Пошук

15.10.2019 16:44   Тэкст: Анастасія Грышан / Catholic.by

15 кастрычніка ў Мінску пачалася двухдзённая міжнародная канферэнцыя «Мітрапаліт Нікадзім: шлях служэння Царкве», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Мітрапаліта Ленінградскага і Наўгародскага Нікадзіма (Ротава). У ёй узяў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Адкрыццё канферэнцыі і пленарнае пасяджэнне адбылося ў Мінскай гарадской ратушы. У цырымоніі адкрыцця і пасяджэнні ўдзельнічалі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычнага корпусу. Між іншым, у канферэнцыі прымаюць удзел сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі кс. Махэр Шаммас і прадстаўнік Папскай рады па справах хрысціянскага адзінства кс. Ярамір Задрапа.

Мітрапаліт Нікадзім быў звязаны з беларускай зямлёй, бо перад прызначэннем на Ленінградскую кафедру з 3 жніўня па 9 кастрычніка 1963 г. быў Мітрапалітам Мінскім і Беларускім.

Ён увайшоў у гісторыю як вялікі прыхільнік дыялогу паміж Маскоўскім Патрыярхатам і Ватыканам. Дзякуючы яго старанням у працах Другога Ватыканскага Сабору прымалі ўдзел два прадстаўнікі Маскоўскага Патрыярхату ў якасці назіральнікаў.

У слове на адкрыцці канферэнцыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыгадаў гісторыю, якая мела месца ў 1965 г. Тады, будучы студэнтам другога курсу Ленінградскага палітэхнічнага інстытута, ён па сваім звычаі як веруючы пайшоў на вігілію Божага Нараджэння ў адзіны ў той час касцёл Маці Божай Люрдскай у горадзе на Няве. У прэзбітэрыі ён убачыў праваслаўнага епіскапа.

Пасля Імшы пробашч сказаў што вернікаў жадае прывітаць Мітрапаліт Ленінградскі і Ладажскі Нікадзім. Для будучага арцыбіскупа Кандрусевіча стала вялікай нечаканасцю, што ў каталіцкім касцёле прамаўляе праваслаўны іерарх. Сёння нормай з’яўляецца прысутнасць каталіцкага духавенства на праваслаўных набажэнствах і наадварот, але ў тыя часы на падобнае было цяжка спадзявацца.

«Прывітаўшы ўсіх прысутных, Мітрапаліт Нікадзім павіншаваў іх са святамі Божага Нараджэння і пажадаў благаслаўлення Божага Дзіцяткі. А потым пачаў распавядаць пра Другі Ватыканскі Сабор, яго працы па аднаўленні Касцёла згодна са знакамі часу і адкрытасці на свет, у тым ліку на іншыя канфесіі і рэлігіі, — узгадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. —

Першы раз я пачуў звестку пра Другі Ватыканскі Сабор ад праваслаўнага іерарха. А дзе мог пачуць ці прачытаць? Савецкае радыё і тэлебачанне маўчалі».

Словы Мітрапаліта Нікадзіма зрабілі вельмі вялікае ўражанне на будучага арцыбіскупа і моцна паўплывалі на яго жыццё. Ён пакрыху пачаў цікавіцца Саборам, хаця доступ да рэлігійнай літаратуры ў тыя часы быў моцна абмежаваны. Потым, калі вучыўся ў семінарыі ў Каўнасе, прысвяціў шмат часу вывучэнню матэрыялаў Сабору, ліцэнцыят і доктарскую дысертацыю прысвяціў таксама яму.

У знак удзячнасці вялікаму іерарху арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас служэння ў Расіі прыходзіў на яго магілу на Нікольскіх могілках Аляксандра-Неўскай Лаўры ў Санкт-Пецярбургу, каб памаліцца за спакой яго душы.

Як дадаў арцыбіскуп, Мітрапаліт Нікадзім сустракаўся з прадстаўнікамі Ватыкана, у 1963 г. перад распачаццем другой сесіі Сабору быў прыняты папам Паўлам VI, прымаў удзел у розных міжканфесійных сустрэчах. Гэты іерарх, які меў дальнабачны позірк на адносіны Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла, памёр падчас аўдыенцыі ў новаабранага папы Яна Паўла ІІ 5 верасня 1978 г.

Над адыходзячым у вечнасць Мітрапалітам малітву адпушчэння грахоў прачытаў Папа. Іерарха адпявалі ў касцёле св. Ганны ў Ватыкане і ў Аляксандра-Неўскай Лаўры ў Ленінградзе.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што ўжо ў 60-я і 70-я гады Мітрапаліт Нікадзім сваім прароцкім позіркам глядзеў далёка наперад. У часы жорсткіх ганенняў на веру ён клапаціўся, як яе захаваць і атрымаць рэлігійную свабоду. Гэта было магчыма толькі аб’яднаўшы высілкі розных веравызнанняў, у тым ліку католікаў і праваслаўных.

Яго ідэі аб супрацоўніцтве Цэркваў, адзначыў іерарх, актуальныя і сёння. Арцыбіскуп дадаў, што мы жывем у часы свабоды веравызнання, аднак дабравольна трапляем у палон антырэлігійных ідэалогій, прычым усё больш людзей жыве так, як быццам Бог не існуе.

«У такой вельмі небяспечнай сітуацыі неабходна дзейнічаць сумесна. Пацвердзіла гэта і гістарычная сустрэча папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў 2016 г. у Гаване на Кубе. Мы не супернікі, а браты ў Хрысце і супрацоўнікі Божай нівы, і на нас Божы Провід усклаў абавязак бараніць хрысціянскія каштоўнасці і іх абвяшчаць», — сказаў арцыбіскуп.

Абноўлена 17.10.2019 13:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.