Пошук

16.09.2019 11:31   Тэкст: Таісія Капыціна, Анастасія Грышан / Фота: Раман Зінкевіч / Catholic.by

14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, у мінскай парафіі на Кальварыі адбылася адпустовая ўрачыстасць. Святую Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які падчас яе ўдзяліў дзевяці вернікам сакрамэнт канфірмацыі.

На пачатку ўрачыстасці пробашч кс. Андрэй Сіповіч, прывітаўшы прысутных, папрасіў арцыбіскупа ўдзяліць вернікам гэты сакрамэнт — дар умацавання Святым Духам.

Іерарх выказаў радасць ад магчымасці маліцца ў касцёле, дзе 30 гадоў таму, 30 кастрычніка 1989 г., адбыўся яго інгрэс як біскупа.

У той дзень, узгадаў ён, ішоў моцны дождж, што для сённяшняга Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага было знакам благаcлаўлення. У тыя часы гэта быў адзіны касцёл у Мінску. Дзелячыся ўспамінамі, арцыбіскуп заўважыў, што вытрываць і захаваць веру ў тыя цяжкія гады пераследу Касцёла нашым продкам дапамагала і вера ў моц крыжа, які быў знакам надзеі і збаўлення.

Тым, хто падрыхтаваўся прыняць сакрамэнт канфірмацыі, пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пажадаў быць моцнымі хрысціянамі, не паддавацца ўплыву выклікаў нашага часу, а заўсёды мужна адказваць на іх і не баяцца несці крыж штодзённага жыцця. Ён заахвоціў іх быць падобнымі да апосталаў, памятаць, што неабходна адкрыцца на дзеянне Духа Святога.

У гаміліі іерарх падкрэсліў значэнне крыжа ў справе збаўлення чалавецтва.

Ён нагадаў, што пасля пахавання Езуса каля ерузалемскай Кальварыі крыж быў хутка закапаны, каб памяць аб Езусе знікла як мага хутчэй і хрысціянства не пакінула ніякага следу на зямлі. Пасля аб’яўлення імператарам Канстанцінам у 313 г. Міланскага эдыкту, які прызнаў свабоду хрысціянства, распачалося ажыўленне веры. Маці Канстанціна св. Алена вырашыла знайсці крыж Езуса.

У наваколлі ерузалемскай Кальварыі пачаліся раскопкі, і былі знойдзены тры крыжы, адзін з якіх належаў Хрысту, а два іншыя — укрыжаваным з Ім злодзеям. Невядома было, на якім быў укрыжаваны Езус. Тады натхнёны Святым Духам біскуп Ерузалема Макарый параіў дакрануцца кожным з крыжоў па чарзе да паміраючай жанчыны. Калі дакрануліся трэцім, жанчына ачуняла. Тады біскуп узняў крыж уверх, і сабраны вакол натоўп людзей усклікнуў: «Пане, змілуйся над намі!»

Хрысціянства абрала крыж сваім сімвалам, і, як падкрэсліў іерарх, не таму, што ён стаў прыладай смерці Збаўцы, а таму, што Бог выбраў крыж, каб на ім збавіць чалавецтва.

«Дзякуючы крыжовай смерці Хрыста змянілася значэнне крыжа. Замест сімвалу цярпенняў і смерці ён стаў сімвалам надзеі і збаўлення. Таму мы сёння праслаўляем крыж, сіла якога праяўляецца і ў наш час, — адзначыў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. — Мы праслаўляем яго, таму што на ім знаходзіцца фігура ўкрыжаванага Езуса».

Напрыканцы вернікі падзякавалі Богу за магчымасць узрастаць духоўна, пазнаваць Яго слова і ўмацоўвацца праз дары Духа; выказалі падзяку арцыбіскупу за духоўную падтрымку, шчырасць і адкрытасць, прастату і добрасардэчнасць, за магчымасць у свята Узвышэння Святога Крыжа ўдзяліць сакрамэнт канфірмацыі.

Словы падзякі яны скіравалі таксама пробашчу кс. Андрэю, асабліва за мудрасць і падтрымку, за настаўленні ў штодзённасці, за магчымасць адкрываць Бога ў кожнай падзеі жыцця, бачыць плён Яго прысутнасці ва ўсім, што навокал, пераносіць складанасці і нягоды быцця з верай у Збаўцу. Парафіяне пажадалі, каб касцёл на мінскай Кальварыі заўсёды быў поўны вернікамі, як у гэты дзень, каб праз душпастырства ўсё больш людзей набывала веру і знаходзіла шлях да Бога.

Звяртаючыся да святароў, якія раздзялілі святкаванне ўрачыстасці: кс. каноніка Яна Крэміса, кс. каноніка Дзмітрыя Пухальскага, кс. Ірэнэуша Корпача, — парафіяне адзначылі важнасць іх штодзённага служэння, праз якое выконваецца святарская місія «быць для Касцёла і свету сакрамэнтам блізкасці Бога». Словы падзякі прагучалі і ў адрас настаўніцы па рэлігіі Алены Болдак, якая на працягу года дапамагала падрыхтавацца да моманту намашчэння Духам Святым.

Завяршылася ўрачыстасць пастырскім благаслаўленнем арцыбіскупа. Таксама былі благаслаўлены крыжы, якія стануць бачным знакам у сем'ях і дамах вернікаў, каб, углядаючыся ў крыж, людзі шукалі збаўлення.

Абноўлена 16.09.2019 12:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа