1 верасня папа Францішак абвясціў аб прызначэнні трынаццаці новых кардыналаў, сярод якіх арцыбіскуп з Літвы Сігітас Тамкявічус, былы палітычны вязень савецкага ГУЛАГу.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які рыхтаваўся да святарскага служэння і распачынаў яго ў Літве, падзяліўся з беларускай рэдакцыяй парталу Vatican News сваімі ўспамінамі пра новапрызначанага кардынала.
«Я ўпершыню пачуў пра нязломнага барацьбіта за свабоду веры і правы вернікаў ксяндза Сігітаса Тамкявічуса падчас вучобы ў Каўнаскай духоўнай семінарыі (1976–1981 гады). Ён быў рэдактарам падпольнай газеты „Хроніка літоўскага Каталіцкага Касцёла“, у якой друкаваліся матэрыялы пра пераслед вернікаў. Быў таксама адным з заснавальнікаў Камітэту абароны правоў вернікаў».
Арцыбіскуп Кандрусевіч узгадвае, што шырокі рэзананс у Літве і не толькі атрымаў яго арышт у 1983 годзе і зняволенне да 1988 года ў Пермскіх і Мардоўскіх лагерах, пасля чаго ён быў высланы ў Сібір, але неўзабаве вызвалены.
«Дзейнасць ксяндза Тамкявічуса набыла ўсеагульную павагу ў вернікаў Літвы. Ён стаў сапраўдным нацыянальным героем», — кажа беларускі іерарх.
«Памятаю, як падчас святкавання Вялікага Юбілею хрысціянства ў 2000 годзе ў Пермі быў арганізаваны міжрэлігійны Юбілей вязняў. На яго быў запрошаны і арцыбіскуп Мітрапаліт Каўнаскі Тамкявічус.
Мы наведалі лагер, які знаходзіўся побач таго, дзе ён быў зняволены ў 1980-х гадах. Іерарх распавядаў нам пра час у лагеры.
Ён разам з іншымі вязнямі працаваў на лесапавале. Было цяжка, але ў тайзе адчуваўся дух свабоды.
У апавяданнях арцыбіскупа не было ніякай злосці: ён проста канстатаваў факты. Гаварыў, што і сярод ахоўнікаў былі добрыя людзі, якія спачувалі і стараліся дапамагчы. Усе зняволеныя былі палітвязнямі, таму між імі існаваў дух салідарнасці.
У лагеры ён заставаўся святаром і выконваў па меры магчымасцяў свае святарскія абавязкі. Святую Імшу цэлебраваў, седзячы плячыма да дзвярэй, каб не бачыў ахоўнік. Замест келіха выкарыстоўваў далонь.
Такой была сістэма, з якой ён змагаўся і ў перамогу над якой унёс свой уклад», — падзяліўся арцыбіскуп Кандрусевіч сваімі ўспамінамі пра новага кардынала.
Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату заўважыў, што «адрынуты атэістычнай сістэмай „вораг народа“ і палітвязень сёння становіцца князем Касцёла».
Арцыбіскуп Сігітас Тамкявічус стаў першым кардыналам, прызначаным у краінах былога Савецкага Саюза ў трэцім тысячагоддзі: як падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI, так і за шэсць гадоў пантыфікату папы Францішка такога не адбывалася.
Арцыбіскуп Кандрусевіч лічыць, што гэта па-сапраўднаму гістарычная падзея.
«Новы літоўскі кардынал — гэта прызнанне заслуг не толькі Касцёла ў Літве, але і ў былым Саюзе, тым больш што Сігітас Тамкявічус шмат часу правёў як вязень у Расіі, а ў апошнія часы ездзіць туды, наведвае мясціны ссылкі, прымае ўдзел у розных набажэнствах і праводзіць рэкалекцыі», — дадаў ён.
«Ведаю яго як сціплага, простага, сяброўскага і адданага Богу і Касцёлу пастыра», — так ахарактарызаваў арцыбіскуп Кандрусевіч новага кардынала з Літвы і выказаў спадзяванне, што ён «будзе ранішняй зоркай на небасхіле Касцёла ў краінах былога СССР».