Пошук

02.09.2019 13:12   Тэкст і фота: Эла Дзвінская / Catholic.by

1 вераcня ў Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме было прадэманстравана факсімільнае ўзнаўленне самага велічнага выдання ХVI стагоддзя — Берасцейскай Бібліі. Фаліянт вагой 15 кілаграмаў уражвае сваім аб’ёмам у паўтары тысячы старонак, незвычайным гатычным шрыфтам, шматлікімі гравюрамі.

Выдаўцом яго выступіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі, мастацкую канцэпцыю і пераплёт выканаў выдавецкі дом «Сегмент». У аснову факсіміле лёг асобнік, які захоўваецца ў Торуньскім універсітэце. Ён належаў князю Багуславу Радзівілу.

Пра даследванне каштоўнага рарытэта мы пагутарылі з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, кандыдатам культуралогіі Алесем Сушам, які падрыхтаваў навуковы каментар да факсімільнага ўзнаўлення «Асэнсаванне шэдэўра».

— Спадар Алесь, праз Вашы даследванні і выставачную дзейнасць паступова разгортваецца ўсё больш глыбокае пазнанне Бібліі ў нашай краіне. Падарожжа па старонках Бібліі працягваецца. Кніга кніг захоўвала асноўныя рэлігійныя і этычныя парадыгмы, была падмуркам еўрапейскай цывілізацыі.

— На працягу многіх стагоддзяў Біблія была найбольш уплывовай маральнай крыніцай для светапоглядаў нашых продкаў, на ёй грунтаваліся літаратурна-мастацкія творы. У ХVI стагоддзі Біблія была адной з галоўных кніг. Але часцей гэта не быў увесь комплекс Святога Пісання пад адной вокладкай, а часткі Бібліі паасобку — кнігі існавалі асобным жыццём.

Да гуманістычнага перавароту Рэнэсансу і некалькі стагоддзяў пасля яго Біблія заставалася крыніцай ведаў і крыніцай веры, галоўнай кнігай чалавечай цывілізацыі, якая лучыла ўсіх разам.

Каля 10 гадоў таму мы распрацавалі рэестр нацыянальных кніжных помнікаў Беларусі па вяртанні іх у грамадскі, культурны і навуковы ўжытак. Рукапісы, якія нам хацелася вярнуць у арыгінале і на выставах, у факсімільных узнаўленнях былі, пераважна, творамі рэлігійнай літаратуры. Гэта былі біблейскія тэксты ў розным складзе: Псалтыры і Евангеллі. Намі былі ўзноўлены Тураўскае, Слуцкае, Полацкае Евангеллі і Біблія Скарыны, Берасцейская Біблія.

У перавыдадзеных намі факсімільна Букварах біблейскі кампанент таксама быў вельмі істотны. Поруч з вучэбнымі кампанентамі і малітвамі там прысутнічалі цытаты з Бібліі. Дзеці па іх вучыліся чытанню і пісьму. Біблія знаходзілася амаль ва ўсіх старажытных тэкстах: у хроніках і летапісах, напрыклад, у Баркалабаўскім летапісе. Але біблейская тэма замоўчвалася да нашага часу.

— На гэты раз Вы глыбока даследвалі Берасцейскую Біблію. Раскажыце, калі ласка, пра яе.

— Берасцейская, або Радзівілаўская Біблія — найпрыгажэйшае, найдаражэйшае і самая вялікае выданне Беларусі ХVI–ХVIII стагоддзяў. Навукоўцы заслужана называюць яе шэдэўрам эпохі Адраджэння. Гэта адзін з лепшых прыкладаў перакладу Бібліі на нацыянальныя мовы, выдатны твор перыяду еўрапейскай Рэфармацыі. З яе фактычна пачалося развіццё рэфармацыйнай біблеістыкі і экзэгетыкі ў Беларусі.

Берасцейская Біблія абудзіла інтэлектуальнае жыццё ў Беларусі і Літве, стала каталізатарам шырокай грамадскай дыскусіі. Гэта кніга на вякі праславіла месца яе стварэння і далучаных да яе стварэння дзеячаў культуры.

Выданне пабачыла свет 4 верасня 1563 года. Яна выходзіла па загадзе і на сродкі берасцейскага старасты, канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага. Верагоднымі рэдактарамі яе былі Цыпрыян Базылік і Станіслаў Мурмэліус. Упершыню кнігу падрабязна апісаў вядомы польскі і беларускі рэфармацыйны дзеяч Сымон Будны. На тэкст яе абапіраліся многія багасловы, гісторыкі і філолагі, якія грунтавалі на ёй свае развагі.

Наступныя спробы навуковага аналізу звязаныя з працамі айчынных гісторыкаў і бібліёграфаў: Юзафа Ярашэвіча, Яўхіма Лялевеля, Адама Кіркора, Уладзіслава Сыракомлі і іншых. У савецкі час Берасцейская Біблія вельмі рэдка ўзгадвалася ў айчынных публікацыях. І толькі з 80-х гадоў мінулага стагоддзя даследчыкі пачалі вельмі асцярожна разглядаць яе ў асобных аспектах. Сярод даследчыкаў можна назваць Віктара Шматава, Людмілу Іванову, Івана Саверчанку, Анатоля Грыцкевіча, Андруся Унучака і іншых.

Значна больш шырока дзейнасць Берасцейскай друкарні вывучалі польскія даследчыкі. Яны апублікавалі многія шырокія крыніцы, датычныя друкарні і Берасцейскай Бібліі. Значная роля ў разуменні гэтага выдання належыць расійскім, літоўскім і ўкраінскім кнігазнаўцам: Льву Уладзіміраву, Юрыю Лабынцаву, Міколу Нікалаеву, Ірыне Цікуновай, Дайве Нарбуцене і іншым. Відавочную значнасць помніка здолелі абгрунтаваць мастацтвазнаўцы, бібліёграфы, літаратуразнаўцы і мовазнаўцы, тэолагі і рэлігіязнаўцы.

Наспеў час для шматаспектнай ацэнкі Берасцейскай Бібліі ў кантэксце нацыянальнай і агульначалавечай культуры як помніка сусветнай значнасці.

У год тысячагоддзя Брэста склаліся найбольш спрыяльныя абставіны для глыбокага аналізу такой важнай у гісторыі горада з’явы, як Берасцейская Біблія.

Мы прыходзім да разумення значнасці нашых кніжных помнікаў праз падказку звонку. Для многіх беларусаў Берасцейская Біблія не ўспрымаецца як важная каштоўная частка нашай культуры. Напісаная па-польску лацінскім шрыфтам, яна выглядае не беларускай. Але беларуская культура заўжды была шматмоўнай і шматканфесійнай, і Берасцейская Біблія якраз вельмі дакладна гэта паказвае.

— Якія навуковыя і грамадскія ініцыятывы былі звязаныя з гэтым шэдэўрам кнігадрукавання?

— Асабліва варта адзначыць ініцыятыву брэсцкіх калег — Алы Мяснянкінай, якая ініцыявала канферэнцыю «Берасцейскія кнігазборы». Канферэнцыя вярнула Берасцейскую Біблію ў Беларусь і Брэст.

Да 450-годдзя Берасцейскай Бібліі ў 2013 годзе адбыўся міжнародны круглы стол. Брэсцкія даследчыкі стварылі цудоўны брэнд «Берасцейская Біблія. Берасцейскія кнігазборы». Яны запрасілі вядомых польскіх, украінскіх, расійскіх даследчыкаў. У Брэст прыязджаў Мікола Нікалаеў, прымаў удзел Вацлаў Валецкі і многія іншыя навукоўцы, якія зрабілі славу гэтай кнізе. Сёння на Беларусі існуе школа берасцейскай кніжнасці. Перад абласной бібліятэкай у Брэсце стаіць помнік Берасцейскай Бібліі. Адбыліся пастаноўкі п’есы «Біблія князя Радзівіла» ў Мінску і ў Брэсце. Мікалай Кузьміч зрабіў медаль у гонар Берасцейскай Бібліі, з’явіліся статуэткі з яе выявай, сувенірныя магніты. Берасцейская Біблія становіцца брэндам горада. Сёлета ў ліпені ўпершыню была прэзентаваная экскурсія «Брэст — горад Бібліі».

Першая шырокая прэзентацыя факсімільнага ўзнаўлення адбудзецца ў Брэсце ў першай дэкадзе верасня.

— Які ўплыў будзе мець новае выданне ў нашым грамадстве?

— Ёсць надзея, што выпуск Берасцейскай Бібліі істотна паўплывае на развіццё беларускай культуры сёння. Як выданне 1563 года было знакавай падзеяй і аказала ўплыў на грамадства, так і сёння факсімільнае ўзнаўленне мае арыентацыю больш на сучаснасць, чым на мінуўшчыну. Яго задача — паказаць нашым замежным сябрам, партнёрам і калегам, што наша культура мае багатыя традыцыі і нам ёсць чым ганарыцца — мы не проста другасны суб’ект на мапе свету, але актыўны ўдзельнік культурнага працэсу ад старажытнасці да нашых дзён.

Берасцейская Біблія прэзентуе нам сёння эпоху Рэфармацыі і эпоху Адраджэння. Гэты помнік сведчыць, што нашы продкі былі не тымі, хто ўспрымаў павевы звонку, але былі актыўнымі ўдзельнікамі гэтага працэсу.

Ідэя факсімільнага ўзнаўлення заключаецца ў тым, каб вярнуць памяць пра гэты помнік і звярнуць увагу на значнасць артэфакта як сімвала велічы Берасця, Беларусі, беларускай кніжнай культуры, бо гэта спраўдны шэдэўр паліграфіі ХVI стагоддзя. Сёння яна таксама з’яўляецца самай вялікай па памеры кнігай.

 

Абноўлена 02.09.2019 13:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.