Пошук

06.08.2019 14:45   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Павел Адамовіч / Catholic.by

2 жніўня з гродзенскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі вырушыла XVIII пешая пілігрымка ў санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі, якая сёлета праходзіла пад дэвізам «Сям’я: дар і абавязак, надзея чалавецтва» і завяршылася 4 жніўня ўрачыстасцю з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне ўзначаліў таксама святую Імшу на пачатку пілігрымкі, падчас якой маліўся ў інтэнцыі ўсіх пілігрымаў, каб гэты шлях умацаваў іх у веры і любові да Бога і Яго Касцёла.

Як паведамляе сайт Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, біскуп Кашкевіч папрасіў пілігрымаў, каб яны памяталі ў сваіх малітвах аб Гродзенскай дыяцэзіі:

«Маліцеся аб новых і шматлікіх пакліканнях да служэння ў Касцёле. Агарніце сваімі малітвамі таксама ўсе нашы сем’і, каб яны былі моцнымі Богам», — заклікаў іерарх.

У пілігрымцы бралі ўдзел прадстаўнікі розных пакаленняў вернікаў з Гродзенскай дыяцэзіі, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай дыяцэзіі, а таксама з замежжа.

3 жніўня ўвечары санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі напоўнілі шматлікія вернікі, якія прыбылі на сёлетнія ўрачыстасці, у тым ліку і ўдзельнікі дзвюх пешых пілігрымак — з Гродна і з Мастоў.

Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што, прыходзячы ў санктуарый Пана Езуса Журботнага, гледзячы на цудатворную фігуру, якая прадстаўляе бічаванага Езуса, чалавек павінен задумацца над сваім жыццём.

Урачыстасці ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Пана Езуса Журботнага ў Росі завяршыліся цэлебрацыяй урачыстай святой Імшы, якую ў нядзелю 4 жніўня ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Сёлета ў санктуарыі асабліва маліліся ў інтэнцыі сем’яў нашай краіны.

Таксама прасілі Езуса Журботнага, каб кожная сям’я ў сваім доме стварала адпаведны клімат, што спрыяла б нараджэнню новых і шматлікіх пакліканняў да служэння ў Касцёле.

У прамоўленым Божым слове пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заўважыў, што ў гэтым месцы на працягу стагоддзяў выходзіць на сустрэчу з чалавечай слабасцю і немаччу наш Збаўца і робіць гэта ў яскравым знаку — фігуры, якая прадстаўляе Яго як Журботнага.

«Выгляд Езуса засмучанага, церпячага, прыніжанага, поўнага вялікага болю, як фізічнага, так і духоўнага, нагадвае нам пра таямніцу Яго мукі», — зазначыў іерарх.

На заканчэнне гаміліі біскуп Кашкевіч звярнуўся да ўсіх вернікаў з заклікам так выхоўваць свае сэрцы, каб яны ніколі не былі закрытымі для Божага слова, не занядбоўвалі духоўных спраў, не давалі сябе зняволіць матэрыяльным дабротам гэтага свету.

На заканчэнне ўрачыстасці кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч падкрэсліў, што санктуарый у Росі для многіх людзей стаў прытулкам у штодзённым вандраванні праз жыццё; што многія наведваюць яго цэлымі сем’ямі, каб адчуць на сабе позірк Хрыста.

Абноўлена 06.08.2019 16:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця