Пошук

11.10.2019 11:12   Тэкст: Марына Сінкевіч / Фота: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by

8 кастрычніка ў парафіяльным доме імя ксяндза Юзафа Францкевіча пры касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім прайшла сустрэча катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі.

Як паведамляе партал Catholicnews.by, мерапрыемства распачалося з супольнай малітвы. Напачатку словы прывітання ўсім удзельнікам скіраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У першай частцы сустрэчы быў прэзентаваны гадавы евангелізацыйны курс, рапрацаваны паводле мультфільму «Суперкніга». Многія памятаюць папулярны ў 90-я гады мінулага стагоддзя мультсерыял з такою назваю.

Па ініцыятыве хрысціянскай місіі «Міжнародныя хрысціянскія навіны» была створана новая версія анімацыі, у якім вандраванне герояў па старонках Бібліі чаргуецца з экскурсамі ў сучаснасць: цяперашні выгляд святынь і месцаў, геаграфія Ізраэля, інтэрактыўныя карты і г.д.

Мультфільм знаёміць маленькіх гледачоў са Старым і Новым Запаветам. За 40 заняткаў на працягу года з героямі мультфільма можна здзейсніць сапраўднае падарожжа па старонках «Суперкнігі» — Бібліі.

Сястра Дар’я Галубкова OV нагадала пра Другі конкурс на веданне Святога Пісання для дзяцей да 14-і гадоў уключна, які пройдзе ў дыяцэзіі ў сакавіку – красавіку 2020 года. Катэхеты вырашылі, што тэмаю конкурсу стане Кніга Зыходу і абмеркавалі яго арганізацыю.

Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша ў глыбоцкім касцёле, цэлебрацыю якой ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч.

Іерарх маліўся за ўсіх тых, хто ў Віцебскай дыяцэзіі займаецца справай катэхізацыі, каб добры Бог умацоўваў іх у важнай місіі прапаведвання Слова, каб яна была здзейснена з вялікай адказнасцю і з Божым натхненнем.

«Мы, каму Езус даручыў адказнасць за евангелізацыю, павінны даваць гэтае Слова, павінны самі жыць гэтым Словам. Таму самым важным, цэнтральным момантам нашай сустрэчы з’яўляецца Эўхарыстыя — спатканне з Езусам Хрыстом», — падкрэсліў іерарх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа