7 верасня ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы адбылося святкаванне 15-годдзе існавання ў Беларусі руху Equipes Notre Dame («Суполкі Маці Божай»). Цэлебрацыю ўрачыстай Эўхарыстыі з гэтай нагоды ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Арцыбіскуп падзякаваў падчас Імшы ўсім, хто духоўна апякуецца гэтым рухам, асабліва кс. Андрэю Сіповічу.
Рух Equipes Notre Dame быў заснаваны 80 гадоў таму ў Парыжы ў 1939 г. і распаўсюджваўся па ўсім свеце. «Кіраўнікі руху добра прачыталі знакі часу і выкарысталі новыя абставіны свабоды рэлігіі ў нашай краіне, дзе падмурак грамадства, якім з’яўляецца сям’я, перажывае крызіс, — сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. — Гэты час паказаў, што глеба, у якую ўпала зерне руху, з радасцю яго прыняла».
Іерарх адзначыў, што рух быў узбагачаны як практыкай жыцця беларускіх сужэнцаў, так і досведам нашай краіны, «калі ў цяжкія часы ганенняў вера захавалася дзякуючы сем’ям, якія былі сапраўднымі хатнімі Касцёламі».
Па словах арцыбіскупа, рух «адразу пачаў ісці дарогай святасці ў разуменні таго, што асвячаная Богам узаемная сужэнская любоў вядзе да Яго». «Калі няма гэтага асвячэння і калі пачынаецца раздзяленне паміж чалавечай і Божай любоўю, то распачынаюцца праблемы, — дадаў іерарх. — Чалавечая любоў з’яўляецца аб’яўленнем Божай». Таксама практыка гэтага руху «пацвердзіла фундаментальную праўду аб неабходнасці плённага супрацоўніцтва паміж святаром і сем’ямі».
Рух Equipes Notre Dame, які з’яўляецца супольнасцю сужэнстваў, аб’яднаных сакрамэнтам сужэнства, дапамагае ім у поўным перажыванні гэтага сакрамэнту, нагадаў іерарх. Рух дапамагае ім быць праз асабісты прыклад сведкамі хрысціянскага сужэнства ў Касцёле і свеце.
Членам руху ў гэты дзень былі прадстаўлены новыя адказныя пары: Аліна і Максім Угорычы — пара, адказная за рэгіён Беларусь, а таксама пары, адказныя за сектары: Алена і Генадзь Манчынскія — пара, адказная за паўночны сектар, і Наталля і Сяргей Бобка — пара, адказная за паўднёвы сектар.
Свята працягнулася супольным праглядам фільма «15 імгненняў END», дзе распавядалася пра гады развіцця руху, пачынаючы ад заснавання і да сённяшняга дня. Фільм можна паглядзець на youtube-канале супольнасці:
Сем’і з Польшчы падзяліліся сваім сведчаннем жыцця і дзейнасці, а таксама запрасілі на сусветныя сустрэчы сем’яў, якія адбываюцца штогод. Цікавым было і сведчанне сем’яў, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілей сужэнства.
Былі выказаны віншаванні сем’ям, якія пражылі разам 5, 10, 15, 20 гадоў і г.д. Найвялікшы юбілей адзначыла сям’я, якая ў сужэнстве 40 гадоў.
Пасля супольнага пасілку святкаванне працягнулася казачнай рэаліці-пастаноўкай «Скарбы сямейнага жыцця», а таксама нацыянальнымі танцамі і гульнямі і забаўляльнай праграмай для дзяцей.
Вялікім падарункам для кожнай сям’і была кніга «У прысутнасці Бога» а. Анры Каффарэля, заснавальніка руху, якая змяшчае ў сабе 100 лістоў аб малітве і стане карыснай прыладай у пазнанні Бога для кожнага.
Натхнёныя Богам і сумесным прабываннем, сем’і раз’ехаліся па сваіх дамах, каб несці Божую праўду ў свет. Кожны дзень яны будуць яднацца ў супольнай малітве за сем’і ўсяго свету, а таксама духоўна злучаць свае просьбы аб беатыфікацыі слугі Божага а. Анры Каффарэля падчас сустрэчы ў сваіх суполках.
Суполкі Маці Божай Equipes Notre-Dame — міжнародны рух сужэнскай духоўнасці, галоўная мэта якога — спрыянне хрысціянскім сем’ям на шляху да святасці і дапамога ва ўзрастанні ў любові і веры.
Больш падрабязна пра рух можна даведацца ТУТ>>>
Даведкі па тэлефонах: velcom +375 44 719 82 43, life +375 25 926 25 86 (старонка суполкі Укантакце)