Пошук

14.10.2019 13:47   Тэкст: Kс. Юрый Марціновіч / Фота: Павел Леановіч / Grodnensis.by

У тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне 12 кастрычніка адбылася інаўгурацыя новага навучальнага года. На першы год навучання быў залічаны 21 чалавек з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Аб гэтым паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі grodnensis.by.

Навучанне ў каледжы адбываецца па дзвюх спецыялізацыях: катэхетыка (для жадаючых працаваць катэхетам) i агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса).

Інаўгурацыя пачалася ўрачыстай Імшой у капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Эўхарыстыю ўзначаліў у інтэнцыі ўсіх адказных за гэтую навучальную ўстанову ў Касцёле і ўсіх яе навучэнцаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Звяртаючыся да навучэнцаў, ён адзначыў, што дзякуючы вучобе ў гэтым каледжы яны становяцца больш свядомымі хрысціянамі, глыбей падрыхтаванымі да сустрэчы з пытаннямі і праблемамі, якія нясе сучаснасць.

«Няхай новы навучальны год будзе для вас дарам і заданнем, узбагачаючы Касцёл, бліжняга і вас саміх», — пажадаў іерарх.

Таксама ён падзякаваў кіраўніцтву і ўсім выкладчыкам каледжа за іх унёсак у падрыхтоўку будучых катэхетаў і адказных за лёс Касцёла і свету хрысціян.

Іерарх даручыў каледж, яго выкладчыкаў і навучэнцаў надзейнаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, i святога Казіміра, апекуна гэтай установы. Пасля Імшы навучэнцы атрымалі заліковыя кніжкі.

Тэалагічны каледж імя св. Казіміра ў Гродне атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю ў канцы жніўня 2018 года. Ён быў заснаваны на базе Катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі.

Галоўнай задачай каледжа з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі, a таксама пашырэнне ўласных гарызонтаў і рэлігійных ведаў навучэнцаў.

У каледжы можна атрымаць веды ў галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, касцёльнага права, дабрачыннасці, сямейнага жыцця, рэлігійных сродкаў масавай камунікацыі і іншых дысцыплін згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла.

Абноўлена 15.10.2019 09:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця