«Імяніны» парафіі, як часам называюць парафіяльную адпустовую ўрачыстасць, адзначылі 25 жніўня вернікі касцёла ў Рочавічах. Маці Божая Чэнстахоўская, тытул якой носіць парафія, сабрала ва ўтульнай святыні, дзе душпастырскую апеку жыхарам вёскі нясуць браты францішкане з Івянца, мясцовых вернікаў і шматлікіх гасцей.
Адметна, што святкаванне адбылося роўна праз сем гадоў пасля кансэкрацыі святыні біскупам Антоніем Дзям’янкам, якая адбылася ў 2012 годзе.
Тады будынак старога дзіцячага садка намаганнямі мясцовага пробашча а. Леха Баханэка OFMConv быў ператвораны ў Божы дом на радасць вернікам, якім даводзілася збірацца на малітву ў суседніх Варапаях, Рубяжэвічах ці Івянцы.
Францішканская прысутнасць у Рочавічах мае доўгую гісторыю. Хроніка івянецкага кляштара прыгадвае, як у 1939–1941 гг. благаслаўлёны Ахілес Пухала катэхізаваў дзяцей і моладзь у гэтай мясцовасці, прыязджаючы туды на ровары ці матацыкле.
Сёлетнюю ж адпустовую ўрачыстасць, без сумневу, можна назваць святам рочавіцкай парафіі.
Падчас святой Імшы, якую цэлебраваў дырэктар Сatholic.by кс. Аляксандр Улас, вернікі мелі магчымасць паразважаць над гісторыяй жыцця Маці Божай, прыгледзецца не толькі да прыгожых, але і да складаных момантаў Яе жыцця. «Думаеце, Марыі ўсё лёгка ўдавалася? Што Яе Сын — Бог — мог без клопату, цудам усё за Яе вырашыць?» — ставіў правакацыйныя пытанні прапаведнік, каб пасля засяродзіць увагу на Марыі як прыкладзе трываласці, надзеі і вернасці ў штодзённых цяжкасцях для сучаснага хрысціяніна.
Сярод запрошаных на свята гасцей не магло не быць і прадстаўнікоў «Радыё Марыя» ў Беларусі на чале з яго дырэктарам кс. Аляксандрам Фаміных, які заахвоціў прысутных слухаць і падтрымліваць гэты евангелізацыйны праект.
Святкаванне скончылася, але няхай Маці Божая, Каралева Беларусі і Ордэну францішканаў, і далей атуляе сваёй апекай Рочавічы і ўсю нашу Бацькаўшчыну.