Пошук

02.09.2019 14:42   Тэкст і фота: кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

1 верасня ў Бялынічах адбылося асвячэнне іконы Маці Божай Бялыніцкай, напісанай мастачкай Малгажатай Наваліньскай у Кракаве (Польшча).

Ахвярадаўцам копіі іконы, арыгінал якой лічыцца страчаным, з’яўляецца вялікі шанавальнік культу Маці Божай Бялыніцкай кс. прэлат Веслаў Кондзеля з Варшавы. Ахвярадаўцы вырабленай у Італіі драўлянай рамы для іконы — прадстаўнікі малітоўнага руху «Маргарытка» з Рубяжэвіч, Вілейкі і Мядзела.

Асвячэнне здзейсніў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB.

Святую Імшу канцэлебраваў таксама дэкан Магілёўскага дэканату кс. Віталій Маргуноў.

«Кожны чалавек, які глядзіць праз прызму веры на ўсе падзеі свайго жыцця, заўважае, што няма ў ім рэчаў выпадковых, — адзначыў біскуп падчас Імшы. — У гэты дзень, калі асвячаем копію абраза Маці Божай Бялыніцкай, бачым, што сённяшнія літургічныя чытанні вучаць нас пакоры. А хто з’яўляецца для нас найдасканалейшым прыкладам пакоры? У першую чаргу Езус Хрыстус, які прынізіў сябе, каб, будучы Богам, стацца чалавекам. А другая асоба — гэта Марыя, прыклад пакорнага следавання Божай волі».

«У сённяшнім фрагменце Евагелля Пан Езус выкарыстоўвае жыццёвую сітуацыю, каб даць Сваю навуку, — заўважыў іерарх. —

На прыкладзе вяселля Езус звяртае ўвагу, што бачыць у людзей схільнасць узвышацца над іншымі. Чаму дрэнна ўзвышацца над іншымі? Бо гэта крыўдзіць людзей, прыносіць боль, цярпенні, а нават прыніжэнне.

Езус, аднак, не толькі дае навуку, што нельга ўзвышацца над іншымі, але і паказвае, аб чым варта памятаць, калі прыходзіць спакуса.

Першая думка — гэта Яго словы: “Кожны, хто ўзвышае самога сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца”.

Прыклад Люцыфера вельмі яскрава паказвае, што той, хоча сябе ўзвысіць, будзе прыніжаны. У сваю чаргу прыклад шматлікіх святых, якія ў зямным жыцці часта былі ахвярамі ганенняў і неразумення, а цяпер ушаноўваюцца ва ўсім Касцёле.

 

 

Другая думка — словы Езуса: “Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе ў адказ не паклікалі”.

Усім вядомыя дзеянні вялікіх гэтага свету, якія, наладжваючы дабрачынныя прыёмы, запрашаюць такіх самых багатых людзей. Апошнія ў сваю чаргу спаборнічаюць у тым, хто больш нулёў напіша на чэку, каб пазней узаемна быць запрошанымі. Езус жа вучыць нас бескарыслівасці.

Трэцяя думка змяшчаецца ў словах: “Адплаціцца табе ў дзень уваскрасення справядлівых”. Мы павінны памятаць, што, калі робім усё бескарысліва, узнагароду нам дасць не чалавек, а Бог».

Абноўлена 03.09.2019 08:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця