Пошук

20.08.2019 10:58   Тэкст: Яўген Хаданёнак / Фота: кс. Ян Глінка / Catholic.by

18 жніўня сотні пілігрымаў, пераважна моладзь, вырушылі з Баранавічаў і Бярозы ў санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне, што на Піншчыне.

Першая пілігрымка з Баранавічаў выйшла ў год каранацыі папскімі каронамі цудадзейнага абраза Палескай Мадоны ў 1997 годзе, а ў 2004 годзе ўпершыню стартавала пешая пілігрымка з Бярозы.

Гэтыя духоўныя вандраванні для вернікаў з многіх парафій Пінскай дыяцэзіі, асабліва для каталіцкай моладзі, становяцца асаблівай нагодай для сумеснага сведчання аб веры і абвяшчэння Евангелля на прасторах беларускага Палесся.

На працягу чатырох дзён, з 18 па 21 жніўня, пілігрымы перажываюць своеасаблівыя рэкалекцыі ў дарозе. Вырваўшыся з віру штодзённых заняткаў, вандроўнікі з малітвай і спевам ідуць да Маці Божай праз розныя мясцовасці, становячыся адначасова сведкамі веры і любові да Бога.

Кожны вечар пілігрыма — гэта час асаблівай супольнай малітвы, дзялення радасцю веры падчас адарацый Найсвяцейшага Сакрамэнту ў касцёлах, размоваў з вернікамі, якія прымаюць на начлег, удзячнасці Богу за атрыманыя ласкі.

21 жніўня ўдзельнікі пілігрымак з Баранавічаў, Бярозы і Целяханаў збяруцца разам у лагішынскім санктуарыі, каб ушанаваць Маці Божую Каралеву Палесся.

У гэты дзень у лагішынскай святыні распачнуцца ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы Палесся, Апякункі Пінскай дыяцэзіі.

 
Абноўлена 20.08.2019 12:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа