Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
БОЖАЕ СЛОВА І КАТЭХІЗАЦЫЯ
Пастырскае пасланне на 2019–2020 катэхетычны год
«Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо гэты абавязак ускладзены на мяне. Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля»
(1 Кар 9, 16).
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, катэхеты, бацькі, бабулі і дзядулі, браты і сёстры!
1. На пачатку новага катэхетычнага года сардэчна вітаю вас гэтымі словамі святога апостала Паўла, у якіх выказаны наш абавязак абвяшчаць Божае слова людзям. Імі апостал народаў пацвярджае даручэнне Збаўцы, дадзенае апосталам перад сваім Унебаўшэсцем: «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам» (Мц 28, 19–20).
Абвяшчаць заўсёды жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12) — гэта заданне не толькі біскупаў, святароў і кансэкраваных асобаў, але таксама і ўсіх вернікаў. Дзякуючы сакрамэнту хросту, мы ўсе прымаем удзел у Хрыстовым святарстве. Прэзбітэры, моцаю сакрамэнту пасвячэння, прымаюць удзел у службовым святарстве, а свецкія, моцаю самога хросту — у агульным.
Таму быць хрысціянінам азначае быць носьбітам вучэння Хрыста і Яго сведкам.
Згодна са сваім абяцаннем быць з намі да канца свету (пар. Мц 28, 20), Езус застаецца ў сваім Касцёле ў сакрамэнтах і ў слове Божым. Таму кожны раз, калі мы прымаем удзел у сакрамэнтах, то асабіста сустракаемся з Хрыстом, а калі чытаем Святое Пісанне, то Езус праз Духа Святога прамаўляе да нас.
2. У Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium («Радасць Евангелля») папа Францішак падкрэслівае сувязь паміж евангелізацыяй і катэхізацыяй: «Вывучэнне Святога Пісання павінна быць даступным для ўсіх вернікаў. Вельмі важна, каб слова аб’яўлення радыкальна натхняла катэхезу і ўсе намаганні дзеля перадачы веры. Евангелізацыя патрабуе блізкасці з Божым словам, а гэта азначае, што дыяцэзіі, парафіі і ўсе касцёльныя супольнасці павінны прапанаваць сур’ёзнае і пастаяннае вывучэнне Бібліі, а таксама пашыраць яе малітоўнае чытанне, прыватнае і сумеснае» (EG 175).
Евангелізацыя вядзе да сустрэчы з Хрыстом як нашым Збаўцам, а катэхізацыя фармуе людзей у веры.
Калі вучні па дарозе ў Эмаўс размаўлялі паміж сабою аб тым, што здарылася ў Ерузалеме, то да іх далучыўся Езус і тлумачыў ім Святое Пісанне (гл. Лк 24, 13–35). Сучасны чалавек таксама адчувае вострую патрэбу кіраўніцтва ў веры на сваім жыццёвым шляху з мэтаю наследаваць Хрыста.
3. Усё жыццё чалавека — гэта вандроўка, якая распачынаецца ў маладосці, а маладосць — гэта старт у дарослае жыццё. Вядома, што добры старт з’яўляецца гарантыяй поспеху. Таму вельмі важна паказаць юнай асобе дарогу, па якой яна павінна ісці, а таксама тыя каштоўнасці, на якіх яна зможа пабудаваць сваю шчаслівую будучыню.
Гэта заданне Касцёла. У Беларусі апрацаваны і выдадзены дапаможнікі па катэхезе для ўсіх класаў.
Два гады таму выдавецтвам «Про Хрысто» быў выдадзены афіцыйны пераклад Новага Запавету на беларускую мову. На днях яно выдала «Новы Запавет для дзяцей і моладзі», падрыхтаваны таксама Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Гэта не звычайная кніга. Яна дапаможа маладым людзям лепш зразумець Божае слова і паспрыяе іх духоўнаму ўзрастанню, умацаванню іх веры і хрысціянскаму сведчанню.
Адметнасць гэтай кнігі ў тым, што ў ёй змешчаны не толькі тэкст Добрай Навіны, якую нам пакінуў наш Збаўца, але і каментары да яе, ілюстрацыі, дыдактычныя заданні, цікавая інфармацыя, якая знаёміць з жыццём, звычаямі, традыцыямі ў біблійныя часы, а таксама з важнымі постацямі той эпохі. Такая структура кнігі дазваляе юным чытачам больш свядома і з разуменнем карыстацца біблійным тэкстам і паглыбляць сваю веру.
Кніга «Новы Запавет для дзяцей і моладзі» з’яўляецца цудоўнай прыладай для евангелізацыі і катэхізацыі, дыдактычным дапаможнікам для святароў, кансэкраваных асобаў, катэхетаў, бацькоў і ўсіх тых, хто імкнецца заахвоціць дзяцей і моладзь чэрпаць духоўную падтрымку і хрысціянскія каштоўнасці са скарбніцы вучэння Хрыста.
Божае слова дапамагае хадзіць Божымі шляхамі.
4. Арганізацыя катэхезы для дзяцей, моладзі і дарослых — гэта асноватворнае пастырскае заданне кожнай парафіі як месца сустрэчы з Хрыстом. Катэхеза як навучанне і перадача веры не з’яўляецца толькі падрыхтоўкай да першай споведзі і святой Камуніі, а пастаянным узрастаннем у веры людзей кожнага ўзросту — дзяцей, моладзі і дарослых.
Моцна памыляецца той, што кажа, што першая святая Камунія — гэта канец катэхізацыі. Гэта пастаянны працэс.
Таму моладзь і дарослыя павінны працягваць працэс катэхізацыі паводле прынцыпу: «Век жыві — век вучыся».
5. Сёння мы дзякуем Богу за плён евангелізацыі і катэхізацыі. Касцёл на Беларусі дзякуе святарам, катэхетам, бацькам і вернікам, якія прысвячаюць сябе абвяшчэнню Божага слова і ўдзельнічаюць у навучанні і перадачы веры.
Увесь Касцёл — духоўныя асобы і свецкія — адказны за хрысціянскую фармацыю сваіх вернікаў.
5.1. Найперш гэта сям’я. Як хатні Касцёл яна павінна адчуваць адказнасць за каталіцкае выхаванне сваіх дзяцей.
Трэба схіліць галовы перад нашымі бацькамі, дзядулямі і бабулямі, якія ў часы ваяўнічага атэізму добра ведалі аб гэтым і не заставаліся пасіўнымі.
Дзякуючы ім, нягледзячы на атэістычную прапаганду, сем’і сталі месцам, дзе вера ў Бога і вернасць Касцёлу не толькі захавалася, але і была перададзена маладому пакаленню.
Ва ўсе часы сям’я была, ёсць і павінна быць першым месцам вывучэння і перадачы веры. Таму ў наш час секулярызму Касцёл звяртае на гэта вялікую ўвагу і стараецца найперш дапамагчы бацькам паглыбіць іх веру, каб яны самі маглі перадаць гэты дар сваім дзецям. Дзядулі і бабулі, а таксама блізкія таксама павінны быць адказнымі за працэс евангелізацыі і катэхізацыі і дапамагаць бацькам у гэтай настолькі важнай справе.
Таму, дарагія бацькі, выхоўвайце сваіх дзяцей у хрысціянскім духу і стварайце атмасферу сямейнай малітвы.
Гэтым самым вы будзеце перадаваць ім хрысціянскія сямейныя традыцыі, выхоўваць у іх духоўны погляд на жыццё і развіваць пачуццё прыналежнасці да парафіі.
Вы першыя настаўнікі вашых дзяцей. Таму вучыце іх найперш прыкладам свайго хрысціянскага жыцця, спалучанага са штодзённай малітвай і ўдзелам у нядзельнай і святочнай Эўхарыстыі. Чытайце разам з імі Святое Пісанне і рэлігійную літаратуру. Будзьце сведкамі сваёй веры ў штодзённым жыцці.
5.2. Галоўным катэхетам і настаўнікам веры ў парафіі з’яўляецца пробашч. Менавіта ён арганізуе працэс катэхізацыі дзяцей, моладзі і дарослых. Ён таксама адказвае за яго якасць. Таму пробашч перадусім павінен клапаціцца аб належнай катэхізацыі, каб дзеці, моладзь і дарослыя з дня на дзень узрасталі ў веры.
Святары павінны разам з катэхетамі мець план катэхізацыі, каб яна насіла сістэматычны характар з улікам менталітэту сучаснага чалавека і спосабаў перадачы ведаў. Таму неабходна выкарыстоўваць новыя метады навучання і хрысціянскай фармацыі, у тым ліку і сродкі камунікацыі.
Трэба звярнуць большую ўвагу і на сталую фармацыю катэхетаў — кансэкраваных асобаў і свецкіх. Лацінскі выраз кажа: Repetitio mater studiorum est — «Паўтарэнне — маці вучэння».
Ніхто не дзівіцца таму, што дзяржава арганізуе курсы павышэння кваліфікацыі спецыялістаў у розных сферах. Наша архідыяцэзія арганізуе спецыяльныя катэхетычныя канферэнцыі і сімпозіюмы з мэтай удасканалення катэхетаў. Пробашчы парафій павінны спрыяць удзелу катэхетаў у такіх мерапрыемствах.
Касцёл удзячны катэхетам — святарам, кансэкраваным асобам і свецкім. Без іх ахвярнай працы мы не мелі б тых вынікаў, якія маем. Але нельга жыць толькі мінулым. Неабходна ўдасканальвацца і рыхтаваць новых настаўнікаў веры і выхаваўцаў. Для гэтага існуе Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля. Заданне святароў — спрыяць духоўна і матэрыяльна падрыхтоўцы новых спецыялістаў і іх працы ў парафіях.
Самі катэхеты павінны быць людзьмі глыбокай веры, малітвы і хрысціянскага сведчання, бо толькі тады іх місія будзе плённай.
5.3. У працэсе евангелізацыі і катэхізацыі парафія таксама павінна займаць асаблівае месца. Вернікі не могуць быць пасіўнымі, бо, маўляў, святар, законнік, законніца ці катэхет усё выдатна зробяць. Мы ўсе адказныя за працэс перадачы веры і ўзрастання ў ёй, таму павінны прымаць актыўны ўдзел у ім, бо да гэтага пакліканыя.
Парафіяльная супольнасць адказная за духоўны стан кожнага яе члена. Развіццё парафіі і ў выніку ўсяго Касцёла залежыць ад таго, як вернікі будуць рэалізоўваць гэтае іх права і выконваць абавязак. Парафіяльная супольнасць павінна клапаціцца аб духоўна-маральным удасканальванні кожнага яе члена. Таму яна павінна стаць натхняльнікам нястомнай катэхізацыі і крыніцай яе актуалізацыі. Гэта азначае, што парафія павінна маліцца аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, а таксама да катэхетычнага служэння, каб у нас было дастаткова тых, хто абвяшчае Божае слова, перадае Божы дар веры і яго ўмацоўвае.
6. Усё вышэйсказанае нагадвае нам пра абавязак усёй парафіяльнай супольнасці — святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў — вельмі сур’ёзна ставіцца як да абвяшчэння Божага слова, так і да катэхізацыі. Разам з тым неабходна мець на ўвазе, што гэтыя працэсы шчыльна спалучаны паміж сабою і ўзаемадзейнічаюць. Калі святары, кансэкраваныя асобы і катэхеты перадаюць Божае слова і вучаць прынцыпам веры, то бацькі і свецкія вернікі павінны падтрымліваць гэты працэс сваім хрысціянскім сведчаннем.
Прыкладам для нас няхай будзе Марыя, якая прыняла Божае слова і разважала над ім у сваім сэрцы (гл. Лк 1, 26–38; 2, 16–21). Такім чынам яна дала магчымасць Богу ажыццявіць Яго план збаўлення чалавецтва.
Сёння звяртаемся да Цябе, Марыя: выпрасі для нас у свайго Сына Езуса Хрыста ласку прыняцця вечна жывога і актуальнага Божага слова (пар. Гбр 4, 12), якое вядзе да сустрэчы з Хрыстом і з якога нараджаецца вера (пар. Рым 10, 17). Дзякуючы нашаму супольнаму служэнню і сведчанню людзі, якія хочуць убачыць Езуса (пар. Ян 12, 21) і жыць згодна з Яго вучэннем, няхай атрымаюць такую магчымасць.
Суправаджай нас, Маці Божая, у гэтай адказнай місіі, каб мы глыбей пазнавалі вучэнне Твайго Сына, узрасталі ў веры і з радасцю перадавалі яе іншым, асабліва маладому пакаленню.
Давяраючы ўсіх вас Марыі, зорцы новай евангелізацыі і катэхізацыі, на гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, і Духа Святога.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 1 верасня 2019 г., ХХІІ звычайная нядзеля, Дзень ведаў
Тэкст паслання па-польску ТУТ>>>
Святарам належыць прачытаць гэтае Пасланне вернікам 8 верасня 2019 г., у XXIІІ звычайную нядзелю.