Пошук

07.09.2019 20:18   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

7 верасня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе ўрачыста адзначылі гадавіну кансэкрацыі базылікі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у галоўным алтары якой знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі.

Святыню кансэкраваў 7 верасня 1783 года дапаможны біскуп Віленскай дыяцэзіі Францішак Алаізій Юноша Гзоўскі, пра што захаваўся адпаведны дакумент на лацінскай мове з подпісам іерарха, змацаваны сургучнай пячаткай з біскупскім гербам.

Дакумент, які да гэтага часу захоўваўся ў парафіяльным архіве і быў даступны толькі адзінкавым асобам, цяпер аформлены ў рамку і з пашанаю змешчаны ў базыліцы на левай ад алтара калоне, дзе яго мог убачыць кожны.

У гэты дзень цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы перад цудадейным абразом Маці Божай Будслаўскай узначаліў канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. канонік Дзмітрый Пухальскі, да якога далучыліся дэкан Мядзельскі кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі і пробашч будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік. Усім жадаючым паспавядацца служыў у канфесіянале ў сакрамэнце паяднання кармэліт з Мядзела а. Генрых Валэйка OCD. Ва ўрачыстай святой Імшы з нагоды асвячэння касцёла бралі ўдзел мясцовыя вернікі і пілігрымы з Мінска.

У прамоўленым прынагодным казанні было падкрэслена, што раней асвячэнне касцёла называлася «кансэкрацыяй» і што менавіта гэтае слова ўжыта ў гістарычным дакуменце. Аднак сёння ў Касцёле так гавораць толькі ў дачыненні да пераісточання хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста ў Эўхарыстыі, а таксама пры выключным прысвячэнні Богу кансэкраваных асобаў.

Было адзначана, што «кансэкрацыя», або заклік Бога да святасці разам з Ім, з дапамогаю Божай ласкі пэўным чынам рэалізуецца ў жыцці кожнага хрысціяніна на ўзор Марыі — поўнай ласкі і цалкам адданай Богу Яго вернай Абранніцы. Рэалізуючы гэты заклік у сваім жыцці, вернік перамяняецца цудадзейнаю моцаю любові і такім чынам становіцца падобным да Хрыста — Сына Божага і Сына Марыі.

Чым больш чалавек прыпадабняецца да Езуса Хрыста, тым больш пяшчотна глядзіць на яго Марыя, пазнаючы ў ім рысы свайго Боскага Сына.

Дзеля таго, каб стаць святою Божаю святыняю, да чаго заклікае вучняў Хрыста апостал Павел, неабходна пазбавіцца ад усяго таго, што перашкаджае як найлепш праявіцца ў жыцці Ягонаму вобразу; ачысціцца ад усяго таго, што ператварае святыню чалавечага сэрца з Божага дома малітвы ў «дом гандлю».

Ніякая, нават такая прыгожая і велічная святыня, як будслаўская базыліка, не можа змясціць Бога.

Стварыцель свету, якога не змяшчае нават неба і ўся зямля, можа змясціцца толькі ў святыні чалавечага сэрца, ачышчанай ад усяго таго, што не дае ў ім пасяліцца Божай любові.

Адметна, што падчас урачыстасці былі запаленыя васковыя свечкі ў крыжах-«закхейках» — месцах, дзе падчас асвячэння касцёла яго сцены намашчаліся святым алеем. Пасля святой Імшы адбылося благаслаўленне рэлігійных рэчаў, а таксама адарацыя і малітва перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам у першую суботу месяца — дзень, асаблівым чынам прысвечаны Марыі: найдасканалейшай з усіх Божых стварэнняў, якая стала жывой манстранцыяй і сёння, як і заўсёды, паказвае свету шлях да свайго Сына Езуса Хрыста.

Абноўлена 09.09.2019 00:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця