Пошук

05.08.2019 12:56   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

4 жніўня парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Данюшаве (Смаргонскі дэканат) наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які ўзначаліў урачыстасці з нагоды 210-годдзя асвячэння парафіяльнага касцёла і 30-годдзя вяртання забранай святыні католікам.

Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел шматлікія вернікі з усяго наваколля, а таксама ганаровыя госці: кс. Юзаф Занеўскі SDB, пробашч катэдральнага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве, Біскупскі вікарый Паўночнага рэгіёну Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юзаф Багдзевіч, дэкан Астравецкі, святары і вернікі з суседніх парафій.

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Данюшаве быў заснаваны ў 1483 годзе ўладальнікамі маёнтка Саковічамі. Старажытная святыня не захавалася, і ў 1809 годзе на сродкі Марціна Кліманскага на ранейшым месцы быў пабудаваны новы драўляны касцёл з рысамі барока і класіцызму.

Асвяціў касцёл пад гістарычным тытулам завілейскі дэкан кс. Антоні Багіленскі, і з таго часу Данюшава стала самастойнай парафіяй.

Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады зачынілі святыню. Культавыя прыналежнасці выкінулі на вуліцу, каштоўныя рэчы вывезлі ў Смаргонь, а астатняе спалілі. Данюшаўцам удалося выратаваць абраз Маці Божай (без шатаў), срэбранага голуба і Ягнятка, якое і сёння знаходзіцца над алтаром. Будынак касцёла быў прыстасаваны пад збожжасховішча, сцены святыні «абраслі» гаспадарчымі прыбудовамі.

У 1970-я гады будынку нададзены статус помніка архітэктуры, а ў 1989 г. святыню вярнулі вернікам.

Паколькі вяртанне забранай святыні адбылося ў свята Перамянення Пана, цяпер данюшаўцы адзначаюць з гэтай нагоды свой другі парафіяльны фэст.

Радасны настрой на пачатку святкавання стварыла выступленне народнага калектыву «Крынічанька» са Смаргоні. Свята вёскі спалучана з адзначэннем гадавіны вяртання касцёла — адной з найбольш значных падзеяў у жыцці мясцовага насельніцтва.

Працягнулася ўрачыстасць у касцёле, дзе цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Божае слова прамовіў айцец Казімір Мараўскі, кармэліт з Гудагая.

У гаміліі святар звярнуў увагу на два цудоўных перамяненні. Сведкамі першага з іх — Перамянення Пана на гары Табор — сталі толькі трое выбраных апосталаў, а сведкамі другога перамянення, калі зняважаная святыня зноў стала велічным Божым домам, сталі ўсе жыхары Данюшава і наваколля.

І не проста сведкамі, а непасрэднымі ўдзельнікамі гэтай святой справы даў ім ласку стаць міласэрны Бог!

Айцец Казімір Мараўскі OCD таксама нагадаў цудоўную гісторыю, звязаную з рэлігійным жыццём мясцовых вернікаў. Падчас рабавання данюшаўскай святыні савецкімі злодзеямі адной пабожнай жанчыне ўдалося ўратаваць абраз Маці Божай. Рызыкуючы трапіць пад пераслед з боку змагароў з верай і Касцёлам, яна з пашанаю зберагала святыню ў сваім доме.

Бог не пакінуў без узнагароды такую адданасць і руплівасць: падчас страшэннага пажару, які знішчыў практычна ўсю вёску, толькі дом, у якім захоўвалася святая выява з зачыненага касцёла, застаўся непашкоджаным сярод папялішчаў.

«Гэта Марыя сваім матчыным плашчом атуліла яго ад знішчальнага вагню», — падкрэсліў прапаведнік.

На заканчэнне ўрачыстасці душпастыр данюшаўскай парафіі кс. пробашч Уладзіслаў Сурвіла шчыра падзякаваў усім мясцовым вернікам, чыімі малітвамі і намаганнямі ўдалося вярнуць і аднавіць касцёл у Данюшаве, а таксама ўсім гасцям на чале з біскупам Кашкевічам, якія ў гэты дзень сваім удзелам падзялілі і памножылі радасць мясцовых парафіянаў.

 

Абноўлена 05.08.2019 13:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.