Пошук

05.09.2019 09:09   Catholic.by

Помнік 1000-годдзю Брэста. Фота: Belarus.by

У Пінскую дыяцэзію ўваходзяць дзве вобласці — Брэсцкая і Гомельская. Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка звярнуўся да жыхароў Брэстчыны са спецыяльным паведамленнем і запрашэннем на набажэнствы з нагоды 1000-годдзя горада Брэста, якое ўрачыста адзначаецца сёлета.

Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка
з нагоды святкавання 1000-годдзя горада Брэста

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Паважаныя жыхары горада Брэста і Брэсцкай вобласці!

Ад усяго сэрца я хачу скіраваць да вас словы віншавання з нагоды юбілею 1000-годдзя горада. Жадаю вам Божага благаслаўлення ў здзяйсненні высакародных намераў, моцнага духоўнага і фізічнага здароўя, непахіснай веры і сапраўднай любові. Няхай вамі апякуецца Божая Маці і святыя заступнікі беларускай зямлі.

Мы ўзносім Богу падзяку за дзесяць стагоддзяў існавання Брэста.

Якім быў гэты горад? З чаго ўсё пачыналася? Якія людзі тут жылі? Юбілей схіляе нас да роздуму над гісторыяй, да асэнсавання пройдзенага нашымі продкамі шляху. Заклікае нас да гэтага і Святое Пісанне, якое адным з першых у друкаваным выглядзе было выдадзена ў XVI стагоддзі менавіта ў Брэсце. Праз вусны прарока Ераміі Пан Бог запрашае нас: «Спыніцеся на шляхах вашых і разгледзьцеся, і запытайце пра шляхі старажытныя, дзе ёсць шлях добры, і па ім ідзіце…» (пар. Ер 6, 16).

Брэст упершыню ўзгадваецца на старонках старажытнага летапісу «Аповесці мінулых гадоў» пад 1019 годам як горад на тэрыторыі Кіеўскай Русі. У 1020 годзе Брэст быў здабыты польскім каралём Баляславам Першым. Праз некаторы час ён зноў трапіў пад кантроль кіеўскіх князёў. У часы феадальнай раздробленасці Брэст уваходзіў у склад Тураўскага, а потым Галіцка-Валынскага княстваў. У 1241 годзе горад над Бугам моцна пацярпеў ад нашэсця татараў, але быў адноўлены і працягваў развівацца.

Пачынаючы з ХІІІ стагоддзя, Брэст уваходзіў у склад нашай старажытнай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. Гэта быў першы беларускі горад, які ў 1390 годзе атрымаў Магдэбургскае права, гэта значыць права на самакіраванне. У 1554 годзе Брэст займеў свой герб. З 1566 года існавала Брэсцкае ваяводства.

Горад вядомы ва ўсім хрысціянскім свеце тым, што ў 1596 годзе тут была заключана Унія паміж католікамі і праваслаўнымі, якая праіснавала 243 гады да яе скасавання ў 1839 годзе, а потым зноў пачала адраджацца ў ХХ стагоддзі.

У XVII – XVIII стагоддзях Брэст неаднаразова цярпеў ад войнаў і пажараў. Тым не менш удары лёсу ніколі не зламалі волі яго жыхароў. У 1833 годзе тут пачалося будаўніцтва крэпасці. Цяжка знайсці чалавека, які б не ведаў пра подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці ў часы Другой сусветнай вайны.

З гісторыяй Брэста звязана таксама гісторыя нашай веры. Першая каталіцкая парафія вядомая тут з 1389 года. За стагоддзі ў горадзе над Бугам было пабудавана шмат святыняў, ахрышчаны многія тысячы людзей, узнесена да Бога бясконцае мноства малітваў.

У Брэсце актыўна дзейнічалі розныя каталіцкія манаскія супольнасці. Між іншым, тут працавалі дамінікане, якія мелі касцёл святой Сафіі, бэрнардынкі пры касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, бэрнардыны пры касцёле святога Яна Хрысціцеля, езуіты пры касцёле святога Казіміра, аўгусцінцы пры касцёле Святой Тройцы, трынітарыі пры касцёле святой Барбары, а таксама іншыя манаскія кангрэгацыі.

На жаль, многія святыні былі знішчаныя царскім рэжымам у ХІХ стагоддзі. Але вера жыхароў горада жыла. Нягледзячы на пераслед, асабліва ў савецкія часы, вера не згасла і змагла адрадзіцца.

Сёння ў Брэсце ёсць шэсць парафій, з якіх чатыры маюць свае парафіяльныя касцёлы.

Усё гэта сведчыць, што жыццё не спыняецца і ідзе наперад. А рашуча і адважна ісці наперад можна толькі тады, калі ідзеш Божым шляхам.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце. Фота: turizm.ru

Сёння ў некаторых людзей узнікае страх перад будучыняй. Але не трэба баяцца таго, што нас чакае. Святы Ян Павел ІІ у 1995 годзе, выступаючы ў сядзібе ААН, прамовіў такія словы: «Мы павінны перамагчы страх перад будучыняй. Яго нельга перамагчы інакш, як толькі дзейнічаючы разам».

Дарагія вернікі Брэста і ўсе людзі добрай волі, давайце не будзем забывацца, што мы — адна сям’я.

На нас ляжыць адказнасць за будучыню. Будзем дзейнічаць разам у імя пашырэння хрысціянскіх і агульначалавечых каштоўнасцяў, веры, надзеі і любові.

У адгартацыі Gaudete et Exsultate — «Радуйцеся і весяліцеся» — папа Францішак гаворыць пра важную ролю гістарычнай памяці ў нашым духоўным жыцці. «Малітва, — кажа Святы Айцец, — павінна быць заўсёды ўзбагачана памяццю». І далей заўважае, што малітва вытканая з нашых успамінаў. З успамінаў пра сваё жыццё, жыццё іншых асобаў і пра тое, што Бог зрабіў у сваім Касцёле (пар. Gaudete et Exsultate, 153).

Умілаваныя, па волі Божай Брэст прастаяў пад небам тысячу гадоў. За гэты час тут адбылося шмат падзеяў. Несучы ў сабе памяць пра мінулае, нам неабходна ў першую чаргу ўзнесці да Бога малітву падзякі за ўсе ласкі, якія Ён спасылаў гораду і яго жыхарам.

Хочам дзякаваць Яму за людзей, якія, як светачы, давалі нам прыклад хрысціянскага жыцця. Але таксама неабходна звярнуцца да Бога з малітвай перапрашэння за розныя праявы зла. Яны таксама былі. Трэба маліцца за ўсіх, хто ўжо спачыў. Трэба маліцца за жывых, асабліва за тых, хто па нейкай прычыне яшчэ не знайшоў свой шлях да Бога.

Тысячагадовы юбілей Брэста для кожнага з нас з’яўляецца заклікам да мабілізацыі духоўных сілаў. Будзем шанаваць сваю веру, будзем шанаваць хрысціянскую спадчыну. Як казаў вядомы беларускі дзеяч першай паловы ХХ стагоддзя ксёндз Адам Станкевіч:

«Хрысціянства — гэта вялікі наш скарб, які мы павінны берагчы як найбольш старанна і верна».

Богу падзяка за тысячу гадоў горада над Бугам. Гэты час — невычэрпная крыніца досведу. Няхай жа Марыя, Маці Божая Брэсцкая, Маці Выратавальніца, вядзе нас у новае тысячагоддзе гісторыі горада. Няхай новыя старонкі гісторыі будуць светлымі і напоўненымі справамі, што славяць Бога.

Хачу запрасіць усіх вас, браты і сёстры, на набажэнствы, якія адбудуцца ў Брэсце ў дні святкавання яго тысячагоддзя.

  • 6 верасня ў 19.00 адбудзецца благаслаўленне касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў мікрараёне Рэчыца і святая Імша падзякі за тысячу гадоў апекі Божага Провіду над горадам.
  • Цэнтральнае набажэнcтва ў межах святкавання адбудзецца 7 верасня ў 12.00 у галоўным гарадскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа, узначаліць яго біскуп Пінскі ў лучнасці з усімі вернікамі, святарамі і гасцямі, сабранымі ў гэтай святыні.

Таксама ва ўсіх іншых касцёлах горада ў гэты момант пад кіраўніцтвам мясцовых пробашчаў з удзелам парафіянаў будзе ўзнесена да Пана спецыяльная малітва падзякі за тысячу гадоў Брэста.

Запрашаю ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў да ўдзелу ў святочных набажэнствах. Няхай Пан Бог будзе праслаўлены за ўсе атрыманыя шчодрыя ласкі і напаўняе сваім благаслаўленнем жыхароў горада Брэста на далейшую дарогу жыцця.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскі

Пінск, 28 жніўня 2019 г.

Абноўлена 05.09.2019 12:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.