30 верасня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне з удзелам Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прайшла цырымонія інаўгурацыі, або ўрачыстага распачацця новага навучальнага года.
Цырымонія і святая Імша ў Міждыяцэзіяльнай семінарыі сабрала студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў і высокіх гасцей.
Прысутнічалі пастыры трох беларускіх дыяцэзій, чые кандыдаты рыхтуюцца да святарства ў гэтай вышэйшай духоўнай навучальнай установе: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Удзел у цырымоніі ўзялі таксама выпускнік і былы рэктар Гродзенскай семінарыі біскуп Юзаф Станеўскі, святары, кансэкраваныя асобы і рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка.
Усіх сабраных ад імя міждыяцэзіяльнай семінарыйнай супольнасці прывітаў ксёндз рэктар Віталій Вайцяхоўскі.
«Факт таго, што кожны год маладыя людзі прымаюць рашэнне распачаць фармацыю ў гэтай духоўнай навучальнай установе, сведчыць пра тое, што наша грамадства не згубіла хрысціяскіх арыенціраў у жыцці», — зазначыў святар.
Пасля выступу рэктара ксёндз Ян Раманоўскі, прэфект семінарыі, прадставіў справаздачу за мінулы навучальны год.
Традыцыйна адбылася інаўгурацыйная лекцыя, якую сёлета прачытаў кс. Валерый Марціноўскі, выкладчык Святога Пісання ў семінарыі, які зусім нядаўна абараніў доктарскую дысертацыю па біблійнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.
Вялікі канцлер Міждыяцэзіяльнай семінарыі біскуп Аляксандр Кашкевіч у сваім слове звярнуў увагу на тое, што семінарыя павінна быць духоўнай прасторай, якая заахвочвае маладых людзей да распазнання свайго паклікання, умацавання ў ім і дасягнення адпаведнай сталасці.
«Каб семінарыя змагла выканаць такую важную і адказную задачу, неабходна супрацоўніцтва ўсіх, хто стварае семінарыйную супольнасць: рэктара, прэфектаў, выхаваўцаў і мадэратараў, выкладчыкаў і духоўных айцоў, а таксама семінарыстаў, якія свядома і добраахвотна супрацоўнічаюць з выхаваўцамі ў духу паслухмянасці, сумленнасці, даверу і адказнасці за ўласнае пакліканне», — падкрэсліў іерарх.
Цырымонія інаўгурацыі навучальнага года завяршылася ўручэннем студэнцкіх білетаў і заліковых кніжак навучэнцам першага курса, якія толькі распачынаюць вучобу ў семінарыі.
Аб поспехах у новым навучальным годзе прысутныя маліліся на святой Імшы ў семінарыйнай капліцы, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У прамоўленай гаміліі кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату перадусім звярнуў увагу на тое, што новы акадэмічны год у Міждыяцэзіяльнай семінарыі распачынаецца ў дзень успаміну святога Гераніма — доктара Касцёла, вялікага знаўцы і перакладчыка Святога Пісання.
Арцыпастыр заахвоціў семінарыстаў браць прыклад з гэтага вялікага святога перадусім у яго поўнай адданасці Езусу. Калі сэрца не будзе з’яднана з Хрыстом у любові, усе добрыя намеры застануцца без плёну і могуць нават прынесці зло, перасцярог іерарх.
Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў студэнтаў, якія вывучаюць у семінарыі старажытныя і сучасныя замежныя мовы, не адступаць перад цяжкасцямі, нават калі вучоба «не даецца». У якасці падбадзёрвання ён прывёў словы святога Гераніма:
«Як было цяжка! Як часта я хацеў усё кінуць! Але распачанаў нанава і нанава! Цяпер дзякую Богу за плён, які мне ўдалося атрымаць з малога зярнятка».
Старшыня ККББ нагадаў, што святарства — гэта не прафесія, а пакліканне.
«Працэс падрыхтоўкі да святарства называецца не „навучаннем“, як ва ўніверсітэце, а фармацыяй, якая павінна быць усебаковай: чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастырскай.
Касцёл, які мае вельмі багаты досвед фармацыі святароў, стараецца падрыхтаваць душпастыраў, якія, па словах Святога Айца Бэнэдыкта XVI, найперш павінны быць спецыялістамі ў тым, што датычыцца сустрэчы чалавека з Богам».
Божае слова арцыпастыр завяршыў скіраваным семінарыстам пажаданнем:
«Няхай час падрыхтоўкі да святарства будзе адказам на пытанне „Дзе наша сэрца?“, каб дзякуючы працэсу фармацыі, асабліва вывучэнню Бібліі, яно было з Езусам. А калі будзе з Ім, то Ён, які распачаў у вас добрую справу, сам яе паспяхова завершыць».