Пошук

21.08.2019 10:36   Тэкст і фота: Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by

18 жніўня св. Імшой і вернісажам завяршыўся Пяты мастацкі пленэр, які праходзіў у старадаўнім бэрнардынскім кляштары ў Друі (Віцебская дыяцэзія).

Зорак беларускага жывапісу прытуліла да сябе на дзевяць дзён памежная Друя. Мастацкі пленэр стаў значнай культурнай падзеяй не рэгіянальнага, а нацыянальнага маштабу. Творчы форум на Браслаўшчыне прыцягнуў увагу цэлай плеяды прафесійных прадстаўнікоў мастацкага Алімпу нашай краіны.

На працягу дзевяці дзён Друя і яе наваколлі ператварыліся як быццам у адну вялікую мастацкую майстэрню пад голым небам, у розных куточках якой удзень мастакі пісалі, а вечарам збіраліся разам і дзяліліся ўражаннямі ад убачанага і перажытага, што станавілася натхненнем для творчасці.

Падчас пленэру было створана больш за 130 палотнаў розных кірункаў сучаснага жывапісу: ад рэалізму да авангардызму і сімвалізму.

Кожны творца па-свойму ўбачыў Друю і яе вулачкі, пейзажы, касцёл, кляштар, людзей. Стыль, спосаб пісьма і тэхніка жывапісу ўдзельнікаў пленэру ў кожнага творцы свой, адметны.

Апошнім мазком у стракатым палатне пленэру, што прыцягнуў аматараў мастацтва і гасцей з розных месцаў нашай краіны, стаў вернісаж у мурах сярэднявечнага бэрнардынскага кляштара. Мастакі прадставілі на ім як скончаныя працы, так і мноства эскізаў.

Магчыма, яны з часам ператворацца ў паўнавартасныя карціны, якія ўпрыгожаць прыватныя зборы жывапісу і музейныя калекцыі.

Мастацкая палітра ўдзельнікаў была прадстаўлена ў вельмі шырокім дыяпазоне: Аляксандр Грышкевіч, Аляксандр Даманаў, Кастусь Качан, Уладзіслаў Пятручык, Таццяна Карпачова, Кацярына Говен, Таццяна Кандраценка, Дар’я Сумарава-Копач, Павел Хадаровіч, Яўген Шадко і іншыя.

У Друі мастакі не толькі стваралі новыя шэдэўры.

Жывучы ў кляштары, яны мелі магчымасць паглыбіць сваю асабістую духоўнасць дзякуючы канферэнцыям і набажэнствам, непасрэдным дыялогам са святаром, які знаходзіўся заўсёды побач.

Асноўная мэта пленэру, які ўжо ў пяты раз ладзіўся ў старажытных мурах друйскага кляштара — дыялог рэлігіі і мастацтва, будаўніцтва мастоў, пошук супольнай гамы, дэталізацыя адценняў сумоўя.

Абноўлена 21.08.2019 12:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця