7 кастрычніка адбылася святая Імша з нагоды ўрачыстай інаўгурацыі 2019–2020 навучальнага года на першым курсе Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
На пачатку ўрачыстага мерапрыемства, у якім бралі ўдзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, а таксама рэктары духоўных семінарый у Гродне і Пінску кс. Віталій Вайцяхоўскі і кс. Андрэй Рылка, арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў радасць ад таго, што, нягледзячы на негатыўны ўплыў шматлікіх антырэлігійных тэндэнцый сучаснасці, усцяж знаходзяцца маладыя людзі, здольныя пачуць голас Пана, які кліча іх да святарства, і даюць на яго станоўчы адказ.
У прамоўленай гаміліі іерарх сказаў:
«Жніво беларускага Касцёла вельмі вялікае і патрабуе шмат работнікаў, а іх усё яшчэ мала.
Аднак апошнія два гады, калі заўважна павялічылася колькасць тых, хто паступіў на першы курс духоўнай семінарыі, даюць новую надзею, што колькасць працаўнікоў на жніве беларускага Касцёла павялічыцца»,— адзначыў арцыпастыр.
Ён нагадаў, што семінарысты, якія сёлета паступілі на першы курс, распачынаюць доўгі працэс фармацыі.
«Не проста вучобы, да якой малады чалавек прызвычайваецца ў школе ці ўніверсітэце, а менавіта фармацыі, якое ахоплівае чатыры вымярэнні: чалавечае, духоўнае, інтэлектуальнае і пастырскае», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Сучасны святар, па словах пастыра Мінска-Магілёўскага Касцёла, павінен быць адпаведна і рознабакова падрыхтаваны да выканання сваёй місіі ў сучасным свеце, дзе перад чалавекам стаіць шмат нябяспечных выклікаў. Ён павінен умець своечасова чытаць знакі часу і імгненна адказваць на іх.
«Затрымка можа прывесці да трагедыі», — перасцярог будучых святароў і іх фарматараў іерарх.
Ён параўнаў жыццё чалавека з пілігрымкай, і калі ў ёй людзям не будзе спадарожнічаць святар, то яны застануцца без духоўнай апекі і могуць заблукаць.
«Калі мы своечасова не адкажам на надзённыя пытанні, якія турбуюць сучаснага чалавека, то цягнік жыцця адыдзе без нас і мы застанемся адны на пустой платформе. А ў цягніку людзі, якія патрабуюць нашай духоўнай дапамогі. Калі нас там няма, то яны застануцца без яе», — зазначыў арцыпастыр.
Ён звярнуў увагу і на тое, што інаўгурацыя навучальнага года для першага курса Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі невыпадкова распачынаецца ў свята Маці Божай Ружанцовай.
Ружанец — гэта адна адна з найбольш папулярных малітваў ва ўсім Касцёле, у тым ліку і ў Беларусі.
«Гэта не што іншае, як скарот Евангелля, бо ў ёй мы разважаем пра прыйсце ў свет Збаўцы, Яго жыццё, вучэнне і цуды, якія Ён здзейсніў, пра Яго цярпенні і крыжовую смерць, а таксама пра Уваскрасенне як знак перамогі над грахом і смерцю, і, нарэшце, пра ўзвелічэнне Марыі ў нябеснай хвале.
Дзякуючы ружанцовай малітве цэлыя пакаленні хрысціянаў пазнавалі веру, захоўвалі яе і перадавалі маладому пакаленню ў часы ганенняў. Ружанец у тыя часы быў школай хрысціянскай фармацыі людзей.
Сёння Касцёл вуснамі сучасных Пантыфікаў заклікае да гэтай малітвы і вучыць, што яна — не перажытак мінулага, а сучасная рэчаіснасць.
Дзякуючы ружанцовай малітве мы становімся як быццам сучаснікамі Хрыста, бо разважаем над Яго жыццём», — адзначыў арцыбіскуп, дадаўшы, што ружанцовая малітва ўваходзіць у абавязковую праграму духоўнай фармацыі будучых святароў.
«Памятаю, як у Каўнасскай духоўнай семінарыі ў савецкія часы акрамя традыцыйнай штодзённай ружанцовай малітвы абавязковай была і малітва жывога Ружанца. Кожны месяц аб’яўлялася асаблівая інтэнцыя, у якой маліліся семінарысты. Гэтая практыка так моцна ўвайшла ў маё жыццё, што і сёння я яе не пакідаю», — падзяліўся сваім асабістым сведчаннем любові да Ружанца Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт.
З гэтай нагоды ён засяродзіў увагу прысутных на агульным значэнні духоўнай фармацыі будучых святароў.
«Святара часта называюць духоўным або нават „святым“ айцом, і так павінна быць, бо ён вядзе людзей да духоўнай дасканаласці і да святасці. Але ніводзін чалавек не зможа гэтага зрабіць, калі сам не з’яўляецца такім. Калі мы чагосці не маем, то не можам даць іншым. Гэта відавочна.
Падобна і з духоўным жыццём. Калі святар сам не вядзе духоўнага жыцця, то не зможа паказаць дарогі да духоўнай дасканаласці людзям. А людзі вельмі хутка распазнаюць нас і ацэньваюць паводле сваіх крытэрыяў. Лацінскі выраз кажа: Vox populi — vox Dei (Голас народа — гэта голас Бога). Людзі хочуць бачыць у нас не „аўтаматы“, якія машынальна цэлебруюць сакрамэнты, а тых, хто дзейнічае ад імя Езуса.
Нядаўна з’явілася інфармацыя пра тое, што прадстаўнікі пэўнай рэлігіі стварылі „святара-аўтамат“, якія дае інструкцыі людзям. Мы жывем у эпоху тэхнічнай рэвалюцыі і ўсё больш функцый у вытворчым працэсе выконваюць запраграмаваныя робаты, што змяншае кошт прадукцыі.
Аднак такая практыка непрыдатная для духоўнага жыцця.
Людзі хочуць бачыць духоўнага лідара і шукаць дапамогі ў таго, хто жыве Евангеллем і вучэннем Касцёла, а не раздае гатовыя адказы паводле закладзенай рабатызаванай праграмы. Развіваецца штучны інтэлект, але ніхто і нішто не заменіць Хрыста, які дзейнічае праз святара», — сцвердзіў іерарх.
Акрамя таго, ён падкрэсліў, што духоўная фармацыя непарыўна звязаная з фармацыяй чалавечай, інтэлектуальнай і пастырскай.
«Чалавечая фармацыя вядзе да сталай асабістай чалавечнасці і жыцця ў братэрстве. Інтэлектуальная фармацыя праз вывучанне гуманітарных навук, філасофіі і тэалогіі вядзе да лепшага разумення свету, а таксама таямніцы Хрыста і Касцёла. Пастырская фармацыя рыхтуе да абвяшчэння Евангелля сучаснаму свету, які жыве так, як быццам Бога няма. Сэрцам жа духоўнай фармацыі з’яўляецца жыццё ў еднасці з Хрыстом», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Паводле яго, цэнтральным пунктам духоўнай фармацыі з’яўляецца ўдзел у штодзённай Эўхарыстыі, штодзённыя малітвы паводле раскладу дня, сярод якіх ружанцовая малітва і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, рэкалекцыі, рэгулярная споведзь, чытанне Святога Пісання і духоўнай літаратуры, размовы з духоўным айцом і іншыя аскетычныя практыкаванні, якія і ў ХХІ стагоддзі не страцілі сваёй актуальнасці.
Арцыпастыр зазначыў, што сучасны свет перажывае крызіс малітвы, з якім звязаны крызіс духоўнасці.
«На малітву трэба глядзець як на дыханне. Каб жыць, неабходна дыхаць, бо дыхаючы, мы даем доступ кіслароду ў наш арганізм, без якога немагчымае жыццё. Але чалавеку таксама патрэбны і духоўны кісларод, які мы атрымліваем у малітве. Таму каб жыць духоўна, неабходна маліцца», — параўнаў малітву з жыццёва важнай функцыяй прамоўца.
Пры гэтым ён зазначыў, што маліцца бывае нялёгка, асабліва калі сучасны свет не прызнае каштоўнасці малітвы і замест яе прапануе штосьці зусім іншае, што не дае чалавеку развівацца духоўна. Таму, на думку арцыбіскупа, неабходна вучыцца малітве, аб чым Езуса прасілі таксама апосталы.
На заканчэнне гаміліі ён падаў семінарыстам і фарматарам наступны ўзор святара:
«Святар — гэта перадусім чалавек малітвы, які праслаўляе Бога. Яе практыкаванне выпрацоўваецца ў штодзённым імкненні да адзінства з Богам.
Той, хто навучыўся маліцца, будзе імкнуцца да святасці і належным чынам выканае свае пастырскія абавязкі, бо яго „духоўны акумулятар“ заўсёды будзе зараджаны».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў семінарыстам належным чынам выкарыстаць час ласкі, якім з’яўляецца семінарыйная фармацыя, у тым ліку і духоўная, каб належным чынам падрыхтавацца да будучага святарскага служэння, сутнасць якога заключаецца ў тым, каб быць Alter Christus — другім Хрыстом.