8 верасня ў Бялынічах, што на Магілёўшчыне, з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, прайшла ўрачыстасць Маці Божай Бялыніцкай у гонар другога ў гісторыі каранаванага папскімі каронамі абраза Багародзіцы на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Вялікі фотарэпартаж Дар’і Сярпейка з урачыстасці ў Бялынічах ТУТ>>>
З кожным годам фэст у Бялынічах — месцы, дзе калісьці захоўвалася адна з самых шанаваных на нашых землях цудатворных ікон Маці Божай, — збірае ўсё большую колькасць вернікаў. Гэта сведчыць пра тое, што культ Маці Божай Бялыніцкай — «Каралевы Літвы і Русі» — паступова адраджаецца.
Традыцыйна сюды ідзе пешая пілігрымка з Магілёва.
Сёлета 76 пілігрымаў за два дні пераадолелі пешкі каля паўсотні кіламетраў, што аддзяляюць абласны цэнтр ад мястэчка на Друці, якое сотні гадоў таму выбрала для свайго трону на Магілёўшчыне Багародзіца.
На жаль, сёння замест велічнага санктуарыя, знішчанага бязбожнай савецкай уладай, тут ёсць толькі невялічкая каталіцкая каплічка. Каля яе пілігрымаў сустрэў і шчыра прывітаў душпастыр бялыніцкай каталіцкай супольнасці кс. Юзаф Сярпейка.
Акрамя пешых пілігрымаў з Магілёва ў Бялынічы прыехалі два велапілігрымы — Сяргей і Дзмітрый Крывенкі з Бабруйска. Бацька з сынам пераадолелі на «жалезных конях» адлегласць каля 130 кіламетраў.
Больш за паўсотні пілігрымаў прыбылі на ўрачыстасць у Бялынічах з Мінска разам з кс. канонікам Уладзіславам Завальнюком.
Гэты святар адзначаецца вялікай любоўю да Багародзіцы: менавіта ён зрабіў вельмі шмат для развіцця ў наш час культу Маці Божай Будслаўскай і цяпер клапоціцца таксама пра адраджэнне культу Бялыніцкай Мадонны.
Усяго ў сёлетняй урачыстасці, цудоўна арганізаванай невялікай супольнасцю тутэйшых католікаў разам з іх руплівым душпастырам кс. Юзафам, узялі ўдзел некалькі соцень вернікаў з розных мясцін Беларусі, пераважна з Магілёўскага рэгіёну.
Святкаванню папярэднічала саракагадзіннае набажэнства, да якога далучыліся духоўныя валанцёры з іншых парафій.
Праз адарацыю Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце яны маліліся аб адраджэнні культу Маці Божай Бялыніцкай і аб развіцці Касцёла на Магілёўшчыне, а таксама перапрашалі Бога за грэх разбурэння святыні ў Бялынічах, за грахі святароў і супраць святароў, за грахі вернікаў і супраць вернікаў, за ўсе святатацтвы і знявагі Божага імені, а таксама за ўсе блюзнерствы супраць Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых.
Паколькі маленькая бялыніцкая капліца не магла змясціць і невялікай часткі ўсіх удзельнікаў урачыстасці, вернікі на чале з духавенствам у працэсіі скіраваліся на месца даўніх каталіцкіх могілак, дзе быў падрыхтаваны палявы алтар.
У працэсіі з пашанаю неслі абраз ХІХ стагоддзя — копію іконы Маці Божай Бялыніцкай, арыгінал якой лічыцца страчаным.
Вуліцамі Бялынічаў разам з вернікамі ішоў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Менавіта ён узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы на палявым алтары. Перад пачаткам Эўхарыстыі арцыпастыра, пілігрымаў і ўсіх удзельнікаў урачыстасці шчыра прывітаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Біскупскі вікарый Магілёўшчыны асабіста клапоціцца пра адраджэнне культу Маці Божай Бялыніцкай і звязвае з гэтым спадзяванні на далейшае паспяховае развіццё Касцёла ў гэтым найбольш пацярпелым ад савецкай атэізацыі рэгіёне нашай Бацькаўшчыны.
Біскуп Аляксандр выказаў надзею на тое, што праз два гады, калі будзе адзначацца 260-я гадавіна каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай, на тым месцы, дзе спачываюць продкі сённяшніх мясцовых вернікаў — сведкаў колішняй велічы Бялынічаў, — будзе пабудаваны касцёл, і ў ім зноў будзе змешчана цудатворная ікона, якую іерарх і бялыніцкія католікі не трацяць надзеі адшукаць.
Біскупскі вікарый Магілёўшчыны таксама павіншаваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 30-годдзем біскупскага служэння, якое першы каталіцкі іерарх, прызначаны ў пасляваенны час у Беларусі, адзначае сёлета.
Распачынаючы Эўхарыстыю, арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў пра тое, што наш народ здаўна ўшаноўвае Марыю як сваю Маці і Каралеву.
«Нездарма заклік „Каралева Беларусі“ рашэннем беларускага каталіцкага епіскапату быў дададзены ў Ларэтанскую літанію. Падобныя заклікі дадалі ў гэтую папулярную марыйную малітву таксама ў Польшчы і Літве.
„Каралева Беларусі, Каралева Польшчы, Каралева Літвы“: пашана да Маці Божай — гэта супольная духоўная спадчына Вялікага Княства Літоўскага, нашай гістарычнай дзяржавы, якую мы павінны берагчы і шанаваць», — падкрэсліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
У прамоўленай падчас святой Імшы гаміліі ён у чарговы раз, як ужо рабіў гэта ў Будславе, Гудагаі і Браславе, засяродзіўся на найбольш актуальным сёння пытанні для сучаснага беларускага грамадства — праблемах і пагрозах для Богам створанага інстытуту сям’і. Арцыбіскуп нагадаў, што 2019 год у Касцёле на Беларусі прысвечаны сям’і як крыніцы радасці і надзеі моладзі.
«Сёння, падчас гэтага бялыніцкага адпусту, мы павінны прасіць Марыю — Каралеву сем’яў, — каб Яна дапамагла бараніць беларускую сям’ю, якая знаходзіцца ў цяжкім крызісе.
Яна вельмі моцна хворая. Больш за тое, гэтая хвароба носіць хранічны характар, і таму яе неабходна тэрмінова лячыць, бо заўтра можа быць ужо запозна», — з болем зазначыў арцыпастыр.
Ён нагадаў, што заклік «Каралева сем’яў» у Ларэтанскую літанію увёў св. Ян Павел ІІ у 1995 г. падчас святкавання Юбілею 700-годдзя знаходжання святога дома з Назарэта ў італьянскім горадзе Ларэта. З гэтым домам звязана жыццё Святой Сям’і — Езуса, Марыі і Юзафа.
«Уводзячы тытул Марыі як Каралевы сем’яў, святы Папа вучыць, што ўспамін жыцця Святой Сям’і ў Назарэце абуджае свядомасць святасці сям’і і паказвае каштоўнасці, якія знаходзяцца пад пагрозай у наш час: сужэнская вернасць, пашана да жыцця, выхаванне дзяцей і малітва, якія хрысціянскія сем’і могуць адкрыць у святым доме, каб потым стаць прыкладам хатняга Касцёла», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
«Просячы заступніцтва Марыі як Каралевы сям’яў, мы павінны вучыцца ў Яе даверу да Бога ва ўсіх праблемах сучаснай сям’і, — адзначыў арцыбіскуп. Па традыцыі ён завяршыў гамілію кароткім малітоўным заклікам:
Сёння мы, людзі ХХІ стагоддзя, звяртаемся да Цябе, Маці Божая Бялыніцкая, наша Каралева, маліся за нас! Запрашаем Цябе ў нашыя сем’і! <…>
Маці Бялыніцкая, барані нашыя сем’і, благаславі іх і выпрасі ў свайго Сына ласку, каб дзякуючы моцнай Богам сям’і наша Бацькаўшчына была моцнай».
На заканчэнне ўрачыстасці бялыніцкія вернікі падаравалі ўсім прысутным на ўрачыстасці святарам «пакуначкі» з салодкімі прысмакамі з Магілёўшчыны. Слоічкі са смачным бялыніцкім мёдам атрымалі ў падарунак таксама ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці.