Пошук

16.10.2019 12:35   Тэкст і фота: Эла Дзвінская / Catholic.by

У Беларусі знаходзіцца з візітам вядомы даследчык з ЗША, гісторык і археолаг, доктар філасофіі, кіраўнік «Групы даследвання рукапісаў» доктар Скот Кэрал, заснавальнік музея Бібліі ў Вашынгтоне. Ён удзельнічае ў шэрагу навуковых мерапрыемстваў і выступае з лецыямі ва ўніверстэтах краіны.

У мінулым годзе дзякуючы яго дзейнасці была паспяхова праведзена сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі буйнейшая ў гісторыі краіны выстава «Беларусь і Біблія», якую змаглі наведаць каля 20 тысяч чалавек.

У мінулым спартовец, чалавек моцнай волі і характару, чэмпіён ЗША, які рыхтаваўся да ўдзелу ў Алімпіядзе-80, Скот Кэрал быў пакліканы на служэнне, каб сведчыць па ўсім свеце пра верагоднасць і важнасць Бібліі. Ён авалодаў 13 мовамі (у тым ліку старажытнымі), вывучаў антычную гісторыю і археалогію ва ўніверсітэце Маямі, хрысціянскую гісторыю ў Троіцкай евангелічнай школе, абараніў доктарскую дысертацыю. Бацька чатырох дзяцей, выдатна кантактуе са студэнтамі, моладдзю і ўмее зацікавіць дзяцей.

Цяпер ён выступае ў розных краінах свету, арганізуе выставы біблейскіх дакументаў у рамках праекту Inspired Eхhibited. Выставы на працягу апошніх гадоў былі арганізаваны ў Ганконгу, Беларусі, Расіі, Папуа-Новай Гвінеі.

15 кастрычніка доктар Кэрал выступіў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з лекцыяй «Кнігі да вынаходніцтва друку: нястомная праца перапісчыка».

Лекцыю з цікавасцю наведалі беларускія даследчыкі Бібліі, студэнты Інстытута тэалогіі БДУ і Тэалагічнага каледжа ў Мінску, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.

Падчас правядзення даследванняў Скоту Кэралу давялося вывучаць і ідэнтыфікаваць больш за 20 тысяч манускрыптаў, сярод якіх былі старажытныя Торы, кумранскія рукапісы, раннія хрысціянскія тэксты.

Амерыканскі навуковец распавёў пра працу перапісчыкаў Святога Пісання на працягу тысяч гадоў. Гэта былі высокаадукаваныя людзі, якія захоўвалі дакладную традыцыю і прытрымліваліся многіх правілаў пры перапісванні тэкстаў. Доктар Скот звярнуў увагу на ідэнтычнасць па змесце тэкстаў, якія перапісваліся ў розныя часы.

Многія гадзіны праводзіць прафесар над рукапісамі, яны з’яўляюцца для яго акном у старажытны свет, праліваюць святло на аўтараў і перапісчыкаў тэкстаў. Навуковец заахвочвае студэнтаў да капіявання манускрыптаў. Удзельнікі лекцыі змаглі разгарнуць і патрымаць у руках старажытны сувой Торы.

Навуковец павіншаваў беларускіх калегаў з ажыццяўленнем факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бібліі. У гэты ж дзень ён выступіў з лекцыяй у БДУ.

На гэтым тыдні Скот Кэрал наведае Брэст і Баранавічы, дзе выступіць ва ўніверсітэтах, а напрыканцы тыдня сустрэнецца з юнымі ўдзельнікамі «Клуба кніжных прафесараў» у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Абноўлена 16.10.2019 12:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа