Пошук

26.08.2019 10:13   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

25 жніўня, як і штогод у апошнюю нядзелю жніўня, у старажытнай капліцы ў вёсцы Выгаляненты, што ў вішнеўскай парафіі святога Юды Тадэвуша Смаргонскага дэканату (Гродзенская дыяцэзія), адзначылі адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных.

На гэтых землях даўняга Віленскага краю здаўна жылі пераважна католікі — пабожныя людзі, шчыра адданыя Нябеснай Матулі.

Драўляная капліца пад тытулам Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных была пабудавана ў 1767 г. на паўночнай ускраіне вёскі. Зямлю для пабудовы капліцы ахвяравалі мясцовыя землеўладальнікі: паны Невяровічы і Абрамовічы.

Сакральная пабудова была адноўлена ў першай палове XIX ст. і прыпісана да вішнеўскай парафіі Свірскага дэканату. З 1864 г. да 1919 г., калі дзейнасць парафіі пасля паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага была забаронена царскімі сатрапамі, капліца адносілася да касцёла ў Нястанішках.

У 1929 г. старажытную капліцу адрамантавалі. Гэта характэрная для класіцызму пабудова: прамавугольная ў плане з трохграннай алтарнай часткай, перакрытая двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром, галоўны фасад вырашаны як чатырохкалонны порцік. У інтэр’еры, перакрытым плоскай падшыўной столлю, усталяваны драўляны алтар у выглядзе порціка з падвоенымі калонамі. Над уваходам зроблены хоры.

У алтары змешчаны абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных, які лічыцца цудадзейным.

Абраз напісаны ва ўсходнім стылі Элеуса — «Замілаванне», і вельмі нагадвае ікону Маці Божай Шкаплернай з Гудагая. Марыя з замілаваннем трымае на руках Дзіцятка Езуса, які пяшчотна туліцца да Яе абедзвюма ручкамі і даверліва прыціскаецца шчакою да шчакі Матулі. Абраз «апрануты» ў срэбныя з пазалотай шаты, а вакол змешчаны шэраг вотаў.

У 80-я гады мінулага стагоддзя хараство драўлянай капліцы схавалася пад белай сілікатнай цэглай, якой абклалі будынак. Калі б не крыж і маленькая вежачка-сігнатурка над уваходам, у ёй з цяжкасцю можна было б пазнаць сакральную пабудову.

Тым не менш вернікі з усяго наваколля вельмі любяць сваю маленькую святыню і штогод збіраюцца тут, каб ушанаваць Маці Божую Суцяшальніцу Засмучаных у Яе цудадзейным абразе з Выгалянентаў.

Частка з іх з крыжам напераде ідзе ў капліцу пешкі. Выходзячы з парафіяльнага касцёла ў Вішневе, людзі па дарозе спяваюць рэлігійныя песні і затрымліваюцца пры кожным прыдарожным крыжы, каб праславіць Збаўцу кароткай малітвай. Гэтая невялікая пілігрымка даўжынёю каля дзесяці кіламетраў з’яўляецца ўнікальнай мясцовай традыцыяй, якую пераймае і захоўвае не першае пакаленне вішнеўскіх вернікаў.

З вёсак, якія знаходзяцца з супрацьлеглага боку парафіі, вернікі прыязджаюць на роварах, утвараючы такім чынам своеасаблівую велапілігрымку. Яны таксама па дарозе моляцца, дзеля чаго пэўны час ідуць пешкі, ведучы ровары побач, і спыняюцца на малітву каля прыдарожных крыжоў.

Сёлетні фэст сабраў у Выгалянентах каля сотні вернікаў, пераважна старэйшага ўзросту. На пачатку ўрачыстасці пробашч вішнеўскай парафіі кс. Антоні Казлоўскі сардэчна прывітаў усіх прысутных, і асаблівым чынам святароў, якія прыбылі ў Выгаляненты: ксяндза Юрыя Церабея з Крэва, ксяндза Уладзіслава Сурвілу з Войстама і аднаго з найстарэйшых святароў Гродзенскай дыяцэзіі ксяндза Здзіслава Ведэра SDB са Смаргоні, які ўзначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі.

Пасля заканчэння святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, і ўсе прысутныя памаліліся Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі перад цудатворным абразом. Эўхарыстычную працэсію вакол капліцы ўзначаліў ксёндз Уладзіслаў Сурвіла, які на заканчэнне благаславіў усіх удзельнікаў урачыстасці Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

…З прасветленымі тварамі, памаладзелыя душою і сэрцам, вярталіся яны ў свае дамы, забіраючы з сабою як найкаштоўнейшы падарунак Божае благаслаўленне і ласкавы позірк Нябеснай Маці, Суцяшальніцы ў кожным смутку.

Абноўлена 28.08.2021 12:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа