
Напярэдадні свята Перамянення Пана Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе вернікам сваё слова.
Свята Божай хвалы
Голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце».
(Мц 17, 5)
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце Пану!
Сёння, 6 жніўня, Каталіцкі Касцёл адзначае Перамяненне Пана — свята Божай хвалы на гары Табор. Гэта адзін з тых выключных момантаў у літургічным календары, які пранікае ў самую сутнасць хрысціянскай веры, з’яўляецца нагодай для глыбокага роздуму пра прыроду Бога і чалавека.
Перамяненне Пана мае глыбокія карані як ва ўсходніх, так і ў заходніх хрысціянскіх традыцыях. Свята з’явілася на Усходзе яшчэ ў VI стагоддзі, у Каталіцкім Касцёле ў многіх краінах адзначалася з ХІ ст., афіцыйна ж устаноўлена Папам Калікстам III у 1456 годзе.
Перамяненне Пана на гары Табор — гэта не толькі падзея, якая адкрывае праўду пра Хрыста, Сына Божага, але яна таксама адкрывае праўду пра кожнага чалавека. Сузіранне вучнямі перамененага, прамяністага аблічча Езуса сведчыць пра два фундаментальныя аспекты нашай чалавечай ідэнтычнасці. Першы аспект — мы былі створаны «па вобразу Божаму», гэта значыць, што ў кожным з нас ёсць зерне Божай дабрыні, прыгажосці і праўды, і што мы носім гэтае зерне ў сабе, нават калі жыццёвыя падзеі ці нашае ўласнае самаўспрыманне сцерлі бачны след гэтага. Другі ж аспект заключаецца ў тым, што кантэмпляцыя, сузіранне — гэта значыць удзел усім сэрцам, — паўнаты гэтай Боскай дабрыні, прыгажосці і праўды з’яўляецца нашым глыбокім жаданнем, якое толькі Створца можа задаволіць. Аднак Святло з гары Табор, якое ўбачылі і адчулі вучні, не з’яўляецца фіналам, а толькі пачаткам таямніцы, якую павінен споўніць Езус.
У аповедах пра перамяненне Пана, якія падаюць нам евангелісты Мацвей, Марк і Лука, запісаныя звесткі пра гэтую незвычайную падзею, падчас якой твар Езуса заззяў, як сонца, а Яго адзенне стала белым, як святло. Гэтае здарэнне, хоць незвычайнае і нялёгкае для зразумення, было важным момантам для вучняў Хрыста — Пятра, Якуба і Яна. У іх прысутнасці Хрыстус размаўляў з Майсеем і Іллёй, дзвюма вялікімі постацямі Старога Запавету. Менавіта гэты факт сімвалізаваў пераход ад Старога да Новага Запавету.
Голас з неба, які сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце» (Мц 17, 5), — гэта цэнтральны элемент тэафаніі, аб’яўлення Бога. У перамяненні Езуса адкрываецца Яго боская прырода, а таксама надзея на вечнае жыццё. Гэта момант адкрыцця, у якім вучні павінны былі ўбачыць у Езусе не толькі Настаўніка, але і Сына Божага.
Святы Тамаш Аквінскі лічыць перамяненне «вялікім цудам», паколькі яно дапаўняе хрост і паказвае дасканаласць жыцця на нябёсах. Перамяненне — адна з пяці галоўных вехаў у евангельскім аповедзе пра жыццё Езуса, сярод якіх таксама ёсць хрост, укрыжаванне, уваскрасенне і ўнебаўшэсце. У 2002 годзе Папа Ян Павел II у Апостальскім лісце Rosarium Virginis Mariae далучыў да ружанцовых разважанняў таямніцы святла, якія ўключаюць у сябе таямніцу перамянення Пана. У хрысціянскім вучэнні перамяненне з’яўляецца паваротным момантам, а падзея на гары Табор прадстаўлена як тая выключная падзея, дзе чалавечая прырода сустракаецца з Богам: месца сустрэчы часовага і вечнага, дзе Езус, як праўдзівы чалавек і праўдзівы Бог, служыць своеасаблівым мостам паміж небам і зямлёй. Хрысціяне лічаць перамяненне выкананнем старазапаветнага месіянскага прароцтва аб тым, што Ілля вернецца пасля свайго ўваскрашэння (гл. Мал 4, 5-6 ). Папа Бэнэдыкт XVI тлумачыць, што падчас сыходжання з гары Езус даў магчымасць апосталу Пятру зразумець: лёс Месіі — гэта перадусім час крыжа, а святло перамянення тоеснае святлу Хрыстовай Мукі.
Езус перамяніўся на вачах сваіх вучняў, але адначасова забараніў ім гаварыць пра гэта. Здаецца, калі б вучні адразу распавялі пра перамяненне Пана, то зрабілі б вельмі моцнае ўражанне на многіх людзей, якія пайшлі б за Езусам. Але Езус патрабуе не гаварыць пра перамяненне да моманту Яго ўваскрасення. Тут, як тлумачаць тэолагі, Езус мае на ўвазе сваё другое перамяненне. Пасля ўваскрасення Хрыстус з’явіцца сваім вучням другі раз, перамяніўшыся, поўны святла. Аднак будзе пэўная розніца. Тады Хрыстус пакажа ім свае перамененыя раны, якія стануць для вучняў крыніцай перамены іхніх сэрцаў — «Ранамі Яго мы аздароўлены» (пар. Іс 53, 4-5). Езус сёння быццам бы хоча сказаць сваім вучням: «Не кажыце сёння пра Маё перамяненне; пачакайце, пакуль Я пакажу вам Мае перамененыя раны. Тады расказвайце, і вы ўбачыце сілу, якую маюць гэтыя словы…»
Для нас, хрысціянаў, Перамяненне Пана — гэта напамін пра вечнае жыццё і пра нашае ўваскрашэнне, якія з’яўляюцца мэтаю кожнага верніка. Сімвалізм гэтага свята багаты і шматгранны. Прысутнасць прарокаў Майсея і Іллі азначае заканчэнне пэўнага перыяду і пачатак новай эпохі — эпохі ласкі і збаўлення. Размова з імі на гары Табор сведчыць пра тое, што ў Езусе спраўдзіліся прароцтвы Старога Запавету. Гэта Ён — прадказаны прарокамі Месія, які прыйшоў, каб з’яднаць народ Божы з Айцом.
У Пасланні да Габрэяў мы чытаем, што вера — гэта зарука таго, на што мы спадзяемся, і доказ таго, чаго мы не бачым. Праз веру нашы продкі атрымалі сведчанне (пар. Гбр 11, 1-2). Вера адрозніваецца ад ведаў тым, што яна прадугледжвае таямніцу пра рэальнасць, якую мы не бачым, але да якой мы скіроўваемся з надзеяй. Таму веры нікога немагчыма навучыць. Пра веру можна толькі сведчыць. Святы Ян Павел II неаднаразова паўтараў, што сёння нам патрэбныя не настаўнікі, а сведкі. Мы таксама ў сваім жыцці ў значнай ступені абапіраемся на сведчанні веры нашых бацькоў і продкаў. Менавіта дзякуючы ім захаваліся вера і традыцыі. Пра важнасць сведчання ў сям’і нядаўна гаварыў Папа Леў XIV: «Святы муж, святая маці садзейнічаюць таму, што святасць квітнее вакол іх, у іх сем’ях, у іх атачэнні. Бо ззянне святасці нясе на сваіх хвалях Хрыстовы дар суцяшэння і падтрымкі, якога мы так прагнем, вядзе да таго канчатковага спакою, што настане ў абдымках Нябеснага Айца». Езус таксама хацеў даць сваім найбліжэйшым вучням сведчанне пра сябе, каб умацаваць іх у веры.
На гары Табор Езус таксама дае сваім Апосталам прадчуванне неба, гэта значыць той рэальнасці, якую Ён ім абвяшчаў і якую Ён рэалізуе праз сваю муку і ўваскрасенне. Неба — гэта не толькі месца, адкуль прыйшоў Езус і куды Ён вернецца, але і прызначэнне кожнага, хто ў Яго верыць. Гэты вобраз неба, напэўна, быў неверагодна прыгожым і захапляльным, калі апостал Пётр прызнаўся: «Добра нам тут быць».
Гара Табор — гэта «месца» для насычэння сэрца верай і надзеяй. Гэта таксама «момант» захаплення і святой боязі перад падзеямі, якія пераўзыходзяць чалавечае разуменне. Аднак гэтая гара не з’яўляецца месцам, дзе можна паставіць шацёр і затрымацца надоўга. У нашым цяперашнім, зямным стане гэта месца прыпынку, дзе мы можам набрацца сіл і ўпэўненасці ў падарожжы, якое разам з Настаўнікам вядзе нас у Ерузалем.
Езус перамяніўся не для таго, каб зрабіць нейкае неверагоднае ўражанне на сваіх вучняў. Гэтым незвычайным знакам Ён хацеў паказаць вучням, а таксама і нам, што ўсім патрэбна перамена, бо мы яшчэ не дасягнулі таго стану, каб прамянець святасцю.
Нам усім патрэбна перамяненне. Толькі Бог можа здзейсніць гэтае аднаўленне ў кожным з нас, але Ён чакае нашага «ўзыходжання на гару». Што ж гэта за ўзыходжанне? Чытанне слова Божага, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, кожная хвіліна малітвы — гэта менавіта такое «ўзыходжанне ў вышыню», «акунанне ў воблака» Божай прысутнасці. Вось чаму варта чуваць на малітве, старацца быць на гэтай асаблівай «сувязі» з Богам, які заўсёды, у кожны момант вольны менавіта для мяне і для цябе. Малітва — гэта не тое, што мы даем Богу, хоць і патрэбна для яе пэўнае намаганне. Малітва з’яўляецца прывілеем, — так, як прывілеем было тое, што Езус узяў Пятра, Якуба і Яна на гару Табор.
Неба — гэта не толькі нашае месца прадвызначэння, але і мэта нашага падарожжа. Езус паказвае нам шлях. Мы павінны разам з Ім сысці з гары Табор на пакручастую дарогу паўсядзённага жыцця, каб дазволіць Яму весці нас на Галготу. Такое пакліканне нашага жыцця, і сам Бог Айцец вызначае яго для нас. Паказваючы на Езуса, Ён кажа: «Гэта Сын Мой умілаваны. Яго слухайце». Шлях паслухмянасці Езусу і вернага выканання Божай волі дае гарантыю, што вобраз неба на гары Табор стане калісьці рэальнасцю і спаўненнем нашых самых глыбокіх прагненняў. Галоўнае каб мы, верныя Езусу да канца, ідучы з Ім аж на Галготу, змаглі ўсклікнуць на небе: «Настаўнік, добра нам тут быць!»
Працягваецца Юбілейны год хрысціянства, год надзеі, сэнс якога, як падкрэсліў Яго Святасць Леў XIV, «стаць часам ласкі, калі да кожнага чалавека вяртаецца яго годнасць. Надзея — гэта не проста лозунг, а святло, якое здабываецца вялікай працай. Уваскрослы Езус звярнуўся да напалоханых і расчараваных вучняў: «Супакой вам!» Хрыстус знайшоў апосталаў за зачыненымі дзвярыма, прынёс ім супакой, прабачэнне і ўдыхнуў у іх Духа Святога, які ёсць дыханнем Бога… Езус працягвае прыходзіць і сёння, часта праз людзей, якія бачаць годнасць у іншых, нават калі ўсе забыліся пра яе. Езус можа даць нам новае жыццё. Ён — наша надзея! У гэты Юбілейны год надзеі Хрыстус заклікае нас да адзінства, каб мы сталі “сапраўдным жывым прыкладам — святлом надзеі ў сучасным свеце”» (паводле папскіх аўдыенцый 26.06.25 і 25.07.25).
Браты і сёстры! Няхай жа любоў і супакой Пана атуляць кожнага з вас, вашыя сем’і, усіх, хто пакутуе ад той ці іншай хваробы, знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі ці перад няпростым выбарам. Няхай Пан падбадзёрыць усіх нас, каб мы не баяліся перамяніцца ў годных дзяцей Божых.
Няхай благаслаўленне Усемагутнага Бога + Айца, Сына і Духа Святога сыдзе на вас і застанецца з вамі заўсёды.