлены апошнія праваслаўныя выданні. Ён падкрэсліў, што гэта добрая нагода пазнаёміцца з сучаснымі дасягненнямі праваслаўнага кнігавыдання.

Па словах арцыбіскупа, невыпадкова, што выстава праводзіцца ў тыя дні, калі ў Мінску адбываецца міжнародная канферэнцыя «Мітрапаліт Нікадзім: шлях служэння Царкве», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Мітрапаліта Ленінградскага і Наўгародскага Нікадзіма, вялікага прапагандыста экуменізму, асабліва развіццю адносін паміж Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам.

Арцыбіскуп нагадаў, што гэты іерарх, знакавая фігура Праваслаўнай Царквы і прыхільнік развіцця міжканфесійнага дыялогу, шмат увагі звяртаў на рэлігійную адукацыю, што немагчымая без адпаведнай літаратуры.

Прарочым позіркам ён прадбачыў будучыя цяжкасці і небяспечныя выклікі, адказаць на якія можна толькі будучы адпаведна падрыхтаваным, дадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

«У пралогу да Евангелля паводле Яна чытаем, што на пачатку было Слова, і Слова стала целам і пасялілася між намі. Аналізуючы значэнне духоўнай кнігі, трэба сказаць, што гэтае Слова стала кнігай. Гэта Евангелле і кожная духоўная кніга, праз якую наш Збаўца Езус Хрыстус прамаўляе да чалавека.

Таму немагчыма пераацаніць значэнне духоўнай кнігі ў жыцці сучаснага грамадства, якое, на жаль, адракаецца ад Бога, але адначасова адчувае голад па Ім. Гэты голад паклікана наталіць духоўная кніга»,

— сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён падкрэсліў, што галоўнай задачай Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы з’яўляецца не толькі абвяшчэнне Евангелля народам, якія яго яшчэ не пачулі, але і новая евангелізацыя ці рэевангелізацыя, калі трэба нанова евангелізаваць народы з багатай хрысціянскай традыцыяй, якія забыліся пра яе. А гэта немагчыма ажыццявіць без адпаведнай духоўнай літаратуры.

З аднаго боку, адзначыў іерарх, гэтая выстава — як быццам падвядзенне вынікаў працы, але на самай справе яна не толькі мінулае, але і позірк у будучыню.

Арцыбіскуп пажадаў арганізатарам і ўдзельнікам выставы, каб яна была плённай.

Абноўлена 17.10.2019 13:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа