15 верасня ў Ляскоўцы адбылася выязная сустрэча сем’яў руху «Сужэнскія сустрэчы». У мерапрыемстве ўдзельнічалі 22 сям’і.
Таксама ў сустрэчы прынялі ўдзел а. Сяргей Трысцень OCD, бр. Максім Варанюк і а. Яўген Усошын. Мерапрыемства ўключала святую Імшу, сустрэчу-дыялог і сумесны адпачынак з хатнімі прысмакамі і вясёлымі гульнямі.
На ўсіх мерапрыемствах руху «Сужэнскія сустрэчы» вялікая ўвага адводзіцца сужэнскаму дыялогу і клопату пра адносіны паміж мужам і жонкай.
Гэтым разам сабраныя разважалі над Гімнам любові ў сужэнскім жыцці (пар. 1 Кар 13, 4–7), дзяліліся сведчаннямі, якія словы з гэтага гімна яны перажывалі асабліва моцна ў сваіх сем’ях.
Як было адзначана, у розныя перыяды сумеснага жыцця яны гучаць вельмі па-рознаму і сапраўды цяжка ўдасканальвацца ў апісаных рысах любові. Для адных больш прамаўляла любоў доўгацярплівая, якая не памятае зла, для іншых — якая ўсё зносіць і не шукае свайго і г.д.
Была звернута ўвага, што імкненне да такой дасканалай любові патрабуе ад сужэнцаў вялікай працы над сабой і сваімі адносінамі. Але гэтая праца дае вялікія плёны — не страчваецца блізкасць, узаемаразуменне, адчуванне адно аднаго, жаданне ўзрастаць у сваёй любові; з гадамі гэтыя цноты толькі памнажаюцца ў сем’ях. І ў гэтым вельмі дапамагаюць розныя мерапрыемствы «Сужэнскіх сустрэч», дзе сужэнцы знаходзяць час адно для аднаго, слухаюць, спрабуюць зразумець свайго сужонка, дзеляцца сабой і вучацца прабачаць.
Былі сем’і, якія падзяліліся тым, як на розных этапах любоў ставіць перад імі задачу быць больш ласкавымі, у іншых абставінах — усяму верыць і на ўсё спадзявацца.
Як адзначалася, не ўсё ўдаецца, але дыялог і праца над адносінамі даюць магчымасць імкнуцца да больш дасканалай любові.
Брат Максім Варанюк распавёў, што для яго ўсе рысы любові, апісаныя ў гімне, — адно цэлае, непарыўнае, і калі ён мае адну рысу, то мае і ўсе астатнія.
Сабраныя падзяліліся таксама пачуццямі надзеі, што імкненне ў іх сем’ях да больш дасканалай любові, якую апісвае апостал Павел, дае магчымасць разам набліжацца да Бога і ўзрастаць у сваіх адносінах нават перажываючы цяжкасці, крызісы і шматлікія сужэнскія непаразуменні.
Вельмі прыемна было разам трываць на малітве і бавіць час сем’ямі разам з дзецьмі. Шашлыкі, каўбаскі, стравы ад удзельнікаў, усмешкі і гульні надалі гэтаму нядзельнаму дню асаблівы смак радасці і сямейнага шчасця. Асабіста дзякуюць удзельнікі брату Андрэю Жылевічу і Caritas за выдатныя ўмовы для выязной сустрэчы.
Тыя сем’і, якія жадаюць прыняць удзел ва ўнікальных аўтарскіх рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч» і абнавіць, умацаваць свае адносіны альбо шукаюць шляхі выхаду з крызісу сямейнага жыцця, запрашаюцца запісацца на бліжэйшыя даты:
25–27 кастрычніка ў Мінску і адначасова 25–27 кастрычніка ў Браславе.
Адзіны нумар для запісу: +375 29 652 11 44