Пошук

10.09.2019 16:42   Тэкст: Дзмітрый Мельнікаў, Анастасія Грышан / Фота: Дзмітрый Мельнікаў / Catholic.by

9 верасня пры мінскай парафіі св. Францішка адбылося адкрыццё інтэграцыйнага пакоя Caritas для дзяцей. Благаслаўленне пакоя (або «святліцы»), які будзе насіць імя св. Фэлікса з Канталічэ, здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У памяшканні будуць праводзіць развіваючыя трэнінгі, гульні, дапамагаць з выкананнем школьных хатніх заданняў. Пакой абсталявалі сучаснай мэбляй, гульнявымі матэрыяламі і камп'ютэрнай тэхнікай. З дзецьмі будуць займацца кваліфікаваныя спецыялісты, у якіх ёсць профільная адукацыя. З педагогамі таксама могуць пракансультавацца бацькі па розных пытаннях.

У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі, кіраўнікі і спецыялісты падобных устаноў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і, вядома, дзеці з бацькамі.

Такія ж пакоі-«святліцы» працуюць пры Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску, парафіі св. Антонія ў Магілёве, парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве.

Праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

У сваім слове арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся да фрагменту Евангелля на гэты дзень аб аздараўленні чалавека з паралізаванай рукой. Іерарх адзначыў, што Езус клапоціцца пра чалавека і яго дабро, ставіць чалавека ў цэнтры сваёй дзейнасці і таму, як апавядаецца ў гэтым фрагменце, лечыць нават у суботу, калі паводле Старога Запавету забараняецца працаваць. У іншым месцы Евангелля, дадаў арцыбіскуп, Езус кажа, што не чалавек для суботы, а субота для чалавека. Гэта азначае, што закон павінен служыць чалавеку, таму неабходна падпарадкоўвацца закону не дзеля сляпой паслухмянасці, а дзеля дабра чалавека.

«Служэнне чалавеку, які знаходзіцца ў складанай сітуацыі, павінна займаць першае месца, — заўважыў іерарх. — У гэтым крыецца навізна Новага Запавету, які даў нам Хрыстус.

Касцёл, наследуючы Хрыста, таксама стараецца служыць людзям і ў гэтай галіне супрацоўнічае з грамадскімі арганізацыямі і дзяржаўнымі структурамі.

Касцёл і дзяржава — гэта асобныя адзінкі. Іх місіі розныя. Касцёл служыць духоўнаму дабру, дзяржава — агульнаму. Аднак у цэнтры Касцёла і дзяржавы павінен быць чалавек. Гэта тое, што нас павінна аб'ядноўваць».

Рэалізацыі гэтай задачы, па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, будзе служыць інтэграцыйны пакой Caritas, дзе будзе ажыццяўляцца выхаванне чалавека, у першую чаргу маладога, што асабліва важна ў наш час, напоўнены бясконцымі выклікамі.

Арцыбіскуп падзякаваў спонсарам праекту, найперш Пасольству Рэспублікі Польшча і дабрачыннаму каталіцкаму таварыству Caritas у Польшчы, а таксама айцам капуцынам, якія апякуюцца мінскай парафіяй св. Францішка, за рэалізацыю гэтага праекту. Ён выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва паміж парафіяй і дзяржаўнымі структурамі ў галіне сацыяльнага служэння чалавеку.

 

Абноўлена 10.09.2019 17:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця